Погляд
Прыступ галавакружэння
Максім Пешка • 2010-03-01
Каментароў: (0) A / A Змяніць шрыфтМіж тым маці неаднойчы расказвала мне пра свайго дзеда — беларускага селяніна і яго дзяцей. Старэйшыя сыны, як і іх бацька, былі мужыкамі працавітымі, сямейная гаспадарка лічылася лепшай у роднай вёсцы. За гэта ў 1930-м усю сям’ю раскулачылі і саслалі на Поўнач. Ім удалося ўцячы з пасялення і ўладкавацца на працу ў Ленінградзе. Старэйшы з адчаю ўтапіўся ў Няве. Двое братоў загінулі пазней на фронце. Малодшую з сясцёр, маю бабулю, у 1930-м сустрэў яе будучы муж, мой дзед, і адвёз у Мінск.
Чамусьці я ўспрымаў тыя аповеды пра “раскулачванне” неяк асобна ад паняццяў “ГУЛАГ” і “сталіншчына”. Чаму я пра гэта ўспомніў?
Акурат 80 гадоў таму, 2 сакавіка 1930 года, у газеце “Правда” выйшаў артыкул Сталіна “Галавакружэнне ад поспехаў”. Калі я вучыўся ў школе (а потым і ў інстытуце), гэты дакумент падаваўся як выключна станоўчы (дарэчы, як і ў хрэстаматыйным рамане Шолахава “Узнятая цаліна”). Маўляў, Сталін асудзіў у сваім артыкуле “перагібы” ў калгасным будаўніцтве — напрыклад, гвалтоўнае абагуленне свойскай жывёлы і птушак. Але ж насамрэч гэта быў прыклад цынічнага падману і палітыканства. Усяго за некалькі месяцаў да таго Сталін (таксама ў “Правде”) выступіў за маштабную калектывізацыю, аднак раптам выявілася, што ў выніку “галавакружэння ад поспехаў” былі дапушчаны некаторыя памылкі. Прычым толькі ў аддаленых паўночных раёнах і ў Сярэдняй Азіі.
Вось цытата з артыкула: “Вядома, што ў шэрагу раёнаў Туркестана ўжо рабіліся спробы "дагнаць і перагнаць” перадавыя раёны СССР шляхам пагрозы ваеннай сілай (...). Што можа быць агульнага паміж гэтай “палітыкай” унтэра Прышыбеева і палітыкай партыі, якая абапіраецца на добраахвотнасць і ўлік мясцовых асаблівасцей у справе калгаснага будаўніцтва? Ясна, што паміж імі няма і не можа быць нічога агульнага. Каму патрэбны гэтыя скажэнні, гэтае чыноўніцкае дэкрэтаванне калгаснага руху, гэтыя нягодныя пагрозы ў адносінах да сялян? Нікому, апрача нашых ворагаў”. (Ворагамі неўзабаве абвесцяць “трацкістаў”, а за імі — “бухарынцаў”.)
Лёгка заўважыць, што ў артыкуле галоўнай партыйнай газеты здымаецца віна за “скажэнні” з ЦК на чале з генсекам, ды і з партыі ўвогуле. А прычына з’яўлення артыкула ў “Правде” была простай: палітыка “суцэльнай калектывізацыі” выклікала супраціў сялянства. У студзені 1930-га было зафіксавана 346 масавых выступленняў сялян, у лютым — 736, а ў сакавіку ў Беларусі, у Цэнтральна-Чарназёмным раёне, Паволжы, іншых рэгіёнах Расіі, на Каўказе і ў Сярэдняй Азіі іх было ўжо больш за 1600. У акцыях пратэсту ўдзельнічалі каля 800 тысяч чалавек. Ва Украіне тым часам хваляванні ахапілі ўжо больш за тысячу населеных пунктаў. Праз два гады там пачнецца Галадамор...
Радасць, што ахапіла сялян пасля выхаду сталінскага артыкула, была нядоўгай. Суцэльная калектывізацыя і раскулачванне працягваліся. Паводле даведкі аддзела ДПУ па спецперасяленцах ГУЛАГа, у 1930—1931 гг. былі выселены на Урал, у Сібір і Далёкі Усход 381 026 сем’яў агульнай колькасцю 1 803 392 чалавекі. Большасць з тых людзей загінулі яшчэ падчас дэпартацыі, а потым ад холаду, хвароб і нязносных умоў жыцця ў “спецпасяленнях”, якія ім самім давялося будаваць у тайзе ці тундры.
Нават на ХХ з’ездзе КПСС, дзе былі асуджаны парушэнні “сацыялістычнай законнасці” і выкрыты “культ асобы” Сталіна, індустрыялізацыя і калектывізацыя не ставіліся пад сумнеў. Хоць у выніку тых дасягненняў сацыялізму не проста было ліквідавана кулацтва як клас — быў зламаны хрыбет сялянства. Наступствы гэтага адчуваюцца і дагэтуль, у тым ліку ў Беларусі. І не толькі ў эканоміцы, але і ў масавай псіхалогіі. Многія нашы сучаснікі апраўдваюць гвалтоўную калектывізацыю, гібель мільёнаў сялян (у тым ліку жанчын і маленькіх дзяцей) інтарэсамі дзяржавы — СССР.
Улады Масквы ў сувязі з 65-годдзем Перамогі вырашылі ўсталяваць у горадзе па просьбе ветэранаў “інфармацыйныя стэнды”, прысвечаныя Сталіну. Можна не сумнявацца, што на іх не будзе ніякай інфармацыі пра сталінскія злачынствы і гвалт над народамі.
А на “Лінію Сталіна”, што пад Мінскам, будуць па-ранейшаму прывозіць турыстаў...
Максім ПЕШКА



НОВЫ КАМЕНТАР