Палiтыка
Як апазіцыя збіраецца перамагаць на прэзідэнцкіх выбарах?
Advocati diaboli • 2010-06-22
Каментароў: (4) A / A Змяніць шрыфтУ альтэрнатыўным урадзе Мілінкевічу прапанавалі МЗС, Волчаку — міліцыю, Раманчуку — фінансы, Чаламу — эканоміку, а Парфяновічу — спорт.
Першае пасяджэнне аргкамітэта па стварэнні альтэрнатыўнага ўрада, правядзенне якога ініцыіраваў аргкамітэт БХД, пазіцыянавалася як арганізацыйнае. Павел Севярынец адразу папярэдзіў, што “сёння дзяліць партфелі не будуць”, і... адразу ўсім прысутным раздалі пайменны спіс кандыдатаў на міністэрскія пасады ў альтэрнатыўным урадзе. Усяго 77 чалавек! Так, партфелі ў Міністэрстве фінансаў прапанавалі аддаць Багданкевічу, Раманчуку і Чубрыку, у Мінэканомікі — Чаламу, Злотнікаву, Залескаму і Дзмітруку, у МЗС — Мілінкевічу, Саннікаву і Краўчанку, у Мінінфармацыі — Літвіной, Марцаву, Дынько, Старыкевічу і Сярэдзічу.
Еўрарадыё.
Аляксандр Класкоўскі, аналітык:
“Гэта спроба нагадаць пра сябе”
— Да пытання аб магчымасцях перамогі акцыя-анонс пра стварэнне альтэрнатыўнага ўрада, я думаю, не мае ніякага дачынення. Зрэшты, яна так і была ўспрынята як экспертнай супольнасцю, так і часткай саміх меркаваных членаў урада, таму што абвяшчэнне гэтага спіса стала для многіх з іх сюрпрызам.
Таму я разглядаў бы згаданую акцыю выключна ў піяраўскай плоскасці. Гэта спроба адной з палітычных сіл, аргкамітэта па стварэнні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, нейкім чынам нагадаць пра сябе. На маю думку, дадзенае мерапрыемства можна разглядаць толькі ў такіх межах, бо няма ўпэўненасці ў тым, што адбудзецца нейкая паўторная сустрэча ў больш-менш значным складзе. Хаця як спроба засвяціцца на палітычным полі, магчыма, акцыя мае сэнс. Аднак, гэта, бадай, лішні штрых да такой увогуле бязрадаснай карціны.
Павал Севярынец, палітык:
“Каб перамагчы, трэба верыць у перамогу”
— Для таго, каб перамагчы на прэзідэнцкіх выбарах, патрэбна, па-першае, адзінства. Пакуль яго, на жаль, няма, і з кожным днём шанцы дасягнуць яго памяншаюцца. Але, тым не менш, гэтую задачу вырашаць трэба. Другая задача — адзіная стратэгія. І тут, я думаю, нам дапаможа ідэя альтэрнатыўнага ўрада. Спачатку гэта будзе пляцоўка для некалькіх дэмакратычных кандыдатаў, а затым — пляцоўка для адзінага дэмакратычнага кандыдата. Людзі ў Беларусі павінны мець адзінае ўяўленне пра альтэрнатыву. І штотыднёвая прэзентацыя дэмакратычных міністэрстваў перад прэзідэнцкімі выбарамі, на наш погляд, здольна даць такое ўяўленне, прынамсі для прафесіяналаў у Беларусі. Безумоўна, патрэбна мабілізацыя ўсіх тых, хто хоча бачыць Беларусь іншай. Патрэбна Плошча. Аднак самае галоўнае, без чаго не будзе перамогі, — гэта вера. Калі кандыдаты і іх каманды не будуць верыць у перамогу, то нічога не атрымаецца. Што тычыцца БХД, то мы веру маем.
А што да перамоў па адзіным кандыдаце, то молімся за тое, каб тыя кансультацыі прывялі да канчатковага выбару.
Валянцін Акудовіч, філосаф:
“Тэарэтычна ўсе правільна”
— Тэарэтычна крокі па стварэнні ценявога ўрада — абсалютна нармальная працэдура. Я такія захады назіраў не раз. Прыгадваю першы ценявы ўрад, які апазіцыя стварыла, знаходзячыся яшчэ ў парламенце. Тады гэта выглядала цікава і нават сур’ёзна. Аналізаваць жа сённяшняе стварэнне ценявых урадаў жадання няма. Больш смешнай ініцыятывы, чым гэта, яшчэ не было. Наша апазіцыя дайшла да той мяжы, пасля якой усё, што яна робіць, выглядае смешна і недарэчна.
Пакуль улада сама не ляснецца з унутраных ці знешніх прычын, датуль апазіцыі нічога не дапаможа перамагчы. А калі ўлада ляснецца сама, то і праз гэта апазіцыя не прыйдзе да ўлады. За столькі гадоў трэба была навучыцца аднаму — шукаць магчымасць жыць і тварыць напоўніцу.
Раман Якаўлеўскі, аналітык:
“Гэта нейкая гульня ў тэатр”
— Гэтая ініцытяыва мне нагадвае беларускую батлейку ці тэатр Карабаса Барабаса, дзе Карабас — гэта Лукашэнка, а мальвіны і п’еро — асобы так званага альтэрнатыўнага ўрада. Хлопцы вырашылі пагуляць, аднак для будучыні Беларусі гэтая гульня не мае ніякага сэнсу. Сённяшні стан беларускай апазіцыі вельмі сумны. Няма адзінства. І дапамагчы ёй можа толькі цвярозы розум.
Вераніка Сініцына, прадпрымальніца:
“Апазіцыя не збіраецца перамагаць”
— Мне здаецца, што апазіцыя ў чарговы раз не збіраецца перамагаць, калі меркаваць па такіх ініцыятывах і паводзінах. Яна кажа пра адзінага кандыдата, а паміж цэлым стосам “адзіных” больш непаразумення, чым адзінства. Яны ствараюць штучныя ўрады, яшчэ нешта. І ўсё гэта вартае жалю.
Вось калі нехта пачне паводзіць сябе, як пераможца, то ён і пераможа. А пакуль гэта робіць толькі адзін чалавек. І мы ўсе яго ведаем.
Пакуль упэўненасці ў перамозе не бачна ні ў каго. Апазіцыя збіраецца гаварыць праўду, ладзіць акцыі, рабіць заявы. Лепшыя з яе будуць змагацца, горшыя — “тырыць” гранты, але не перамагаць. Як можна прымусіць кагосьці пайсці за табой, калі ты сам у гэта не верыш?



КАМЕНТАРЫ
Сципион • 23.06.2010 10:57
Предлагаю свою кандидатуру в министры обороны. Рекомендации можно получить у Ганнибала и Газдрубала.
ja • 24.06.2010 19:34
Ad ciabe uzho dauno usih tut vanituje, Scipion. Znikni hutchej!
Сципион • 28.06.2010 11:38
А это очень ценное качество для министра обороны. От него всех врагов должно тошнить. И еще поджилки у них должны трястись. У Вас от меня поджилки трясутся?
Siarhiej • 08.07.2010 00:22
Няма зразумелага тэксту (прынцыпаў, праграмы, набора ідэй)вакол якога можна аб'яднацца.
НОВЫ КАМЕНТАР