Палiтыка

Грубыя шахматы

2010-03-11

Каментароў: (0) A / A Змяніць шрыфт
Аляксандр Лукашэнка пачынае новую “шахматную партыю” з Еўропай і зноў выйграе?

А ЕЎРАПАРЛАМЕНТ СУПРАЦЬ

Павол Дземеш, дырэктар праграмы па Цэнтральнай і Усходняй Еўропе арганізацыі “Нямецкі план Маршала”, спрабуе публічна аналізаваць апошнія дзеянні беларускага прэзідэнта: “Лукашэнка зноў выйграе партыю. Высокапастаўленыя заходнія палітыкі пішуць яму лісты, вядуць перамовы, ветліва просяць зрабіць тое, што іх задаволіла б. У Беларусь арганізоўваюцца азнаямляльныя місіі, але яны знаходзяць толькі тое, што і раней было вядома. Польшча і Еўропа толькі абдумваюць наступны ход, а Лукашэнка ўжо даўно апярэдзіў іх. Лукашэнка — грубы шахматыст, які часта выкарыстоўвае забароненыя прыёмы (у тым ліку выдаляе фігуры з дошкі), і гэта выводзіць яго ўнутраных і знешніх апанентаў з раўнавагі. Новае кіраўніцтва Еўрасаюза павінна ўсвядоміць, што іх незвычайны сусед не здольны рэагаваць на стандартныя дыпламатычныя папярэджанні і на ціск”.

І вось Еўрапарламент прымае самую жорсткую за апошні час рэзалюцыю па Беларусі, у якой асуджаюцца прававыя і сілавыя дзеянні беларускіх улад супраць неафіцыйнага Саюза палякаў у Беларусі на чале з Анжалікай Борыс, выказваюцца патрабаванні легалізацыі арганізацыі і вяртання ёй канфіскаванай маёмасці. Акрамя таго, еўрапарламентарыі патрабуюць вызваліць асуджаных актывістаў апазіцыі і грамадзянскага грамадства Арцёма Дубскага, Івана Міхайлава (ён ужо вызвалены) і Андрэя Бандарэнку, а таксама зарэгістраваць у якасці партыі Беларускую хрысціянскую дэмакратыю, гарантаваць свабоду слова і аб’яднанняў і адмовіцца ад намераў кантраляваць інтэрнэт.

ДАСЛОЎНА

Камісар Еўрасаюза па пытаннях пашырэння ЕС і еўрапейскай палітыкі суседства Штэфан Фюле: “Тое, наколькі будуць развівацца стасункі паміж Беларуссю і ЕС, залежыць ад гатоўнасці Мінска прыступіць да асноўных дэмакратычных і эканамічных рэформ. ЕС будзе ўсяляк стымуляваць палітычныя і эканамічныя рэформы ў краінах-партнёрах. Мы гатовы прапанаваць новыя кантрактныя пагадненні аб асацыяцыі, свабодным гандлі, кроках у напрамку бязвізавага рэжыму. Між тым, перамовы з Украінай аб асацыяцыі з ЕС плануецца завяршыць сёлета. Такія ж перамовы з Малдовай пачаліся ў студзені гэтага года. Накіраваны на зацвярджэнне і перамоўныя мандаты з Азербайджанам, Арменіяй і Грузіяй. Што тычыцца Беларусі, то Еўракамісія вядзе перамовы наконт часовага пагаднення, гэта значыць папярэдняй згоды на асацыяцыю.

Праўда, самае цікавае чытаецца ў наступных радках рэзалюцыі Еўрапарламента: “Далейшае парушэнне правоў чалавека і вяршэнства законаў можа прывесці да перагляду цяперашняй пазіцыі ЕС у адносінах да Беларусі, у тым ліку і ў пытанні адмены мараторыя на санкцыі”.

