Спорт
Палёт Грышына ў гісторыю
Спорт • 2010-03-01
Каментароў: (0) A / A Змяніць шрыфтФРЫСТАЙЛ — №1
У Канаду выправіліся 49 нашых алімпійцаў, якія прадстаўлялі Беларусь у шасці відах спорту. Па традыцыі галоўныя медальныя надзеі звязвалі з двума відамі — фрыстайлам і біятлонам.
Сярод лыжнікаў-акрабатаў несумненным фаварытам быў 25-гадовы Антон Кушнір, які некалькі гадоў назад прыехаў у Беларусь з Украіны. Усяго за тры тыдні да алімпійскага старту хлопец заваяваў перамогу ў агульным заліку Кубка свету, выйграўшы тры апошнія этапы. Адмыслоўцаў гэта насцярожыла, і недарма: у алімпійскай кваліфікацыі Кушнір заваліў другую спробу і застаўся па-за фіналам. Капітан нашай зборнай Дзмітры Дашчынскі, для якога ванкуверская Алімпіяда была пятай (!), упаў ужо ў фінале, што аўтаматычна выкрасліла яго з ліку прэтэндэнтаў.
30-гадовы Аляксей Грышын, чэмпіён свету-2001 і алімпійскі прызёр-2002, апошнім часам не мог пахваліцца вялікімі поспехамі. У Кубку свету-2010 ён фінішаваў толькі на 10-й пазіцыі, аднак мэтанакіравана рыхтаваўся да Ванкувера.
“Алімпійскаму турніру была падпарадкавана ўся падрыхтоўка ў гэтым сезоне, пачатак якога быў вельмі складаным. Імкнуўся не расслабляцца, трымаў сябе ў такім стане, каб не перагарэць," — распавёў Грышын апасля. Ён бліскуча выканаў два фінальныя скачкі, суправадзіўшы ў апошнім трэцяе сальта двума піруэтамі, — элемент ультра-сі! І ўтрымаўся на нагах. Ёсць першае алімпійскае золата для Беларусі!
Дзякуючы Грышыну нашы фрыстайлісты не застаюцца без медалёў вось ужо чацвёртую Алімпіяду запар. Гэта і называецца моцнай нацыянальнай школай. Некалі тое самае можна было сказаць і пра біятланістаў, але…
БІЯТЛОННЫ СЮРПРЫЗ
Ванкуверскі поспех айчынных лыжнікаў-стралкоў стаўся, хутчэй, прыемнай неспадзяванкай, чым заканамернасцю. Нежаданне кіраўніцтва галіны выхоўваць уласных майстроў і згубная практыка завозу ў Беларусь расійскіх і ўкраінскіх “штыхов” прычынілася да таго, што за спінамі біятланістаў савецкай школы пераемнікаў не аказалася. Балазе, на радзіму з Расіі вярнулася суперталенавітая Даша Домрачава, якая прайшла праз школу расійскіх трэнераў. Менавіта з яе імем звязаны ўсе поспехі айчыннага біятлону апошніх трох гадоў. Не падвяла Даша і ў Ванкуверы. У гонцы на 15 км беларуска зрабіла адзін промах і фінішавала трэцяй, прысвяціўшы медаль нябожчыку бацьку.
Дзень 18 лютага стаў для беларусаў сапраўды шчаслівым, бо следам за Домрачавай нашу медальную скарбонку папоўніў 30-гадовы Сяргей Новікаў. З’яўляючыся біятланістам з трэцяй дзясяткі рэйтынгу, у Ванкуверы магілёвец нечакана адстраляўся на “нуль” у гонцы на 20 км. Высокі тэмп па дыстанцыі вывеў яго на другое месца, якое ён падзяліў з легендарным нарвежцам Оле-Эйнарам Бьёрндаленам. Арганізатарам не заставалася нічога іншага, як уручыць срэбра абодвум.
