Грамадства

Ці стане 23 лютага 8-м верасня?

Люстра дзён  •  2010-02-24

Каментароў: (0) A / A Змяніць шрыфт
Дзень абаронцаў Айчыны (23 лютага) далёка не ўсе вайскоўцы (былыя і дзеючыя) лічаць сапраўдным святам для Беларусі.

Не ведаем, што святкуем

23 лютага з самага ранку пачалі прыходзіць эсэмэскі і гучаць тэлефанаванні з віншаваннямі з “самым мужчынскім” святам. Самае цікавае заключалася ў фармулёўцы віншавання. Пераважалі ў асноўным здравіцы ў адрас Савецкай Арміі і Ваенна-марскога флоту, урачыстыя словы пра Дзень абаронцаў Айчыны. Ну, і віншавалі проста як мужчыну, які 2 гады аддаў тэрміновай вайсковай службе.

Усе гэтыя знакі ўвагі выклікалі незразумелыя пачуцці. З аднаго боку, што дрэннага ў абароне Айчыны? З іншага, ну чаму гэтыя часта пафасныя словы ў адрас беларускіх мужчын гучаць менавіта 23 лютага?

Па-першае, Савецкай Арміі і Ваенна-Марскога флоту не існуе ўжо 19 год. Па-другое, беларусы пад Нарвай і Псковам у тыя часы калі і былі, то вельмі ў нязначнай колькасці. І тая перамога Чырвонай Арміі Беларусі нічога станоўчага не дала. Заходняя Беларусь адышла ў канчатковым выніку палякам. Па-трэцяе, няўжо ў нас няма сваіх дат вайсковага гонару?

Разумею, што не першы задаю гэтыя пытанні, але яны і сёння застаюцца актуальнымі.

8 верасня 1992 года, у чарговую гадавіну бітвы пад Оршай, на плошчы Незалежнасці некалькі афіцэраў прымалі вайсковую прысягу на вернасць Беларусі.

Бараніць па закліку душы

Мікола Статкевіч, падпалкоўнік запасу, адзін з тых, хто прымаў тады гэтую прысягу. Па сутнасці, ён і быў асноўным арганізатарам згаданай унікальнай акцыі ў гісторыі незалежнай Беларусі. Можа, таму ён і перакананы, што менавіта дата 8 верасня павінна стаць Днём беларускай вайсковай славы, але не Днём абаронцаў Айчыны: “23 лютага для мяне, канечне, не нацыянальнае свята. Безумоўна, мяне віншавалі мае былыя калегі па арміі, якой я аддаў 20 гадоў. Канечне, нешта ёкала ў гэты дзень. На маю думку, Дзень абаронцаў Айчыны павінен адзначацца 27 лістапада: сёлета спаўняецца 90 год Слуцкаму паўстанню, падчас якога беларусы баранілі сваю зямлю. Не па мабілізацыйным прызыве. Не выключна кадравыя афіцэры. А ўсе, хто лічыў сваім абавязкам зрабіць гэтую зямлю свабоднай і незалежнай”.

А вось Днём вайсковай славы, на думку Статкевіча, мог бы стаць дзень 8 верасня. І не толькі таму, што тады адбылася Аршанская бітва. (Нагадаем, што ў гэтай бітве была атрымана самая буйная перамога ў беларускай гісторыі. 8 верасня 1514 года 30-тысячная армія Вялікага Княства Літоўскага пад кіраўніцтвам Кастуся Астрожскага разграміла войска Маскоўскага княства, якое па колькасці ў тры разы перавышала войска ВКЛ.) Гэта была ЧЫСТА беларуская перамога ў адрозненне ад іншых нашых перамог. І яна дапамагала нам падтрымліваць сваю незалежнасць доўгія гады.

