Эканомiка

Не ведаючы Бродаў, не суйся ў… нафту?

Эканомiка  •  2010-07-15

Каментароў: (0) A / A Змяніць шрыфт
Дагэтуль невядома, ці здолела Беларусь дасягнуць энергетычнай дыверсіфікацыі.

Калі змешваюцца расійская і венесуэльская нафта

Крыніцы ва ўрадах Беларусі і Украіны сцвярджаюць, што першы намеснік прэм’ер-міністра нашай краіны Уладзімір Сямашка і першы віцэ-прэм’ер Андрэй Клюеў на днях падпісалі ў Кіеве пагадненне аб транспартаванні нафты праз Украіну ў Беларусь. Праўда, дагэтуль у прэсе не з’явілася падрабязнасцей гэтых пагадненняў.

Больш за тое, па нашай інфармацыі, пагадненні планавалася падпісаць раней, пасля зняцця ўсіх існуючых пытанняў па ратыфікацыі беларуска-ўкраінскай мяжы. Але гэтыя пытанні засталіся, хоць быццам бы ўсё ўжо было канчаткова ўзгоднена. Гэта не магло, дарэчы, не адбіцца на стане беларуска-ўкраінскіх стасункаў.

Да таго ж у інтэрв’ю расійскаму агенцтву REGNUM старшы эксперт Інстытута энергетыкі і фінансаў Марыя Бялова заявіла, што “Беларусь і Украіна, па ідэі, не могуць дасягнуць дамоўленасці па транспарціроўцы венесуэльскай нафты без прысутнасці Расіі”. Маўляў, патэнцыяльна расійская і венесуэльская нафта могуць змешвацца ў трубаправодзе “Адэса — Броды”, і расійскія танкеры могуць ледзь не сутыкацца ў чарнаморскіх пралівах, і г.д.

Адразу нагадаем, што кіраўніком гэтага вядомага расійскага агенцтва з’яўляецца нехта Мадэст Колераў, які ў свой час быў вельмі значнай фігурай у крамлёўскай адміністрацыі. А такія сувязі, як вядома, не знікаюць з цягам часу і значна ўплываюць на працу кіраўнікоў агенцтваў.

Рызыка ёсць, але…

Праўда, трэба сказаць, што і частка нашых незалежных экспертаў з непрыхаваным скепсісам ставіцца да ідэі задзейнічання трубаправода “Адэса — Броды” з дапамогай венесуэльскай нафты. Напрыклад, вядомы эканаміст, доктар эканамічных навук, адзін з папулярызатараў ідэі задзейнічання трубаправода “Адэса — Броды” Барыс Жаліба даволі скептычна адносіцца да гэтай ідэі: “У свой час БНФ у асобах яго лідара Зянона Пазьняка і энергетыка Станіслава Гусака прапаноўваў дыверсіфікацыю энергапаставак у Беларусь менавіта з дапамогай трубаправода “Адэса — Броды”. Тады гэта было значна прасцей зрабіць, цяпер — больш складана. Усё ж такі перавод у аверсны рэжым патрабуе мінімальнага ўзроўню рэнтабельнасці, а дасягнуць гэтага з дапамогай азербайджанскай і казахстанскай нафты даволі складана. Спадзявацца ў гэтым плане на венесуэльскую нафту досыць рызыкоўна”.

Ды і афіцыйная статыстыка не на карысць рэалізацыі гэтай ідэі. Напрыклад, як зазначае інфармацыйнае агенцтва АФН, паводле даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, Беларусь у маі гэтага года імпартавала 79,8 тысячы тон нафты з краін далёкага замежжа па кошце 656 долараў за тону. Для параўнання: кошт імпартаванай нафты з Расіі, па даных Белстату, складае 398 долараў за тону.

Праўда, тут закладзены кошт 6 мільёнаў тон бяспошліннай расійскай нафты для Беларусі, а гэта ўжо, як кажуць у Адэсе, дзве вялікія розніцы.

Што такое “добрая цана”?

Той жа Уладзімір Сямашка ў свой час заяўляў, што “краіна купляе нафту ў Венесуэлы “по добрай цане”, і на нафце, якую мы прывезлі з Венесуэлы, мы зарабілі, а гэта плюс, а не мінус”.

Эксперт Раман Якаўлеўскі ў размове з карэспандэнтам “ТіЦ” выказаў сумнеў у такім плюсе: “Што такое “добрая цана”? Можа, віцэ-прэм’ер лічыць добрай цаной высокі кошт венесуэльскай нафты? Публічна ж не гаворыцца, колькі мы зарабляем на нафце з Венесуэлы. Хоць жаданне ўрада дыверсіфікаваць энергапастаўкі выглядае, канечне, пахвальным”.