СТАТЫСТЫ
Аднак далей за біятлонам і фрыстайлам у нас змрок. Хакейная дружына на чале з Міхаілам Захаравым прадэманстравала найгоршае выступленне з 1998 года. Усяго адна перамога (над немцамі), тры паразы (ад Фінляндыі, Швецыі і Швейцарыі) і адсутнасць гульні — вынік бардаку, які пануе ў айчынным хакеі. Разборкі паміж Мінспорту, Нацыянальным алімпійскім камітэтам і Федэрацыяй хакея Беларусі (ФХРБ), адстаўка старшыні ФХРБ Навумава, галоўнага трэнера зборнай канадца Хэнлана і прызначэнне на яго месца асабістага настаўніка прэзідэнта Захарава — усё гэта не магло спрыяць удаламу выступленню зборнай. Праваліўшы групавы турнір, Захараў, які адначасова ўзначальвае мінскае “Юнацтва” і ўкраінскую зборную, на ўвесь свет зняславіўся скандальнымі заявамі. Гэтак, ён абвінаваціў канадцаў у “адсутнасці мазгоў”, а расійскі хакей назваў “нашым”.
Нагадаем, што калі зборная Беларусі не трапіла на Алімпіяду-2006, ёю таксама кіраваў Захараў.
У лыжных гонках, каньках, горных лыжах беларусы былі статыстамі, займаючы месцы ў 4-5 дзясятку. На гэтым не прамінуў засяродзіць увагу прэзідэнт Беларусі і НАК Аляксандр Лукашэнка, які раскрытыкаваў выступ хакеістаў і лыжнікаў. "Гульні ў Ванкуверы — падстава для сур’ёзнага аналізу і канкрэтных высноваў", — падкрэсліў ён.
Беларускі зімовы спорт працягвае спальваць велізарныя бюджэтныя сродкі, значная частка якіх марнуецца на завоз “варагаў” і дасягненне імгненнага выніку, у той час як дзіцяча-юнацкія школы гібеюць без фінансавання. Вельмі не хочацца, каб ванкуверскі трыумф фрыстайлістаў з біятланістамі ў чарговы раз абяліў бяздзейнасць спартовых чыноўнікаў, стаўшы стоп-кранам для саспелых рэформаў.
9 МЕДАЛЁЎ НА 5 ГУЛЬНЯЎ
Гульні ў Ванкуверы былі для беларусаў пятымі.
У 1994 годзе на дэбютнай Алімпіядзе ў Лілехамеры беларусы выступалі пад бел-чырвона-белым сцягам. 37 атлетаў спаборнічалі ў 7 відах спорту, заваяваўшы два срэбраныя медалі. Найлепшая біятланістка ў гісторыі Беларусі Святлана Парамыгіна фінішавала другой у спрынтарскай гонцы. Ад перамогі яе аддзяляла ўсяго нічога — 1,1 секунды. 6-разовы чэмпіён свету канькабежац Ігар Жалязоўскі таксама стаў другім, саступіўшы не менш легендарнаму амерыканцу Джэнсану 29 сотых секунды.
У 1998-м у Нагана, дзякуючы хакеістам, беларусаў было ўжо 62. Выступаючы ў 9 відах праграмы, беларусы зноў здабылі два медалі — бронзавыя. Самы малады з нашых лыжнікаў-стралкоў Аляксей Айдараў сенсацыйна фінішаваў трэцім на 20-кіламетровай дыстанцыі. Другі медаль — заслуга фрыстайліста Дзмітрыя Дашчынскага.
У заакіянскім Солт-Лэйк-Сіці-2002 прадстаўнікоў сінявокай было гэтулькі ж, як і ў Нагана. Нягледзячы на шалёны поспех хакейнай зборнай, якая ў чвэрцьфінале зрынула шведаў, медаль быў усяго адзін. Гэтым разам алімпійскую бронзу заваяваў прыяцель Дашчынскага Аляксей Грышын.
Праз адсутнасць хакейнай зборнай Алімпіяда-2006 у Турыне стала для нашых самай малапрадстаўнічай. 28 атлетаў змагаліся за месца пад сонцам у сямі відах. Як і чатыры гады назад, ад “бубліка” каманду выратавалі фрыстайлісты, а дакладней, Дашчынскі, якога суддзі паставілі на другое месца пасля кітайца.
Такім чынам, з улікам ванкуверскіх перамог у скарбонцы беларусаў 9 медалёў (1-3-5) на пяці гульнях. Алімпіяда-2014 адбудзецца ў расійскім Сочы.
Віталь РУДЗІЦКІ



НОВЫ КАМЕНТАР