Рэгiёны
Атручанае свята
Магілёў • 2010-06-14
Каментароў: (0) A / A Змяніць шрыфт— Выступалі мы ў двух класах мадэляў: таймерныя (мадэлі з рухавіком унутранага згарання) і мадэлі з гумавым рухавіком. У кожным з гэтых класаў юныя чэрыкаўскія мадэлісты, на радасць самім сабе, гораду і мне, сталі чэмпіёнамі. А наш Вадзім Хрубераў, вучань 11 класа Чэрыкаўскай СШ № 2, чацвёрты год запар займае першае месца ў класе таймерных мадэляў. З мадэлямі, якія маюць гумавы рухавік, вучань 8 класа той жа школы Сяргей Сакалоў на такім высокім спаборным узроўні выступаў першы раз, і вельмі ўдала.
Па даўняй традыцыі нашай авіямадэльнай сям’і дарослыя прадстаўнікі каманды заўсёды купляюць вялікі торт, каб пачаставаць хлопчыкаў-чэмпіёнаў. Не забыліся пра гэта і сёлета. Вечарам, пасля спаборніцтваў, мы размясціліся ў маленькай утульнай сталовай турбазы воінскай часці, што стаіць пад Магілёвам у мястэчку Пашкава. Упрыгожылі стол кветкамі, расставілі кубачкі для гарбаты і салодкіх напіткаў. Пад вясёлы гоман нарэзалі папярэдне набыты ў магілёўскай краме “Перекрёсток” торт з дзіўнай назвай “Карамельк” (так было пазначана на касавым чэке). Торт вабіў мастацкім аздабленнем, рознакаляровасцю, прадчуваннем пяшчотнага смаку… Але праз хвіліну ўсе адчулі нейкі непрыемны пах, што “валіў” ад яго. Ніхто з падлеткаў не рызыкнуў пачаставацца нашай асноўнай стравай, набытай у цэнтры горада літаральна пару гадзін назад. Паспрабавалі гэта зрабіць мы, дарослыя: маўляў, мо гэты спецыфічны водар цяпер вельмі модны ў кулінарыі. Але не паспелі мы з калегам Ігарам Мікалаевічам пакласці ў рот па кавалачку салодкага, як наша нутро ледзь не вывернулася вонкі…
Не варта казаць, што пачатак урачыстага вечара быў нечакана сапсаваны. Аднак мы не адчаяліся і хуценька (хаця гэта няблізка) матануліся ў тую ж краму і купілі іншы торт. Уявіце наш настрой, калі неўзабаве мы пераканаліся, што і ён не можа быць ужыты, бо таксама тухлы... Не, вечар быў сапсаваны адназначна.
Назаўтра мы пайшлі ў гэты самы “Перекрёсток”, каб паглядзець у вочы тым, хто гандлюе сапсаваным таварам. Паклікалі адміністратара гандлёвай залы. Размаўлялі з ім даволі доўга, і паколькі ў нас захаваліся касавыя чэкі, грошы нам вярнуць удалося. А вось фатаграфаваць вітрыну з тартамі нам спрабавалі перашкодзіць.
На развітанне мы запыталіся ў адміністратара, хто вырабляе такія торты. Яна адказала, што адзін з прадпрымальнікаў, з якім крама мае дамову. Аднак прозвішча гэтага “майстра-кулінара” нам не назвалі, ды і ўвогуле адміністратар не рабіла ніякіх запэўніванняў накшталт “навядзём парадак”, “разбяромся”, “пакараем вінаватых”. Яна хацела толькі аднаго — хутчэй адчапіцца ад нас і выправіць нас з крамы, бо побач ужо спыняліся наведвальнікі, прыслухоўваліся, а некаторыя з іх мелі яўнае жаданне дапоўніць наш аповед прыкладамі сваіх непрыемных “стасункаў” з гэтай крамай.
Мы не мелі ні жадання, ні часу быць стымулятарам незадаволеных настрояў выпадковых людзей і пазаштатнымі інспектарамі па навядзенні парадку. Мы ўступілі і сышлі... Магчыма, што навядзеннем парадку тут зоймуцца тыя, каму гэта належыць па абавязку службы. Тым больш што на двары лета, якое выстаўляе да якасці і ўмоў захоўвання харчовых тавараў дадатковыя патрабаванні.
Сямён ПАНІЗОЎЦАЎ,
з надзеяй на тое, што ніхто з аматараў торта з крамы “Перекрёсток” не атруціўся…



НОВЫ КАМЕНТАР