Грамадства

Ці паразумеецца беларускае незалежнае грамадства з еўрапейскім?

Люстра дзён  •  2010-07-13

Каментароў: (0) A / A Змяніць шрыфт
На мінулым тыдні ў Мінску адбылася буйная канферэнцыя “Дарожная мапа “Усходняга партнёрства” для Беларусі”, удзел у якой узялі больш за 150 дэлегатаў ад 90 грамадскіх арганізацый, а таксама замежныя дыпламаты, прадстаўнікі Еўракамісіі і офіса АБСЕ.

Цягам двух дзён грамадзянская супольнасць аналізавала вынікі гадавой працы новай ініцыятывы Еўразвяза, выбудоўваючы агульную стратэгію на наступны год.

З гісторыі Форуму

Нагадаем: Форум грамадзянскай супольнасці (ФГС) “Усходняга партнёрства” — ініцыятывы Еўразвяза, якая мусіць садзейнічаць палітычнаму і эканамічнаму набліжэнню да Еўропы шасці постсавецкіх рэспублік (Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Грузіі і Малдовы), быў створаны з мэтай умацавання кантактаў і дыялога паміж НДА і дзяржаўнымі органамі.

Першае пасяджэнне Форуму грамадзянскай супольнасці адбылося ў лістападзе 2009 года ў Бруселі. У ім узялі ўдзел больш за 200 дэлегатаў, сярод якіх былі прадстаўнікі 27 недзяржаўных і праўладных грамадскіх арганізацый Беларусі. Галоўным вынікам пасяджэння стала стварэнне Каардынацыйнага камітэта, які курыруе функцыянаванне грамадзянскай платформы. Беларусь у ім прадстаўляюць адразу два чалавекі — старшыня міжнароднага кансорцыума “ЕўраБеларусь” Улад Вялічка і лідар Асамблеі НДА Беларусі Сяргей Мацкевіч.

Калі на першым форуме ў Бруселі неабходна было стварыць структуру і распрацаваць механізмы працы, то цяпер трэба напоўніць ініцыятыву зместам. Прадстаўнікі трэцяга сектара пачалі працу на падставе чатырох тэматычных платформаў “Усходняга партнёрства”: 1) дэмакратыя, належнае кіраванне і стабільнасць; 2) эканамічная інтэграцыя і збліжэнне з палітыкай ЕЗ у розных сферах; 3) навакольнае асяроддзе, змяненне клімату і энергетычная бяспека; 4) кантакты паміж людзьмі.

Галоўнае дасягненне першага года існавання ФГС — тое, што ягоныя прадстаўнікі атрымалі магчымасць прысутнічаць на міжурадавых сустрэчах прадстаўнікоў урадаў краін — сяброў “Усходняга партнёрства” і Еўразвяза, а значыць — ведаць, аб чым яны дамаўляюцца, і ў перспектыве ўплываць на гэты працэс.

Сутыкненне светапоглядаў

Галоўным вынікам мінскай канферэнцыі стаў разгляд спіса патэнцыйных беларускіх удзельнікаў другога Форуму грамадзянскай супольнасці, якое адбудзецца ў лістападзе ў Берліне. З амаль 90 заяў ад ахвочых паехаць у Берлін удзельнікі мінскай канферэнцыі выбралі 32 ад арганізацый (ад “Руху за свабоду” да Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі), якія і рэкамендавалі да ўдзелу. Цяпер сваё слова мусіць сказаць Еўракамісія, якая і прымае заключнае рашэнне.

Па словах арганізатараў, дасягнута і галоўная мэта канферэнцыі — стварэнне нацыянальнай платформы грамадзянскай супольнасці, дзякуючы якой дэмакратычныя дэлегаты Беларусі на другім з'ездзе ФГС здолеюць выступаць адзіным фронтам. Так гэта ці не, пабачым праз пару месяцаў.

