Грамадства

Ці выключаць з універсітэта за цыгарэту

Люстра дзён  •  2010-09-15

Каментароў: (0) A / A Змяніць шрыфт
Не так даўно быў абнародаваны загад Міністэрства адукацыі Беларусі “Аб арганізацыі работы па прафілактыцы тытунекурэння ва ўстановах адукацыі”. Згодна з дакументам, цяпер усе ўстановы адукацыі і сумежныя з імі тэрыторыі аб’яўлены “зонамі, свабоднымі ад курэння”.

Як вядома, кожны сам робіць выбар — курыць або не курыць. Таму “Тут і цяпер” паспрабавала разабрацца, ці не парушае міністэрскі загад правы чалавека.

Выкладчыкі будуць курыць у кабінетах?

Былы прарэктар Белдзяржуніверсітэта кандыдат хімічных навук Анатоль Паўлаў сам не курыць. І кажа, што яму не падабаюцца жанчыны і дзяўчаты з цыгарэтамі. Але пры гэтым Анатоль Васільевіч лічыць, што аднымі забаронамі і загадамі праблему курэння вырашыць нельга.

“У прынцыпе, зараз ва ўсім свеце, нават у самых дэмакратычных краінах ідзе барацьба з тытунекурэннем, — разважае Паўлаў. — Гэта тэндэнцыя сённяшняга часу. У беларускім грамадстве ўсе пытанні спрабуюць адрэгуляваць адным метадам — жорсткай забаронай. Я згодны з тым, што можна забараніць курыць там, дзе курыльшчыкі перашкаджаюць іншым. Напрыклад, я сам не цярплю тытунёвага дыму і не хачу, каб на мяне дымілі. Мне непрыемна, калі нехта курыць на дзіцячых пляцоўках. Але я разумею, што некаторым цяжка ў адзін момант адмовіцца ад гэтай звычкі. Значыць, павінны быць абсталяваны адпаведныя месцы для курэння. Ведаю, што ў некаторых ВНУ яны былі, а цяпер, відаць, давядзецца іх дэманціраваць, бо ёсць адпаведны загад. Я лічу гэта глупствам.

Ёсць іншы красамоўны прыклад. Як вядома, у нас даволі вялікія штрафы для тых, хто парушае правілы дарожнага руху. Але што, гэтыя сумы некага спыняюць? Не, як ліхачылі, так і ліхачаць. У нас не вельмі выхаванае грамадства. Так і тут: хто курыў, той, на мой погляд, і будзе курыць. Тым больш, калі не памыляюся, у загадзе не прапісаны канкрэтныя меры ўздзеяння на тых, хто ўсё ж такі дыміць у “зоне, свабоднай ад курэння”.

ДАРЭЧЫ

На сайце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі ўжо вісіць аб’ява “для студэнтаў, выкладчыкаў і супрацоўнікаў”: “Курэнне ў навучальных карпусах, на ганку навучальных карпусоў і сумежнай тэрыторыі ўніверсітэта (да 50 м ад навучальных карпусоў) ЗАБАРОНЕНА!”

Цяпер прарэктараў ВНУ і іншых адказных асоб прымусяць рабіць справаздачы, і кожны будзе шукаць выйсце. Але гэта будзе звычайная кампанейшчына.

Барацьба з тытунекурэннем павінна не быць паказальнай. Яна павінна весціся на высокім дзяржаўным узроўні, з прыцягненнем сродкаў масавай інфармацыі, і пачынаць яе трэба не са студэнтаў, а з малых дзяцей. Наскокам гэтую праблему не вырашыць.

У часы майго прарэктарства таксама выдавалі ўсялякія загады на тэму курэння. І што? Тады забаранялі курыць у кабінетах. Дык некаторыя выкладчыкі, якія не маглі адмовіцца ад цыгарэты, проста зачынялі свой кабінет, адчынялі акно і спакойна курылі. І хто лавіў? Так і зараз. Калі раней выкладчык мог пайсці ў курылку і спакойна пакурыць, то цяпер ён будзе вымушаны хавацца ў кабінеце. Каму гэта трэба? І хто будзе кантраляваць такіх выкладчыкаў? Рэктар? А калі ён таксама курыць?

Яшчэ пытанне: якія меры пакарання будуць прымацца ў адносінах да тых, хто курыць на тэрыторыі, сумежнай з навучальнай установай? Калі студэнт граматны, то ён будзе ведаць усе юрыдычныя моманты, якія абараняюць яго правы. Загад выдаць можна, але што далей?