Як бы там ні было, аднак ужо ў сёлетніх планах нашага ўрада — паставіць “ад сябра Уга” 4 мільёны тон нафты. Менавіта столькі трэба, каб аверсны рэжым функцыянавання трубаправода стаў прыбытковым. Нагадаем, што ў будучым годзе гэтыя пастаўкі павінны павялічыцца ў 2,5 разу. Да таго ж Азербайджан і Казахстан таксама маглі б далучыцца да згаданага праекта.

Як заявіў нашаму выданню эканаміст Пётр Казімярчук, “калі выходзіць з чыстай матэматыкі, то праект, як ні круці, перестае быць нейкай фантасмагорыяй”: “Дый Віктар Януковіч не будзе ісці на падпісанне пагадненняў, якія прэтэндуюць на чарговую шпільку для Крамля. Ва ўсякім выпадку, менавіта так многія палітолагі і эканамісты трактуюць спробы беларускага кіраўніцтва дыверсіфікаваць энергапастаўкі ў краіну”.

Раман Якаўлеўскі часткова згодны са сваім калегам: “Прэзідэнт Віктар Януковіч з’яўляецца прагматыкам і праводзіць узважаную палітыку. І калі ён адчуе выгаду ад задзейнічання ў аверсным рэжыме, то ўсё магчыма…”.

Атрымліваецца, што справа тут больш у палітычным аспекце дадзенага, сапраўды лёсавызначальнага праекта для Беларусі. У якой ступені Расія можа яму перашкаджаць?

Той цягнік у бездань не сышоў

Пётр Казімярчук перакананы, што ў любым выпадку да заканчэння прэзідэнцкай кампаніі ў Беларусі ні мы, ні ўкраінцы, ні азербайджанцы, ні тым больш казахі не будуць прыкладваць максімальныя намаганні дзеля рэалізацыі праекта “Адэса — Броды”: “У свой час украінскі бок неаднаразова пераконваў бок беларускі, што пасля будаўніцтва Расіяй трубаправода БТС-2 у 2011 годзе ён можа пазбавіцца грошай ад нафтавага транзіту і што трэба засяродзіць сваю ўвагу на іншых напрамках. Цяпер нельга сказаць, што той цягнік сышоў у бездань. Але, як паказалі нядаўнія падзеі, Расія не збіраецца адседжвацца ўбаку падчас цяперашняй прэзідэнцкай кампаніі. І ісці менавіта ЦЯПЕР на напаўненне 100-працэнтнай канкрэтыкай праекта “Адэса — Броды” рызыкоўна. Праўда, пасля правядзення прэзідэнцкай кампаніі ў нашай краіне яго актуальнасць павінна вырасці як ніколі”.

Па меркаванні П.Казімерчука, кошт венесуэльскай нафты, што транспартуецца па трубаправодзе адэскага порта, можа стаць меншым на 15—20% працэнтаў, чым кошт нафты, якая паступае на Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод цяпер.

Далейшыя каментары можна лічыць залішнімі.

ДАРЭЧЫ
Нафтаправод “Адэса — Броды” пабудаваны ў 2002 годзе. Па ім планавалася перапампоўваць каспійскую нафту з порта Паўднёвы ў Еўропу, і ў першую чаргу ў Польшчу. Яго праектная магутнасць складае 14,5 мільёна тон нафты ў год, пры жаданні яе можна павялічыць у 2 разы.
Зараз па гэтым нафтаправодзе перапампоўваецца расійская нафта ў рэверсным рэжыме — з поўначы на поўдзень. Каб зрабіць рэнтабельным аверсны рэжым (з поўдня на поўнач), трэба пампаваць не менш як 4 мільёны тон нафты. Аб гэтым у свой час заявіў прэзідэнт Кіеўскага міжнароднага энергетычнага клуба Аляксандр Тадзійчук.

Віктар АЛЯШКЕВІЧ
Каментароў: (0) Раздрукаваць Уверх
НОВЫ КАМЕНТАР
Малюнак CAPTCHA

ЯШЧЭ АРТЫКУЛЫ ГЭТАЙ РУБРЫКІ

КАМЕНТАРЫ

НАЙБОЛЬШ ЧЫТАНАЕ

Погляд

свежы нумар

Adobe PDF Reader

Для чытання газеты ў фармаце
pdf Вам спатрэбіцца “PDF reader”

АРХIў САЙТА

АПЫТАННЕ

Колькі, на ваш погляд, павінна быць дзяцей у сям'і?

Усяго прагаласавалі: 14

0%: Аднаго дастаткова..
 
35%: Два.
 
57%: Больш за два.
 
7%: Дзеці ўвогуле не абавязковы для сям'і.
 
СПАСЫЛКI