Палiтыка
Для літоўцаў мы “Белоруссия”
Замежжа • 2010-05-03
Каментароў: (4) A / A Змяніць шрыфтМЗС “карэктна пацікавіўся”
Нагадаем, што ў лістападзе 2009 года міністр юстыцыі Беларусі Віктар Галаванаў заявіў: “Экспертыза на прадмет ужывання правільнай назвы нашай краіны ў Літве яшчэ не праводзілася. Але мы таксама будзем наводзіць парадак”.
У суседняй Літве Беларусь называюць Baltarusija (што ў перакладзе азначае "Белая Расія", аналаг расійскага “Белоруссия”) і Gudija (старажытная назва).
Як паведаміла цяпер Сметаненэ, беларускі бок "вельмі карэктна" пацікавіўся, якім чынам афіцыйная назва Беларусі магла б адлюстравацца ў літоўскай мове.
"Літоўскі інстытут гісторыі накіраваў нам ліст, у якім гаворыцца, што так, была калісьці Baltoji Rusia (Белая Русь) і што назва Baltarusija — гэта спадчына савецкіх часоў, але яна ўжо стала традыцыйнай. Іншы ліст прыйшоў з Вільнюскага ўніверсітэта: большасць навукоўцаў гістфака ўпэўнены, што немэтазгодна змяняць назву суседняй краіны, і раяць па-ранейшаму называць яе Baltarusijos Respublika (скарочана Baltarusija). Мы з гэтым згодны", — сказала старшыня Дзяржкамісіі па літоўскай мове.
Нароўні з афіцыйным Baltarusija ў сіле застанецца ўжыванне традыцыйнага Gudija.
Хто мае рацыю?
Якая аргументацыя літоўскага боку? Намеснік дырэктара дэпартамента палітыкі ўсходняга суседства МЗС Літвы Марыюс Гудзінас, адказваючы раней на пытанне карэспандэнта “Тут і цяпер”, адзначыў: “Гэта нармальна, калі арыгінальная назва краіны адрозніваецца ад яе напісання ў розных мовах. Польшчу мы называем Lenkija, Нямеччыну — Vokietija. Да таго ж канчатак "-ija" цалкам натуральны для літоўскай мовы, бо азначае "групу людзей, якія жывуць разам".
Па словах Сметаненэ, краіны звяртаюцца з падобнымі просьбамі рэдка, а рашэнне аб перайменаванні за апошнія гады было прынята ўсяго аднойчы. “Я маю на ўвазе Бірму, якая афіцыйна змяніла сваю назву на М'янму. На гэтую змену мы адрэагавалі. Новая ўлада ў краіне афіцыйна звярнулася да ўсяго свету з паведамленнем, што змяняецца назва краіны. І ў гэтым плане было лёгка прыняць рашэнне, бо гэта не суседняя дзяржава. Аднак ні Беларусь, ні Грузія (разам з беларусамі да літоўцаў звярнулася і Грузія, якая папрасіла называць яе Georgija — “ТіЦ”) сваіх афіцыйных назваў не мянялі".
Пазіцыя нашых літоўскіх суседзяў выглядала лагічнай і паслядоўнай да гэтага апошняга аргумента.
Нагадаем, што 27 ліпеня 1990 года Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэкларацыю "Аб дзяржаўным суверэнітэце". Такім чынам, БССР (“Белоруссия”, Baltarusija) завяршыла існаванне, а яе правапераемніцай стала Рэспубліка Беларусь (Беларусь, Belarus). У Законе РБ ад 19 верасня 1991 г. "Аб назве БССР" ВС пастанавіў: "Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку надалей называць "Рэспубліка Беларусь", а ў скарочаных і складаных назвах — "Беларусь". Устанавіць, што гэтыя назвы транслітаруюцца на іншыя мовы адпаведна беларускаму гучанню".
Такім чынам, беларусы звярталіся да сусветнай супольнасці з падобнай просьбай яшчэ раней за Бірму — 20 год назад, але...