Карацей, пакуль больш пытанняў, чым адказаў. Хаця, падкрэсліваю, я сам вялікі праціўнік курэння. Як хімік я добра ведаю, наколькі гэта шкодна для арганізма. Але кожны робіць свой выбар. Таму лічу, што змагацца з гэтай дрэннай звычкай трэба, але не такімі метадамі, як гэта робіць цяперашні міністр адукацыі”.

Умяшанне ў прыватнае жыццё?

Вядомы юрыст, праваабаронца і былы суддзя Гары Паганяйла апошні раз курыў больш за сорак гадоў таму.

“Я рос у дзіцячым доме, і пачынаючы прыкладна з 2-3 класа мы збіралі акуркі для сваіх старэйшых сяброў, а тыя круцілі з іх цыгаркі, — узгадвае Гары Пятровіч. — Канешне, мы прасілі ў іх “зацягнуцца”. Я пачаў курыць у раннім дзіцячым узросце і рабіў гэта амаль да 19 гадоў. Але недзе ў 16 год я рэзка абмежаваў колькасць цыгарэт, бо актыўна заняўся прафесійным спортам. Але, шчыра кажучы, пакурваў. Напрыклад, калі ў нейкай кампаніі быў, дзе курылі, альбо калі настрой быў трывожны. Перад арміяй, каб канчаткова кінуць курыць, я набыў два пачкі цыгарэт і накурыўся да таго, што мяне стала рваць. Пасля гэтага не выкурыў ні адной цыгарэты. І не куру ўжо больш за 40 гадоў. Кінуў раз і назаўсёды”.

Гары Паганяйла лічыць, што загад Міністэрства адукацыі мае чыста маральны характар.

“Такія загады ў першую чаргу павінны быць скіраваны на тое, каб не курылі ў памяшканнях навучальных устаноў, — выказвае сваё меркаванне юрыст. — А на свежым паветры людзі могуць курыць. Валявымі рашэннямі, загадамі прымушаць людзей не курыць — гэта ўжо ўмяшанне ў прыватнае жыццё. Чалавек сам вырашае, што рабіць. Таму ўмяшанне высокіх чыноўнікаў у гэтую сферу ўжо ёсць парушэнне правоў чалавека. Курэнне — гэта звычка. Яе нельга адмяніць ці ліквідаваць адміністрацыйным шляхам. На мой погляд, гэты загад можна абскарджваць, бо, па сутнасці, ён з'яўляецца неканстытуцыйным: само курэнне не забаронена і не з'яўляецца грамадскім правапарушэннем.

Я згодны з тым, што можна забараніць курыць у кафэ і рэстаранах, шпіталях, іншых лячэбных установах, навучальных установах, але на свежым паветры — не. Тэрыторыя вакол ВНУ, сапраўды, ахоўваецца, адміністрацыя падтрымлівае на ёй парадак, але пытанні курэння на паветры не павінны так жорстка рэгламентавацца”.

АФЫЦЫЙНА

Як напісана ў загадзе, у сувязі з тым, што ўстановы адукацыі і сумежныя з імі тэрыторыі аб’яўлены “зонамі, свабоднымі ад курэння”, неабходна “ўнесці змены ў правілы ўнутранага распарадку і іншыя прававыя дакументы, якія рэгулююць іх дзейнасць; практыкаваць дзяжурствы маладзёжных атрадаў аховы правапарадку, добраахвотных грамадскіх дружын, патрулёў з ліку педагагічных работнікаў і бацькоў на тэрыторыях, сумежных з установамі адукацыі; забяспечыць правядзенне комплексу прафілактычных і прапагандысцкіх мерапрыемстваў у рамках штогадовай рэспубліканскай акцыі “Беларусь супраць тытуню”.

Марына МІТ

Каментароў: (0) Раздрукаваць Уверх
НОВЫ КАМЕНТАР
Малюнак CAPTCHA

ЯШЧЭ АРТЫКУЛЫ ГЭТАЙ РУБРЫКІ

Погляд

свежы нумар

Adobe PDF Reader

Для чытання газеты ў фармаце
pdf Вам спатрэбіцца “PDF reader”

З сайта па нітцы

АРХIў САЙТА

АПЫТАННЕ

Беларуская літаратура - гэта:

Усяго прагаласавалі: 17

58%: кнігі, напісаныя па-беларуску.
 
0%: кнігі, напісаныя беларускім аўтарам па-руску.
 
41%: кнігі, напісаныя беларускімі аўтарамі, незалежна ад мовы.
 
Архіў апытанняў
СПАСЫЛКI