Эканомiка

Двухзначная інфляцыя напрыканцы 2010 года?

Эканомiка  •  2010-05-05

Каментароў: (0) A / A Змяніць шрыфт
Экс-банкір краіны № 1 Станіслаў Багданкевіч лічыць, што ў беларускай эканоміцы, нягледзячы на яе пэўную ўстойлівасць, ёсць міны запаволенага дзеяння.

Знешні доўг пакуль прымальны

— Станіслаў Антонавіч, наколькі небяспечным можна лічыць павышэнне замежнага дзяржаўнага доўгу на 10,2 працэнта (толькі за красавік)?

— Пакуль гэта не з’яўляецца для нашай краіны асабліва небяспечным. У адносінах да валавога ўнутранага прадукту (прыблізна 50 мільярдаў долараў) доўг цяпер складае не больш як 20 працэнтаў ВУП. Да вашага ведама: у Італіі суадносіны ВУП і знешняга доўгу складаюць 120 працэнтаў, а ў большасці еўрапейскіх краін дадзены паказчык вагаецца ў рамках 60—70%. Міжнародныя ўплывовыя фінансавыя структуры невыпадкова працягваюць нам выдзяляць буйныя пазыкі — менавіта па прычыне нашага даволі стабільнага (на дадзены момант) эканамічнага становішча.

— Няўжо ў нас усё так стабільна ў эканамічным плане?

— Я б так не сказаў. За мінулы год наша знешняя запазычанасць вырасла ў 2,2 раза. Мяркую, што сёлета яна павялічыцца яшчэ на працэнтаў 40—50. Многа гэта ці мала? Пакуль прымальна, але вельмі засмучаюць тэмпы росту знешняга доўгу. І я пакуль не бачу нейкай адваротнай тэндэнцыі. Эканоміка не рэфармавана. Шмат прадпрыемстваў працягваюць працаваць на склад.

Бярыце прыклад з Польшчы!

— Але цяжка ж рэфармаваць эканоміку, што называецца, на маршы. Нас жа чакаюць прэзідэнцкія выбары...

— Палякі ў свой час таксама перабудоўвалі сваю эканоміку, як вы гаворыце, на маршы. І нічога, вытрымалі, хоць ім было ў некалькі разоў цяжэй. Але вынікі відавочныя. За мінулы год Польшча нарасціла свой валавы ўнутраны прадукт на 4,6 працэнта. І гэта падчас разгару фінансавага крызісу! І сярэдні заробак у гэтай краіне сягае за 1000 еўра. Так, ёсць беспрацоўе, але дапамога па ім далёка не нашага памеру.

Безумоўна, будучая прэзідэнцкая кампанія накладвае пэўны адбітак на дзейнасць нашых улад па стабілізацыі эканамічнай сітуацыі. Але вымушаны напомніць, што і задоўга да прэзідэнцкіх выбараў нейкіх сапраўды грунтоўных і сур’ёзных перамен у эканамічнай палітыцы ў нас не было і не планавалася.

“Магу сказаць, што, па маіх падліках, за першы квартал 2010 года больш за ўсё выйгралі тыя, хто трымаў свае грошы ў расійскіх рублях — плюс 7,5%. “Доларавыя” ўкладчыкі таксама засталіся не ў накладзе — плюс 3,8%. Дэпазіты ў беларускіх рублях прынеслі сваім гаспадарам 0,8% прыбытку. А вось тыя, хто захоўваў свае грошы ў еўра, страцілі 3 працэнты”.

— А цяпер, калі значна скарацілася расійская дапамога, пра рэформы, напэўна, і ўвогуле ўспамінаць не будуць…

— Наадварот, менавіта цяпер пра іх і трэба ўспамінаць, бо ў нас усё менш застаецца нейкіх схаваных рэзерваў. Зноў жа, расіяне не зусім адмовіліся нам дапамагаць. Калі раней яны нам давалі штогод каля 4-5 мільярдаў долараў (а калі і больш), то цяпер — каля 2-х. Але для такой адносна невялікай краіны, як наша, гэта салідная сума. Іншая справа, як мы гэтымі грашыма распараджаліся і распараджаемся. Украіне за “Севастопаль” плануюць даць каля 40 мільярдаў долараў, але за ўсе гады нашай незалежнасці расіяне нам далі больш. І ўсе гэтыя грошы мы банальна праелі.

Замест таго, каб пускаць іх на сістэмныя рэформы.

