Погляд
Боская часцінка, альбо Заданне на лета
Максім Пешка • 2010-07-17
Каментароў: (0) A / A Змяніць шрыфтЯк толькі чэмпіянат скончыўся, аслабла цікавасць і да лёсу малюска. (Дарэчы, у сталым узросце васьміногі, кажуць, ужо не вельмі смачныя, так што Паўлю, магчыма, удасца пазбегнуць смерці на патэльні.)
Але публіка ва ўсім свеце заўсёды прагне новай сенсацыі. І яна нарадзілася: амерыканскім навукоўцам на паскаральніку элементарных часціц Тэватрон нібыта ўдалося выявіць так званы базон Хігса, які яшчэ называюць у СМІ “Боскай часцінкай”.
Пошукам гэтых самых часціц займаюцца, як вядома, у еўрапейскім цэнтры даследаванняў CERN на Вялікім андронным калайдары. Некаторыя вядучыя тэленавін, паведамляючы пра “поспех” амерыканцаў, нават прадказалі закрыццё Вялікага калайдара з-за адсутнасці патрэбы ў далейшых эксперыментах. Цяпер фізікам быццам бы стане канчаткова яснай карціна ўзнікнення Сусвету ў выніку Вялікага выбуху. Адны элементарныя часціцы, якія тады ўзніклі, напрыклад, фатоны, праціналі і працінаюць Сусвет без узаемадзеяння з матэрыяй. А да хігсаўскіх базонаў як бы прыліпаюць іншыя часціцы, і так узнікае маса. Навука дагэтуль не ведае, як узнікла святло ў Сусвеце і адкуль ўзялася маса...
Варта памятаць, што хігсаўскі базон (ці проста хігс) быў тэарэтычна прадказаны Пітэрам Хігсам пяцьдзясят гадоў таму. Існаванне гэтай элементарнай часціцы вынікае з так званай стандартнай мадэлі (у фізіцы яна апісвае электрамагнітнае, слабае і моцнае ўзаемадзеянне ўсіх элементарных часціц, але не разглядае гравітацыю). Адпаведна з гэтай мадэллю, базон Хігса адказвае за масу элементарных часціц. Дагэтуль стандартная мадэль пацвярджалася эксперыментальна, але ў самы апошні час эксперыменты на калайдарах сталі паказваць нейкія мінімальныя адхіленні ад тэорыі.
Пацвярджэнне існавання часціцы Хігса на Тэватроне магло б стаць сапраўднай сенсацыяй, калі б не выявілася, што гэта... усяго толькі чуткі. Супрацоўнікі Тэватрона адразу іх абверглі і адмовіліся даваць каментары.
Чаму шырокая публіка настолькі цікавіцца такой складанай і спецыфічнай фізікай элементарных часціц, дакладней, толькі адной “Боскай часцінкай”? Усё вельмі проста. Некаторыя навукоўцы выказвалі меркаванне, што пры штучным атрыманні ў калайдары часціц Хігса можа пачацца некантралюемы рост масы і скончыцца гэта ўзнікненнем чорнай дзіркі, гэта значыць канцом свету. Некаторыя нават сцвярджаюць, што нехта з будучыні ўмешваецца ў ход эксперыментаў і наўмысна перашкаджае цяперашнім навукоўцам, каб усё не скончылася для людзей катастрофай.
Можна прыдумляць самыя розныя тэорыі паходжання Сусвету. Можна верыць і ў тое, што ўсё можа прадказаць васьміног Паўль. А можна раскрыць Біблію і прачытаць: “І сказаў Бог: хай будзе святло. І сталася святло. І ўбачыў Бог святло, што яно добра. І аддзяліў Бог святло ад цемры” (Быццё. 1:3-4).
Між іншым ніхто яшчэ не давёў, што гэта супярэчыць навуковай карціне стварэння Сусвету.
Максім Пешка



НОВЫ КАМЕНТАР