Мы ж не крыўдуем на расіян

Баяцца таго, што ў выпадку абвяшчэння 8 верасня Днём беларускай вайсковай славы на нас моцна пакрыўдзяцца расіяне, на думку Статкевіча, не варта: “Нават у адным з расійскіх гістарычных даведнікаў Аршанская бітва аднесена да 100 найбольш вялікіх бітваў еўрапейскай гісторыі. Яе і зараз вывучаюць у вядучых ваенных вучэльнях і акадэміях свету. Да таго ж мы не крыўдзімся на расіян за тое, што яны абвясцілі 4 лістапада Днём прымірэння і згоды”. (4 лістапада 1612 года расійскія войскі святкавалі перамогу над “палякамі”, у склад войска якіх уваходзілі і беларусы.)

Валер Костка, падпалкоўнік КДБ у адстаўцы, які таксама прымаў прысягу на вернасць Беларусі 8 верасня 1992 года, не лічыць 23 лютага сваім святам: “Усё гэта засталося ў далёкім мінулым, вяртання да якога няма. Трэба думаць пра будучыню, вучыць сваіх нашчадкаў мужнасці і патрыятызму на прыкладах беларускай вайсковай славы. І абмінуць пры гэтым дату 8 верасня беларусам ніяк не выпадае”.

Дарэчы, усе без выключэння афіцэры, якія прымалі прысягу на вернасць Беларусі 18 гадоў назад на плошчы Незалежнасці, пазней звольніліся з войска — і па ўласным жаданні, і па жаданні высокага начальства. Але іх адданасць менавіта нацыянальнаму войску ў рэшце рэшт перадасца ўсім беларускім вайскоўцам. Нават цяперашнія ўлады былі вымушаны пайсці на пераклад тэксту вайсковага статута на беларускую мову, а Рота ганаровай варты і зараз выконвае ўсе свае каманды на роднай мове.

Чакаць засталося нядоўга?

Так што 23 лютага, думаецца, выстаіць яшчэ некалькі гадоў.

Дарэчы, сёння гэтую дату напоўніцу святкуюць фактычна толькі дзве краіны — Расія і Беларусь.

А Міжнародным мужчынскім днём у многіх краінах свету лічыцца 19 лістапада. У гэты дзень прынята адзначаць дасягненні мужчын у грамадскім і сямейным жыцці, а таксама ў іх стаўленні да жанчын.

Вось так. Коратка і зразумела.

З гісторыі свята

У 1918 годзе 23 лютага атрады Чырвонай Арміі атрымалі свае першыя перамогі пад Псковам і Нарвай над рэгулярнымі войскамі кайзераўскай Германіі. Праз 4 гады гэтая дата стала афіцыйна адзначацца як дзень народзінаў Чырвонай Арміі.

Самае цікавае, што тая перамога ЧА-1918 не дапамагла бальшавікам перамагчы немцаў, і ўжо літаральна праз паўтара тыдня — 3 сакавіка таго ж года — паміж Савецкай Расіяй і Германіяй быў заключаны ганебны Брэсцкі мір.

Пазней дата 23 лютага была перайменавана ў Дзень Савецкай Арміі і Ваенна-Марскога флоту, ад якога пасля распаду СССР адмовіліся амаль усе былыя рэспублікі Савецкага Саюза.

 

Віктар АЛЯШКЕВІЧ

Каментароў: (0) Раздрукаваць Уверх
НОВЫ КАМЕНТАР
Малюнак CAPTCHA

ЯШЧЭ АРТЫКУЛЫ ГЭТАЙ РУБРЫКІ

КАМЕНТАРЫ

НАЙБОЛЬШ ЧЫТАНАЕ

Погляд

свежы нумар

Adobe PDF Reader

Для чытання газеты ў фармаце
pdf Вам спатрэбіцца “PDF reader”

АРХIў САЙТА

АПЫТАННЕ

Колькі, на ваш погляд, павінна быць дзяцей у сям'і?

Усяго прагаласавалі: 14

0%: Аднаго дастаткова..
 
35%: Два.
 
57%: Больш за два.
 
7%: Дзеці ўвогуле не абавязковы для сям'і.
 
СПАСЫЛКI