Грамадства
Таварыствы ўласнікаў чакае жорсткі ўказ?
Люстра дзён • 2010-03-11
Каментароў: (0) A / A Змяніць шрыфтПРАЕКТ НЕ АБМЯРКОЎВАЕЦЦА
Абмеркаванне праекта ўказа — справа няўдзячная, паколькі з варыянтам яго апошняй зацверджанай рэдакцыі можна азнаёміцца толькі пасля падпісання дакумента. Аднак выказаць свае меркаванні, унесці рацыянальныя прапановы, пачуць каментарыі спецыялістаў і атрымаць дакладную інфармацыю старшыні ТУ і іншыя зацікаўленыя асобы змаглі на круглым стале, які адбыўся ў ГА “Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка”.
— Савет Міністраў і іншыя органы дзяржаўнага кіравання ніякіх новых прапаноў у праект пакуль не ўнеслі, і ТУ яшчэ пашанцуе, калі нормы гэтага дакумента не стануць больш жорсткімі, — заўважыла Данія Рузыева, галоўны інжынер аддзела па эксплуатацыі жыллёвага фонду, арганізацыі і правядзенні жыллёвай рэформы Міністэрства ЖКГ. — Міністэрства лічыць, што дзейнасць ТУ неабходна ўпарадкаваць, але не трэба выключаць іх з жыллёвых праваадносін як арганізацыі, якія маюць права на прадастаўленне тэхнічнага абслугоўвання і паслуг ЖКГ.
Спецыяліст параіла адсылаць усе прапановы па ўдасканаленні норм указа непасрэдна ў Адміністрацыю прэзідэнта. Мінжылкамунгас у сваю чаргу павінен сабраць і ўключыць у праект нарматыўна-прававога акта заўвагі ўсіх зацікаўленых бакоў.
ЗАЦВЯРДЖЭННЕ СТАРШЫНЬ
— Звычайныя спажыўцы вельмі баяцца, што яны абяруць сабе на агульным сходзе старшыню, а ўлада адхіліць яго кандыдатуру. Ці можна пазбавіць ад працэдуры зацвярджэння хаця б тых старшынь, якія ўжо прайшлі навучанне? — пацікавіўся Аляксандр Мельнікаў, старшыня Мінскага гарадскога грамадскага аб’яднання “Праваабарона спажыўцоў”.
— Міністэрства ЖКГ заўсёды раіць выканкамам ісці насустрач старшыням, якія працуюць у прававым полі рэспублікі, і падтрымліваць іх, — адказала Данія Рузыева. — Так што не трэба баяцца гэтай нормы. Мясцовая ўлада ведае, на старшынь якіх ТУ прыходзяць скаргі і заўвагі ад жыхароў. А тых кіраўнікоў, якія сумленна выконваюць свае абавязкі, зацвердзяць у любым выпадку.
Спецыяліст МЖКГ патлумачыла, што гэтую норму ўказа трэба разглядаць не як магчымасць прымяніць санкцыі да людзей, а як спосаб пазнаёміцца са старшынямі і мець іх каардынаты. Нярэдка кіраўнікі ТУ мяняюцца так хутка, што ў аварыйных абставінах, бывае, проста немагчыма знайсці адказнага чалавека.
— Часта забудоўшчык сам прызначае старшыню, які пасля прыёмкі дома ў эксплуатацыю “самаліквідуецца” або працуе на карысць забудоўшчыка некалькі першых гадоў, пакуль дзейнічаюць гарантыйныя абавязкі па ліквідацыі недаробак за кошт забудоўшчыка, — заўважыў Аляксандр Васільеў, старшыня кіруючай кампаніі “ЖылС”. — Ці будзе ўказана забудоўшчыкам, што абраны імі старшыня павінен прайсці курсы і зацвярджэнне ўладамі?
Пытанне…
— Мы павінны рыхтавацца да пашырэння рынку і быць гатовымі да таго, што тэхнічнае абслугоўванне і кіраванне будынкамі будуць ажыццяўляць прыватныя арганізацыі, як гэта робіцца ва ўсім свеце.
У ЧАКАННІ ПРЫВАТНІКА
Шмат пытанняў выклікае і існуючая сістэма навучання старшынь ТУ, якая, на думку кіраўнікоў таварыстваў, пакуль не падрыхтавана належным чынам, не ліцэнзавана і не атэставана, па сутнасці, ёсць толькі яе напрацоўкі.
— Зараз існуюць курсы-“выстрал” па навучанні старшынь пры БНТУ і “Жылкоме”, — патлумачыла спецыяліст міністэрства. — На пачатковым этапе гэтага дастаткова, для таго каб абазначыць старшыням ТУ і ЖБК, у якім напрамку і ў рамках якіх законаў яны могуць дзейнічаць. Вядзецца работа па стварэнні сістэмы спецыялізаванай адукацыі. Не засталося без увагі і пытанне магчымасці альтэрнатыўнага абслугоўвання дамоў камерцыйнымі структурамі.
— Мы павінны рыхтавацца да пашырэння рынку і быць гатовымі да таго, што тэхнічнае абслугоўванне і кіраванне будынкамі будуць ажыццяўляць прыватныя арганізацыі, як гэта робіцца ва ўсім свеце, — заўважыла Ірына Плаўская, старшыня ТУ Бурдэйнага, 37. — Значыць, трэба адыходзіць ад дзяржаўнага субсідзіравання і палітыкі прызначэння кіраўнікоў “зверху”.
ВЕЧНЫЯ НЮАНСЫ КАПІТАЛЬНАГА РАМОНТУ
Адлічэнні на капрамонт, магчымасць іх скарыстання і захавання таксама вельмі хвалююць уласнікаў.
— Існуе меркаванне, што сума адлічэнняў на капрамонт можа прымацца на агульных сходах жыхароў, — выказаўся Аляксандр Васільеў. — Ці існуе норма, якая вызначае колькасць і абавязковасць адлічэнняў на капрамонт?
— Плануецца, што ў новым жыллёвым кодэксе Савет Міністраў установіць новыя асобныя штомесячныя тарыфы для бягучага рамонту, абслугоўвання і капрамонту, — распавяла Данія Рузыева. — А абавязковасць адлічэнняў на капрамонт прапісана ў пункце палажэння аб арганізацыі-забудоўшчыку. За неадлічэнне гэтых сродкаў прадугледжана адміністрацыйная адказнасць.
Смачным кавалкам для абслуговых арганізацый любой формы ўласнасці з’яўляюцца новабудоўлі рэспублікі, бо на пачатку іх існавання траціць грошы на падтрыманне на належным узроўні будынкаў, як правіла, не трэба, а адлічэнні на капрамонт ужо паступаюць.
Іншая сітуацыя са старым жыллёвым фондам, якому патрабуецца гэты рамонт. З аднаго боку, перайсці на тэхабслугоўванне да недзяржаўнай арганізацыі такія дамы могуць толькі пасля капітальнага рамонту (каму без гэтага патрэбны старыя будынкі, якія не абслугоўваліся належным чынам на працягу многіх гадоў і на мадэрнізацыю якіх патрэбны вялікія грошы?). З іншага боку, атрымаць свае адлічэнні на капрамонт, каб перадаць іх новай абслуговай арганізацыі, уласнікі таксама не могуць.
Карацей, пакуль пытанняў больш, чым адказаў.
Ірына СІНІЦА



НОВЫ КАМЕНТАР