Дзяржава “расчухалася”
Варта падкрэсліць, што ў сённяшняй сітуацыі вінавата выключна беларуская дзяржава. Толькі напрыканцы другога дзесяцігоддзя незалежнасці чыноўнікі звярнулі ўвагу на назву краіны. Першым “урадаўцам” Лукашэнкі, які ўзняў гэтае пытанне за мяжой, стаў міністр замежных спраў Сяргей Мартынаў. Год назад падчас прэс-канферэнцыі ў Берліне ён ветліва паправіў нямецкага журналіста: "We are not Weißrussland, we are Be-la-rus”.
23 лістапада на сустрэчы прэзідэнта Расіі з беларускімі журналістамі ўжо карэспандэнт БТ заявіў Мядзведзеву: "Наша краіна завецца Беларусь. Менавіта так: восем літар, чацвёртая "а", на канцы — "ь". А праз тры дні ў Мінску на пасяджэнні аб'яднанай калегіі міністэрстваў юстыцыі Беларусі і Расіі намеснік нашага міністра Ала Бодак узняла пытанне аб тым, што ў прававых актах Расіі выкарыстоўваюцца розныя назвы краіны — "Белоруссия" і "Беларусь", у той час як транслітарацыя афіцыйнай назвы краіны на замежныя мовы павінна ажыццяўляцца адпаведна гучанню.
"Прашу прабачэння за сваіх калег, якія выкарыстоўваюць няправільную назву краіны. Я выдам распараджэнне, каб у нарматыўных актах правяралася адпаведнасць правільнаму напісанню Беларусі”, — імгненна адрэагаваў міністр юстыцыі РФ Аляксандр Канавалаў. Няхай пераважная большасць расійскіх філолагаў і журналістаў успрынялі заяву двух міністраў у штыкі, але сам факт ужо дарагога варты.
Шведы наперадзе
Напэўна, сітуацыя з “перайменаваннем” Беларусі за мяжой найбольш прасунулася ў далёкай Швецыі, дзе нас называюць Vitryssland (тая ж “Белоруссия”).
Год назад беларускі музыка шведскай поп-групы Dreamgale Майк Сэндэр выступіў з ініцыятывай дамагчыся змены назвы краіны афіцыйным шляхам. Грамадзянскую кампанію "За Belarus", арганізаваную прадстаўнікамі беларускай дыяспары, падтрымалі шведскія палітыкі, якія лічаць гэта надзвычай важным для незалежнасці Беларусі і ўспрымання краіны без сувязі з савецкім мінулым. Цікава, што кампанію "За Belarus" падтрымаў амбасадар Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан, а вось пасольства Беларусі ў Швецыі яе праігнаравала.
Тым не менш у канцы кастрычніка Шведская акадэмія вырашыла ў наступным выданні свайго слоўніка ўжываць прыметнік belarusisk (беларускі). А вось назва краіны пакуль застаецца ранейшай — Vitryssland. Па гэтым пытанні адбылося некалькі пасяджэнняў адмысловай моўнай групы акадэміі, але пакуль безвынікова. Пачакаем?
Алесь ЛЯЖНЕВІЧ



КАМЕНТАРЫ
Аляксандар Краўцэвіч • 06.05.2010 08:48
Вынікае, што як бы не абураліся нашыя паўночныя суседзі, цалкам карэктна будзе называць іх краіну паводле саманазвы - Летува, а яе жыхароў - летувісы. Гэта дазваляе аддзяліць Летуву ад гістарычнай Літвы, якая больш была беларуская.
Яўген • 13.05.2010 21:27
Згоден з Аляксандрам Краўцэвічам
вячаслаў свізуноў • 19.05.2010 15:28
літва наша яшчэ паўстане і летувісы ў нас будуць паважаныя люді!
Несьвядомы • 21.07.2010 01:02
Когда уже наши т.н. "сьвядомые" перестанут выпячивать собственные комплексы и показывать свою пролетарскую безграмотность? Вам большое дело до того, как по-шведски называют нашу страну? Вы часто бываете в Швеции, свободно говорите на шведском, являетесь специалистом экстра-класса в шведской лексике и грамматике? Тогда откуда это неуёмное желание указывать людям на то, как им изъясняться на ИХ собственном языке? Напишите для начала нормальную грамматику белмовы, а то тарашкевичнай няма, а афицыйная каждые 3 года переделывается. И еще научите белорусов на мове разговаривать. В своём сарае для начала навоз разгребите, а затем уже будете поучать французов, шведов и итальянцев.
НОВЫ КАМЕНТАР