Слова “санкцыі” ўжо даўно не гучала ў адносінах да Беларусі, якая абвясціла “лібералізацыю” ва ўсіх галінах палітычнага і эканамічнага жыцця. І вось зноў запахла гэтым непрыемным словам.

НАКОЛЬКІ МОЦНА АДЧУВАЕЦЦА "ПАХ"?

Палітолаг Андрэй Фёдараў лічыць, што адназначна не надта моцны. Вось што ён сказаў нашаму выданню: “Трэба шчыра прызнацца, што ў вядучых еўрапейскіх структур няшмат інструментарыя, каб сур’ёзна ўплываць на Лукашэнку і палітыку, якую ён праводзіць. Масква працягвае субсідзіраваць Беларусь у намнога большых аб’ёмах, чым Брусель. І гэтая тэндэнцыя бліжэйшым часам наўрад ці зменіцца. Еўрапейцы зацікаўлены ў захаванні беларускай незалежнасці, нашы ўлады выдатна гэта ведаюць і выкарыстоўваюць гэтую акалічнасць на ўсе сто”.

Наш эксперт Ігар Варатынец прытрымліваецца крыху іншага меркавання на гэты конт: “Аляксандр Лукашэнка, сапраўды, вельмі неблагі гулец. Амаль заўсёды ён дасягае поспехаў у сваіх “шахматных” партыях. Але перыяд гульні ў адны вароты, па-мойму, мінуў. З-за скандалу з незарэгістраваным Саюзам палякаў мы ўжо “правіслі” з атрыманнем чарговага буйнога крэдыту ЕС. Апошні зрабіў непразрысты намёк, што матэрыяльная дапамога прама залежыць ад дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі. Еўрапарламент выказаўся яшчэ больш рэзка”.

РУЖОВЫЯ АКУЛЯРЫ ЗНЯТЫЯ?

На думку Варатынца, тое, што Аляксандр Лукашэнка пайшоў на такі крок, як допыт генерала Усхопчыка ў сувязі з падзеямі ў Вільнюсе дваццацігадовай даўнасці, гаворыць аб многім. Як і той факт, што пасля нядаўняй сустрэчы А.Лукашэнкі з міністрам замежных спраў Польшчы была створана цэлая беларуска-польская камісія па ўрэгуляванні канфлікту вакол Саюза палякаў на Беларусі (СПБ).

Уявіць сабе падобныя паводзіны беларускага кіраўніцтва, якое лічыла, што мае рацыю ва ўсім і заўсёды, некалькі гадоў таму было немагчыма. Праўда, ціск на незалежную прэсу, грамадскія арганізацыі і палітычныя партыі напярэдадні мясцовых і асабліва прэзідэнцкіх выбараў пакуль толькі ўзмацняецца. Але, як паказвае апошняя рэзалюцыя Еўрапарламента, на гэты раз Еўропа ўжо не будзе патураць.

Ды і Маскве гульня з беларускім партнёрам у грубыя шахматы таксама надакучыла. Можа, надышоў час вучыцца правілам гульні ў шахматы нармальныя?

Віктар АЛЯШКЕВІЧ

Каментароў: (0) Раздрукаваць Уверх
НОВЫ КАМЕНТАР
Малюнак CAPTCHA

ЯШЧЭ АРТЫКУЛЫ ГЭТАЙ РУБРЫКІ

КАМЕНТАРЫ

НАЙБОЛЬШ ЧЫТАНАЕ

Погляд

свежы нумар

Adobe PDF Reader

Для чытання газеты ў фармаце
pdf Вам спатрэбіцца “PDF reader”

АРХIў САЙТА

АПЫТАННЕ

Колькі, на ваш погляд, павінна быць дзяцей у сям'і?

Усяго прагаласавалі: 14

0%: Аднаго дастаткова..
 
35%: Два.
 
57%: Больш за два.
 
7%: Дзеці ўвогуле не абавязковы для сям'і.
 
СПАСЫЛКI