Грамадства
Чалавек, які стварыў Беларусь
Асоба • 2010-06-21
Каментароў: (0) A / A Змяніць шрыфтСын паўстанца
Іван Герман Луцкевіч з'явіўся на свет у павятовым горадзе Шаўлі (цяпер Літва) Ковенскай губерні, дзе яго бацька працаваў на чыгунцы. Ян Баляслаў Луцкевіч (1831—1895) удзельнічаў у паўстанні Кастуся Каліноўскага і сябраваў з Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам, але нейкім цудам пазбегнуў царскіх рэпрэсій і нават адслужыў у расейскім войску.
На фарміраванне светапогляду Івана паўплывалі кніжкі пачынальнікаў беларускай літаратуры — Дуніна-Марцінкевіча ды Францішка Багушэвіча. 13-гадовы падлетак прыходзіць да высновы, што і яго народ — тыя "мужыкі ў шэрых світках", якіх сустракаў у радавым фальварку Ракуцёўшчына на Вілейшчыне, — не горшы за іншы і мае права на лепшую долю.
Канчаткова вызначыцца з жыццёвым пакліканнем юнаку дапамагла сустрэча з вядомым археолагам Генрыхам Татурам, а таксама знаёмства з беларускім пісьменнікам і мастаком Карусём Каганцом (Казімірам Кастравіцкім). Таму не дзіўна, што ў 1898 годзе Іван разам з малодшым на тры гады братам Антонам стварае ў Мінску нефармальны гімназічны гурток аматараў беларускай гісторыі, этнаграфіі і грамадскай думкі.
Пецярбургскі прарыў
Сквапны лёс адмераў Івану Луцкевічу ўсяго 38 гадкоў
Новая генерацыя літвінскай інтэлігенцыі паўстала з сямейных асяродкаў інсургентаў 1863-га. Арганізацыйным цэнтрам беларускага адраджэння стае сталіца імперыі Пецярбург. У 1902 годзе Іван Луцкевіч паступае на юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта (Антон — на фізіка-матэматычны), паралельна спраўджваючы сваю даўнюю мару — навучацца ў Археалагічным інстытуце.
Як адзначае літаратуразнаўца і публіцыст Сяргей Дубавец, пачатак ХХ стагоддзя паставіў нашых адраджэнцаў перад адсутнасцю выбару: "Магчыма, у душы яны хацелі мець сваю зусім нармальную, "буржуазную" Беларусь. Але каб схіліць на свой бок народныя масы ў атмасферы гарачага дыхання расейскіх рэвалюцыйных закалотаў, ім заставалася толькі адно — сацыялізм".
Першая спроба заснаваць беларускую сацыялістычную партыю адбылася ў Пецярбургу восенню 1902 года і належыць Вацлаву Іваноўскаму. Верагодна, Беларуская рэвалюцыйная партыя так і засталася б няздзейсненым праектам, калі б у яе шэрагі не ўліліся браты Луцкевічы. Пры дапамозе Іваноўскага яны стварылі Круг беларускай народнай асветы і культуры ды наладзілі сувязь з Вільняй. Напрыканцы 1903 года там прайшоў І з’езд партыі “Беларуская рэвалюцыйная грамада”, якая пазней была перайменавана ў Беларускую сацыялістычную грамаду (БСГ).
У студзені 1905-га Іван Луцкевіч прабіраецца праз казацкія кардоны на мінскую фабрыку Якабсона і гудком абвяшчае пачатак усеагульнай стачкі пратэсту. Кватэра братоў стала адным з цэнтраў рэвалюцыйнай дзейнасці, дзе захоўвалася зброя для баявой групы Грамады. Таму пасля замаху на жыццё губернатара Курлова Луцкевічы змушаны былі мяняць прапіску. Разам з імі ў Вільню перамясціўся і цэнтр беларускага руху.
Чалавек-аркестр
У снежні 1904 года была знята 39-гадовая забарона на друкаванне беларускамоўных кніжак ды перыёдыкі. Іван Луцкевіч першым зразумеў неабходнасць легальнага выдання для падпольнай партыі. 1 верасня 1906 года нарадзілася першая беларуская газета "Наша доля", эстафету ад якой пераняла "Наша Ніва". Рэдакцыя з'яднала найлепшыя сілы беларускай інтэлігенцыі і стала калыскай сучаснай беларускай дзяржавы. Іван Луцкевіч адказваў за фінансаванне не толькі гэтага выдання, але і ўсяго адраджэнскага руху.
"Проста дзівішся, як успомніш, як гэты чалавек, заараны штодзённай грамадскай працай, знаходзіў час і спосабы здабывання грошай на ўсю беларускую справу, — успамінала яго нарачоная Юльяна Менке. — Ён кідаўся на ўсе бакі, пры гэтым ніколі не дбаў пра свае асабістыя патрэбы: што здабыў, тое ішло ў грамадскі кацёл".
Іван Луцкевіч быў маторам беларускага адраджэння. Без яго ўдзелу не адбывалася ніводнага значнага мерапрыемства. Партыйная дзейнасць, заснаванне ў Вільні Беларускага выдавецкага таварыства (1913), адкрыццё двух соцень пачатковых беларускіх школ, настаўніцкай семінарыі ў Свіслачы, Беларускага навуковага таварыства (1918) ды Віленскай беларускай гімназіі (1919)...
Ад аўтаноміі да незалежнасці
Не менш значнай за грамадска-палітычную была яго навуковая дзейнасць. Выдатны археолаг і збіральнік старызны, ён стварыў унікальную калекцыю з дзясяткаў тысяч помнікаў беларускай культуры, сярод найкаштоўнейшых экспанатаў якой было першае выданне Статута ВКЛ 1588 года, святая кніга беларускіх мусульман Аль-Кітаб XVI ст., друкаваная Скарынай Біблія 1517 года, пячаткі полацкіх князёў. Унікальны збор стаў асновай створанага ў 1921 годзе віленскага Беларускага музея.
Дзякуючы добразычліваму, адкрытаму характару ды адсутнасці вузканацыяналістычных забабонаў Іван Луцкевіч карыстаўся добрай рэпутацыяй у навуковым і палітычным свеце. Цягам жыцця вёў дыялог з прадстаўнікамі прагрэсіўных расійскіх, польскіх, габрэйскіх, літоўскіх, украінскіх партый і арганізацый.
Пачынаючы грамадска-палітычную дзейнасць з пазіцый аўтаноміі, браты Луцкевічы паступова прыйшлі да высновы, што Беларусь павінна стаць незалежнай дзяржавай у канфедэрацыі з Літвою. А 25 сакавіка 1918 года менавіта з іх ініцыятывы адбылося абвяшчэнне незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.
Іван Луцкевіч жыў для Беларусі, працаваў не шкадуючы сябе, мала зважаючы на побытавыя нягоды ды хваробы. У чэрвені 1919 года сябры вывезлі хворага на сухоты адраджэнца ў Закапанэ, але было ўжо позна. Праз месяц правадыра беларускага руху не стала.
Антон працягне іх супольную справу, узначаліць урад БНР, будзе кіраваць Віленскім навуковым таварыствам і Беларускім музеем, выкрываючы шавіністычную палітыку савецкіх і польскіх уладаў, пакуль не патрапіць у капцюры НКУС. Свой жыццёвы шлях ён скончыць у перасыльным пункце Аткарск у сакавіку 1942-га. Іван Луцкевіч будзе перапахаваны на віленскіх могілках Росы ў 1991-м, дзе братам-адраджэнцам паставяць сімвалічны помнік.
Язэп ШЧАБЛОЎСКІ


НОВЫ КАМЕНТАР