Эканомiка
Ці верыце вы ў магчымую дэвальвацыю рубля?
Эканомiка • 2010-03-16
Каментароў: (0) A / A Змяніць шрыфтНа днях курс продажу долара ў “Парытэтбанку” дасягнуў “гістарычнай” лічбы — паказчыка ў 3000 рублёў. Варта нагадаць, што “Парытэтбанк” належыць Нацыянальнаму банку.
Набліжаецца да сторублёвай мяжы і расійскі рубель. А па стане на 15 сакавіка расійскі рубель можна было набыць за 101,2 беларускага рубля.
Еўра ў тым жа банку на той жа час каштаваў 4 080 рубля.
Леанід Заіка, эканаміст:
“У беларусаў ёсць больш актуальныя праблемы, чым дэвальвацыя”
— Невялікая дэвальвацыя будзе адбывацца ўсё роўна. Інфляцыя зніжае пакупніцкую здольнасць рубля кожны месяц. Яна складае 7-8% за год. Іншая справа, што долар будзе каштаваць 2890 або 3000 рублёў. Для большасці беларусаў тут розніцы няма, бо яны не такія вялікія гульцы на біржы, як Джордж Сорас. Для іх больш важныя суадносіны паміж еўра і доларам, бо шмат нашых суайчыннікаў, выбачайце, “укляпаліся” — намянялі грошай на еўра, а цяпер сядзяць і рвуць на сабе валасы. Вось тут ёсць праблема. А што тычыцца суадносін долара і рубля, то яны будуць больш-менш стабільнымі ў рамках 4-5%. Калі нехта хоча абвальную дэвальвацыю, яе можна зрабіць. Але навошта прэзідэнту перад прэзідэнцкімі выбарамі пілаваць сук, на якім ён сядзіць? Ён і так зрабіў вялікае глупства: яму далі танную нафту, а ён узняў цэны на бензін. І гэта народная палітыка? А беларусы гэта праглынулі. Адмовіліся б запраўляцца на тыдзень, урад бы на вушах стаяў. Апазіцыі не трэба прыдумляць лозунгаў. Ёсць два мільёны людзей, якія штодня заводзяць рухавікі сваіх аўто. І гэта вялікая сіла. Чаму б не правесці акцыю “Тры дні без запраўкі”? Хто такую акцыю арганізуе, у таго больш шанцаў стаць палітычным лідарам у будучыні.
А наперадзе — падаражанне машын у сувязі з мытнымі пошлінамі.
Павал Данэйка, эканаміст:
“Інструментаў для стрымлівання курсу дастаткова”
— Для сур’ёзнай дэвальвацыі рубля шанцаў пакуль мала, бо грошы будуць для таго, каб фінансаваць плацёжны баланс. Курс можна стрымліваць. Пазыкі будуць брацца і на Захадзе, і на Усходзе. Магчымасці пазычаць вялікія. Ціск імпарту зніжаецца. Акрамя таго, магчыма ўключэнне прыватызацыі як механізму прыцягнення грошай. Карацей кажучы, сёння дастаткова інструментаў, каб утрымаць сітуацыю.
Наталля Ціхамірава, банкаўская служачая:
“Цуд” калі-небудзь скончыцца”
— Нават калі я не буду верыць у дэвальвацыю, яна ўсё роўна адбудзецца. У нас назіраецца страшэнная інфляцыя, гэта значыць усё даражэе. Пры тым, што абменны курс да астатніх валют застаецца амаль нязменным. Такім чынам, дэвальвацыя нам патрэбна, бо яе адсутнасць абмяжоўвае экспарт. Наш беларускі цуд са стабільным курсам і зарплатай даярак у 600 баксаў немагчымы. Гэта пачварная эканоміка. Дзякуючы высокаму абменнаму курсу людзі могуць купляць сабе джынсы, патрыманыя машыны, а яны купляюць скварку ды чарку, на машыну ж зарабляюць усё жыццё. Што тычыцца канкрэтна дэвальвацыі, то яна павінна была адбыцца недзе летам мінулага года, але з-за палітыкі “лібералізацыі” Беларусі дазволілі пражэрсці еўрапейскія грошы. І ўсё ж такі гэтае пытанне ў нас не эканамічнае, а палітычнае, паколькі галоўны ідэалагічны паказчык цяпер — колькасць баксаў у зарплаце. І нашы людзі прывыклі да долараў. Хоць дэвальвацыю і трэба ажыццяўляць як мага хутчэй, яна разламае ўвесь наш “беларускі цуд”, таму з ёй будуць цягнуць да апошняга. Яна будзе калі-небудзь, і не паступовай, а выбуховай. І гэтае “калі” залежыць ад знешніх пазык. Таму цвёрды “заяц” — гэта адзінае, што зараз вырабляе беларуская эканоміка.
Станіслаў Багданкевіч, экс-кіраўнік Нацыянальнага банка:
“Сёлета дэвальвацыі не будзе”
— У гэтым годзе дэвальвацыя малаверагодная. Ёсць больш за пяць мільярдаў долараў рэзерву. Ёсць нявыкарыстаны ліміт знешняга крэдытавання. Ёсць магчымасць прадаць на два-тры мільярды ўласнасці, прадпрыемстваў, таму можна не дапусціць абясцэньвання рубля. А рабіць дэвальвацыю трэба, бо знешні гандаль у нас незбалансаваны. Калі экспарт ніжэйшы за імпарт на шэсць мільярдаў, то трэба нешта рабіць. Але ёсць магчымасць прыняць нейкія іншыя меры, напрыклад, праз год дэвальваваць нацыянальную грашовую адзінку. Разам з тым, чым раней гэта адбудзецца, тым будзе лепш. Але дэвальвацыя заўжды вядзе да зніжэння ўзроўню жыцця.
Яраслаў Раманчук, аналітык:
“Хавайце грошы пад матрац”
— У такой сітуацыі спаць спакойна ўкладчыкам беларускіх рублёў я б не параіў, бо існуе рэальная пагроза таго, што беларускі ўрад не атрымае замежных крэдытаў. Таксама цалкам магчыма, што валютная выручка скароціцца, і ўклады будуць пад яшчэ большай рызыкай, чым яны былі да гэтага. А паколькі ліквіднасці ў банкаўскай сістэме няшмат, то я параіў бы альбо перавесці гэта ўсё ў долары, альбо ўвогуле трымаць грошы пад матрацам. Сённяшнія стаўкі па дэпазітах сведчаць пра фінансавую піраміду. А тая пагроза, якую агучыў спадар Пракаповіч (змяншэнне банкаўскіх ставак), гаворыць аб тым, што грошай для абслугоўвання гэтых дарагіх дэпазітаў няма. Пагроза дэвальвацыі існуе, і з кожным месяцам адсутнасці рэформ яна павялічваецца. Урад можа прадаць “Беларусбанк”, яшчэ пяць-дзесяць прадпрыемстваў і атрымаць грошы, але гэтыя грошы ў нас вельмі хутка “з’ядуцца”. І замест таго, каб будаваць эканоміку развіцця, мы стараемся падтрымліваць на плыву старую савецкую дапатопную эканоміку.



НОВЫ КАМЕНТАР