Погляд

Лісты да запатрабавання

Валянцін Сыч  •  2010-07-06

Каментароў: (0) A / A Змяніць шрыфт
Расійская газета “Правда” атрымала ліст ад свайго сталага чытача з Беларусі. Ён скардзіцца на “недружественную политику”, якая праводзіцца расійскім кіраўніцтвам у дачыненні да Беларусі цягам апошніх гадоў.

“Оказывается, что, на словах рассуждая о недопустимости пересмотра уроков истории, российское руководство на самом деле святость братских уз оценивает в кубометрах газа и баррелях нефти”, — падсумоўвае аўтар ліста. Скарачэнне паставак газу ў Беларусь ён разглядае як “оскорбление нации и предательство исторической памяти”.

Трэба адзначыць, што гаворка ідзе не пра шараговага чытача, а пра Аляксандра Лукашэнку. Менавіта ён звярнуўся ў “Правду”, каб данесці сваю пазіцыю да грамадзян РФ.

Але самае цікавае, што той самы ліст Лукашэнка даслаў яшчэ 80-ці буйным расійскім бізнесоўцам. Гэты дзіўны крок выклікае шэраг пытанняў.

Па-першае, няўжо кіраўнік Беларусі ўсур’ёз разлічвае на падтрымку (хаця б маральную) расійскіх алігархаў? Наіўна чакаць, што яны, атрымаўшы ліст ад Лукашэнкі, пачнуць бухцець супраць Крамля.

Па-другое, відавочна, што тэксты для “Правды” і для бізнесоўцаў павінны быць рознымі, з акцэнтамі, разлічанымі на мэтавую аўдыторыю. Няўжо паленаваліся напісаць два лісты? Ці спадзяваліся, што алігархі, пачуўшы пра “святость братских уз”, абурацца “предательством исторической памяти”?

Па-трэцяе, няўжо было не зразумела, якую рэакцыю выклікаюць у “двухгаловага арла” спробы звароту да расійскага істэблішменту праз галаву Крамля? Прэзідэнт Дзмітрый Мядзведзеў неўзабаве паздзекваўся са “спаму”, які рассылае Лукашэнка, і параіў яму лепш падпісаць пагадненні па Мытным саюзе.

У адказ кіраўнік Беларусі абвінаваціў калегу ў балбатні, а расійскія медыя — у тым, што “они грубо фальсифицируют, фальшиво, непрофессионально режут все наши выступления и делают из нас идиотов”. Карацей кажучы, “дружба народов” квітнее на ўсю моц!

Ліставанне і лаянка праз СМІ цяпер ёсць галоўным сродкам камунікацыі паміж Крамлём і Лукашэнкам. Чарговы артылерыйскі залп па кіраўніку Беларусі быў зроблены ў нядзелю. Дзеля размінкі англамоўны канал Russia Today, створаны з мэтай трансляцыі на замежжа пункта гледжання Крамля па бягучай сітуацыі, распавёў сваім гледачам пра “апошняга дыктатара Еўропы”, які “трымае краіну ў жалезным кулаку”. Аўтары сюжэта выказалі меркаванне, што “ў галаве Лукашэнкі штосьці пераклініла”, таму ён пачаў сварыцца з Масквой.

Але “галоўная страва” была пададзена да стала ўвечары. Фільм “Хросны бацька” быў падрыхтаваны досыць даўно, але невыпадкова трапіў у эфір тэлеканала НТБ толькі 4 ліпеня. Там Лукашэнку абвінавацілі і ў выкраданнях палітычных апанентаў, і ў здрадзе Расіі, і яшчэ шмат у чым.

“Хроснага бацьку” можна лічыць адказам Крамля і на апошнія лісты Лукашэнкі, і на ягоныя ранейшыя заявы з прэтэнзіямі да расійскага кіраўніцтва. Адказам даволі жорсткім, але цалкам у рэчышчы той палітычнай лініі, якую Масква праводзіць з канца мінулага года. Яна ўжо не верыць ні слязам (“вместе гнили в окопах”), ні абяцанкам Лукашэнкі. Праўда, і да рэвалюцыйных змен у Беларусі пакуль не схільная.

У ідэале Уладзімір Пуцін і Дзмітры Мядзведзеў хацелі б прымусіць Аляксандра Лукашэнку падпарадковацца пэўным правілам палітычнай гульні. І ў гісторыі з Мытным кодэксам гэта атрымалася: як ні круціў кіраўнік Беларусі, але ўрэшце падпісаў дакумент 5 ліпеня ў Астане.

...Колісь частка лістоў накіроўвалася на імя пэўнага чалавека без адрасу, але з пазнакай “да запатрабавання”. Часцяком гэтыя пасланні так і заставаліся ляжаць у паштовых аддзяленнях, бо ніхто не прыходзіў іх атрымліваць. Падобна, што лісты расійскім бізнесоўцам, якія днямі падпісаў Лукашэнка, нават нягледзячы на дакладныя адрасы, таксама застануцца незапатрабаванымі.

Валянцін СЫЧ

Каментароў: (0) Раздрукаваць Уверх
НОВЫ КАМЕНТАР
Малюнак CAPTCHA

ЯШЧЭ АРТЫКУЛЫ ГЭТАЙ РУБРЫКІ

КАМЕНТАРЫ

НАЙБОЛЬШ ЧЫТАНАЕ

Погляд

свежы нумар

Adobe PDF Reader

Для чытання газеты ў фармаце
pdf Вам спатрэбіцца “PDF reader”

АРХIў САЙТА

АПЫТАННЕ

Колькі, на ваш погляд, павінна быць дзяцей у сям'і?

Усяго прагаласавалі: 14

0%: Аднаго дастаткова..
 
35%: Два.
 
57%: Больш за два.
 
7%: Дзеці ўвогуле не абавязковы для сям'і.
 
СПАСЫЛКI