Погляд

Чаму ў вучняў няма пытанняў да Лукашэнкі?

Валянцін Сыч  •  2010-10-27

Каментароў: (0) A / A Змяніць шрыфт
“Не расстанусь с комсомолом, буду вечно молодым”, — пад такім дэвізам прайшла сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з удзельнікамі акцыі “Пытанне прэзідэнту”.

Гэтую кампанію БРСМ ладзіў увесну. Аднак сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з удзельнікамі акцыі адбылася толькі 22 кастрычніка.

Цікава, што вучні не надта імкнуліся турбаваць кіраўніка краіны сваімі пытаннямі. Як паведамляла ў красавіку “Еўрарадыё”, школьнікі баяліся браць удзел у згаданай акцыі. Пра гэта распавяла берасцейская настаўніца, вучні якой казалі: “Калі б можна было падпісаць пытанне псеўданімам, мы б шмат пра што спыталіся. А раптам нас пасадзяць?”

Тых, хто не спужаўся задаць пытанне Лукашэнку, набралося менш за 3 тысячы.

“Гэта крайне мала, улічваючы, што акцыяй ахапілі ўсе школы краіны, — піша ў сваім блогу журналіст Глеб Лабадзенка. — Плюс калі ўлічыць, што БРСМ хваліцца, што ў іх больш за 500 тысяч членаў. Атрымліваецца, пытанне задаў толькі кожны 166-ты? Я думаю, і гэта хлусня. Паездзіўшы па краіне (якраз калі праходзіла гэтая акцыя), я спецыяльна заглядаў з ліхтарыкам на мабільніку ў кожную скрынку. Пус-та-та! Дзеці баяліся пісаць — "ці мала што". Выглядае, што і гэтыя 3000 (калі яны, зразумела, ёсць) пісаліся пад дыктоўку настаўнікаў”.

На карысць гэтай версіі сведчыць і тое, што ўдзельнікі акцыі размеркаваліся па краіне неаднародна. Амаль палова пытанняў (44%) прыйшла з Віцебскай вобласці. Гэта ў 3,5 разу больш, чым з Мінска (13%) і ў 9 разоў больш, чым з Гарадзеншчыны (5%)! Выглядае, што тамтэйшыя ідэолагі шчыравалі значна лепш за сваіх калег з іншых рэгіёнаў.

Урэшце 60 найбольш надзейных вучняў прывезлі да Лукашэнкі, а той распавёў пра сваё бачанне нашай “светлай будучыні”.

Галоўная радасць напаткала дзяўчынак. Кіраўнік дзяржавы паведаміў, што яны павінны нарадзіць, прынамсі, па тры дзіцяці. Аб тым, каму павінны, Лукашэнка не ўдакладніў. Затое чарговы раз паабяцаў, што сем’і, у якіх будзе “4-5 дзяцей”, дзяржава заахвоціць бясплатнай кватэрай. Раней, у 2006 годзе, такія абяцанкі даваліся бацькам, якія наважацца мець траіх дзяцей. Дэвальвацыя...

Таксама Лукашэнка давёў, што жанчынам давярае больш, чым мужыкам, бо першыя больш адказныя, больш акуратныя і менш карумпіраваныя. (Цікавае назіранне, калі спраецыраваць яго на самога кіраўніка дзяржавы.)

Хлопцам жа Лукашэнка параіў абавязкова прайсці праз войска. “Я не ўяўляю і не разумею, што гэта за малады чалавек, які не паслужыў у войску. У войску трэба служыць, калі хочаш быць сапраўдным мужыком”, — лічыць першая асоба дзяржавы.

Але ж галоўным “універсітэтам” у жыцці Лукашэнкі быў камсамол. Той арганізацыі, паводле кіраўніка Беларусі, былі ўласцівы і бязглуздзіца, і фармалізм, і іншыя грахі. Таму вельмі цікавае наступнае прызнанне прэзідэнта: “Гады, праведзеныя ў камсамоле, для мяне проста так не прайшлі. Калі б я не працаваў у камсамоле ў свой час, то, мабыць, і не стаў бы прэзідэнтам…”.

Шмат чаго яшчэ пачулі прысутныя з вуснаў Лукашэнкі. Але па-за межамі той аўдыторыі большасць маладых ставіцца досыць скептычна да падобных акцый. Цікава, што сярод тых, хто задаваў пытанні Лукашэнку, 88% былі школьнікамі, 8% — навучэнцамі сярэдніх спецыяльных устаноў і толькі 4% — студэнтамі. Такі расклад можна патлумачыць, прыгадаўшы анекдот тых часоў, калі на аднай шостай частцы сушы панавалі КПСС ды камсамол:

“На занятиях по политинформации Вовочка читает стихотворение собственного сочинения.

А у нас намедни кошка

Родила троих котят.

Котята подросли немножко,

И двое в партию хотят.

— Отлично, Вовочка! — говорит учительница. — Но почему только двое хотят в партию?

— А третий уже прозрел...

Валянцін СЫЧ

Каментароў: (0) Раздрукаваць Уверх
НОВЫ КАМЕНТАР
Малюнак CAPTCHA

ЯШЧЭ АРТЫКУЛЫ ГЭТАЙ РУБРЫКІ

Погляд

свежы нумар

Adobe PDF Reader

Для чытання газеты ў фармаце
pdf Вам спатрэбіцца “PDF reader”

З сайта па нітцы

АРХIў САЙТА

АПЫТАННЕ

Беларуская літаратура - гэта:

Усяго прагаласавалі: 17

58%: кнігі, напісаныя па-беларуску.
 
0%: кнігі, напісаныя беларускім аўтарам па-руску.
 
41%: кнігі, напісаныя беларускімі аўтарамі, незалежна ад мовы.
 
Архіў апытанняў
СПАСЫЛКI