На думку ж дырэктара Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (Вільня) Віталя Сіліцкага, грамадзянскай супольнасці давядзецца вызначыцца з тым, як уплываць на канкрэтныя праграмы і працэсы “Усходняга партнёрства. “На форуме ў Бруселі няўрадавыя арганізацыі склалі доўгі спіс пажаданняў і патрабаванняў, якія нярэдка адлюстроўвалі прыватныя інтарэсы асобных арганізацый. Пры гэтым амаль не было рэфлексіі на тое, якія з прапанаваных праектаў адпавядаюць фармату УП, якія з іх увогуле рэальна рэалізаваць. Час ад часу змест рэальных праграм УП ігнараваўся. Таму можна прадказаць, што большасць з гэтых прапаноў сыдзе “ў пясок”, бо на міждзяржаўным узроўні проста не будзе поля, на якім гэтыя пытанні могуць быць узняты”, — адзначае ў інтэрв’ю “Тут і цяпер” эксперт.

Сіліцкі кажа аб сутыкненні двух досведаў — усходнееўрапейскай грамадзянскай супольнасці, якая прызвычаілася да канфрантацыйных адносін з дзяржавай, і досведу партнёрства паміж дзяржавай і грамадзянскай супольнасцю, што мае месца ў Еўразвязе. “Постсавецкай грамадзянскай супольнасці трэба прызвычаіцца да таго, што мова лозунгаў і катэгарычных абвінавачанняў у Бруселі проста не працуе”, — рэзюмуе палітолаг.

Ці ўдасца ўладам ігнараваць грамадскасць і надалей?

Падкрэслім, што, нягледзячы на шматлікія запрашэнні з боку трэцяга сектара, ні адзін прадстаўнік дзяржавы на канферэнцыю не з’явіўся. Лукашэнка і К. ад самага пачатку разглядалі “Усходняе партнёрства” выключна як механізм атрымання ад аб’яднанай Еўропы фінансавай дапамогі — і кропка. Пра дыялог з грамадскасцю, які ёсць адной з асноўных мэт новай ініцыятывы Еўразвяза, чыноўнікі і чуць нічога не хочуць. Больш за тое, на саміце міністраў замежных спраў УП у снежні 2009-га афіцыйная дэлегацыя Беларусі была адзінай, якая накіравала адмысловы зварот супраць прысутнасці на перамовах прадстаўнікоў Форуму грамадзянскай супольнасці.

Праўда, ці ўдасца ім і надалей ігнараваць патрабаванне еўрапейцаў, — вялікае пытанне.

Літаральна праз два дні пасля заканчэння канферэнцыі беларускую сталіцу наведаў еўракамісар па пытаннях пашырэння ЕЗ і Еўрапейскай палітыкі суседства Штэфан Фюле. Брусельскі госць не толькі правёў перамовы з уладамі ды абвясціў пра супольны план далейшых дзеянняў у сферы палітыкі і эканомікі, але і сустрэўся з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і апазіцыі. Фюле, які адзначыў пагаршэнне ў Беларусі сітуацыі з дэмакратыяй і правамі чалавека, падкрэсліў, што пры складанні сумеснага з уладамі плана будзе ўлічана меркаванне незалежнага грамадства.

Гэта значыць, што калі дзяржава вырашыла ўсур’ёз палепшыць стасункі з Еўропай і атрымаць ад гэтага пэўныя дывідэнды, ёй прыйдзецца сесці за адзін стол з прадстаўнікамі трэцяга сектара.

Віталь РУДЗІЦКІ

Каментароў: (0) Раздрукаваць Уверх
НОВЫ КАМЕНТАР
Малюнак CAPTCHA

ЯШЧЭ АРТЫКУЛЫ ГЭТАЙ РУБРЫКІ

КАМЕНТАРЫ

НАЙБОЛЬШ ЧЫТАНАЕ

Погляд

свежы нумар

Adobe PDF Reader

Для чытання газеты ў фармаце
pdf Вам спатрэбіцца “PDF reader”

АРХIў САЙТА

АПЫТАННЕ

Колькі, на ваш погляд, павінна быць дзяцей у сям'і?

Усяго прагаласавалі: 14

0%: Аднаго дастаткова..
 
35%: Два.
 
57%: Больш за два.
 
7%: Дзеці ўвогуле не абавязковы для сям'і.
 
СПАСЫЛКI