Вексель чапаць не павінны

— Дарэчы, пра спісанне беларускага доўгу. Ёсць меркаванне, што гэты вексель, які захоўваецца ў Маскве, падчас абвастрэння двухбаковых стасункаў расіяне могуць прад’явіць нам для аплаты…

— Не думаю, што да гэтага дойдзе. Чалавек альбо структура, якая камусьці пазычае грошы на не вельмі зразумелых і ясных умовах, не павінна надта разлічваць на вяртанне сваіх грошай. Я, напрыклад, пазычыў сваёй пляменніцы 1000 долараў на наступных умовах: калі разбагацееш, то, можа, вернеш. Калі шчыра, то ў думках я ўжо развітаўся з гэтымі грашыма.

— Наша насельніцтва больш цікавяць не макраэканамічныя пасьянсы, а тое, што будзе адбывацца з іх грашыма на банкаўскіх рахунках.

— На даходнасць гэтых укладаў найбольш уплываюць наступныя фактары: узровень інфляцыі і знешнеэканамічная збалансаванасць. Апошні фактар аналізаваць пакуль ранавата. А вось з інфляцыяй у нас, думаю, усё традыцыйна. Апошнім часам мы мелі ў год у сярэднім 6,5 працэнта інфляцыі.

Для параўнання: еўрапейскія стандарты ўстанаўліваюць сярэднегадавую інфляцыю на ўзроўні 3-х працэнтаў. Мы ж за мінулы год мелі інфляцыю ўвогуле на ўзроўні 10 працэнтаў. На што рэгулярна трацяць грошы 80% насельніцтва для падтрымання свайго жыццёвага ўзроўню? Прадукты харчавання, выдаткі на транспарт, жыллёва-камунальныя паслугі і г.д. Калі сыходзіць з гэтых пазіцый, то інфляцыя за мінулы год складзе пад 25 працэнтаў. Калі ж улічваць зніжэнне коштаў на жыллё, патрыманыя і новыя іншамаркі, нейкія нятанныя прамысловыя тавары, то інфляцыя сапраўды складзе 10%.

Пакуль са снежня 2009 года інфляцыя ў краіне вырасла на 2,5 працэнты, але я не выключаю, што сёлета інфляцыя будзе выражацца двухзначнымі лічбамі.

Высновы рабіце самі

— Ці могуць пацярпець ад гэтага радавыя ўкладчыкі?

— Магу сказаць, што за першы квартал 2010 года, па маіх падліках, улічваючы сярэднія дэпазітныя стаўкі за гэты перыяд, больш за ўсё выйгралі тыя, хто трымаў свае грошы ў расійскіх рублях — плюс 7,5%. “Доларавыя” ўкладчыкі таксама засталіся не ў накладзе — плюс 3,8%. Дэпазіты ў беларускіх рублях прынеслі сваім гаспадарам 0,8% чыстага даходу. А вось тыя, хто захоўваў свае грошы ў еўра, страцілі 3 працэнты, таму што гэтая грашовая адзінка апошнім часам значна патаннела.

Так што высновы рабіце самі. Я бы раіў нашым падаткаплацельшчыкам больш увагі надаваць укладам у замежнай валюце і пастаянна адсочваць курс беларускага рубля ў адносінах за СКВ.

АФІЦЫЙНА

Унутраны дзяржаўны доўг Беларусі за сакавік 2010 г. павялічыўся на 0,5% і склаў на пачатак красавіка 8335, 5 млрд рублёў, паведамляе Міністэрства фінансаў. Паводле Мінфіна, замежны дзяржаўны доўг Рэспублікі Беларусь за сакавік павялічыўся на 10,2% і на 1 красавіка знаходзіўся на ўзроўні 25 167,5 млрд (каля $8,45 млрд) пры зацверджаным ліміце $9,5 млрд.

Пазыка цэнтральнага ўрада роўная 24 818,1 млрд, або 98,6% (прычым уся запазычанасць сфарміравана доўгатэрміновымі даўгамі). Як адзначылі ў Мінфіне, за справаздачны перыяд доўг вырас на 10,2%. Агульны ўзровень запазычанасці за сакавік павялічыўся на 7,6% і ў пачатку красавіка быў роўны 33,5 трлн рублёў.


Сяргей ПЕТРАШЭВІЧ
Каментароў: (0) Раздрукаваць Уверх
НОВЫ КАМЕНТАР
Малюнак CAPTCHA

ЯШЧЭ АРТЫКУЛЫ ГЭТАЙ РУБРЫКІ

КАМЕНТАРЫ

НАЙБОЛЬШ ЧЫТАНАЕ

Погляд

свежы нумар

Adobe PDF Reader

Для чытання газеты ў фармаце
pdf Вам спатрэбіцца “PDF reader”

АРХIў САЙТА

АПЫТАННЕ

Колькі, на ваш погляд, павінна быць дзяцей у сям'і?

Усяго прагаласавалі: 14

0%: Аднаго дастаткова..
 
35%: Два.
 
57%: Больш за два.
 
7%: Дзеці ўвогуле не абавязковы для сям'і.
 
СПАСЫЛКI