Апублікована у выданні “Тут і цяпер”
16 лютага 2010 г.

“Еўранэст” як лакмусавая паперка

Пытанне наконт таго, як будзе сфарміравана беларуская дэлегацыя ў “Еўранэсце” (гэта Парламенцкая асамблея праграмы “Усходняе партнёрства”), застаецца на перыферыі ўвагі. А дарма: магчыма, менавіта праз гэта будуць вызначаны тэндэнцыі ў адносінах паміж афіцыйным Мінскам і ЕС на бліжэйшую будучыню.

Відавочна, што “Еўранэст” не будзе мець сур’ёзнай палітычнай вагі. Гэта досыць фармальная структура, якой наканавана роля своеасаблівага палітычнага клуба. Аднак у дачыненнях паміж Бруселем і Мінскам “Еўранэст” адыгрывае ролю лакмусавай паперкі.

Справа ў тым, што выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, якія адбыліся ўвосень 2008-га, былі недэмакратычнымі і непразрыстымі. Усе 110 дэпутатаў былі вызначаны пасля першага тура, а дакладней кажучы, яшчэ раней — у прэзідэнцкай адміністрацыі. Таму разглядаць сённяшніх дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў у якасці паўнавартасных парламентарыяў немагчыма. Да такой высновы прыйшлі і міжнародныя назіральнікі, якія сачылі за “выбарамі” ў 2008 годзе.

Калі ж Беларусь далучылася да праграмы “Усходняе партнёрства”, паўстала пікантнае пытанне наконт складу нацыянальнай дэлегацыі ў “Еўранэсце”. Натуральна, афіцыйны Мінск настойваў на тым, што ўсе 10 дэлегатаў мусяць быць дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў. Аднак Еўрасаюз не “праглынуў” гэтую прапанову, бо сам раней палічыў тыя выбары нелегітымнымі. Замест гэтага Брусель прапанаваў кампрамісны варыянт: у беларускую дэлегацыю павінны ўвайсці 5 дэпутатаў палаты і 5 прадстаўнікоў апазіцыі.

Беларускія ўлады абурыліся і назвалі такі варыянт “дыскрымінацыяй”. Маўляў, усе краіны ў “Еўранэсце” будуць рэпрэзентаваны выключна парламентарыямі, таму і мы мусім быць нараўне. Тое, як “абіраліся” нашы дэпутаты, заставалася па-за абмеркаваннем.

Але гэтым разам і высокапастаўленыя еўрапейскія палітыкі занялі цвёрдую пазіцыю (прынамсі, калі меркаваць па заявах). Кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламента Яцэк Пратасевіч паведаміў: або беларускае кіраўніцтва пагодзіцца з варыянтам “5+5”, або ўсе 10 месцаў у “Еўранэсце” адыдуць да апазіцыі.

У сваю чаргу з Мінска пайшлі пагрозы, што ў такім выпадку Беларусь можа наогул адмовіцца ад “Усходняга партнёрства”, і тады пытанне пра “Еўранэст” будзе канчаткова вырашана...

Такім чынам, нехта павінен саступіць. І ад таго, хто гэта зробіць, залежыць, як будуць разгортвацца стасункі паміж нашай краінай і Захадам.

“Адліга” ператварылася ў своеасаблівую гульню, лік у якой пакуль на карысць беларускіх улад. Каманда Лукашэнкі атрымала ад Захаду крэдыты, якія дазволілі захаваць стабільнасць у дзяржаве летась. Аднак палітычная лібералізацыя ў Беларусі далей за заявы не пайшла. Рэжым па-ранейшаму пераследуе іншадумцаў (хіба што рэпрэсіі сталі крыху мякчэйшымі) і не збіраецца дзяліцца ні кропляй улады.

Для Лукашэнкі дэпутаты палаты — дробная манета. Аднак, пагадзіўшыся на варыянт “5+5”, беларуская ўлада прадэманструе схільнасць да кампрамісаў, чаго ёй надта не хочацца. Таму яна паспрабуе ціснуць на Захад, каб нацыянальная дэлегацыя ў “Еўранэсце” была створана на агульных падставах, шантажыруючы выхадам з “Усходняга партнёрства”.

Шансы на поспех у кіраўніцтва Беларусі ёсць. Нават у Еўрасаюзе існуюць розныя думкі наконт сітуацыі, што склалася. Так, на пачатку лютага венгерскія парламентарыі падчас візіту ў Мінск заявілі, што выступаюць за паўнавартасны ўдзел беларускіх дэпутатаў у “Еўранэсце”.

Аднак, калі Захад саступіць афіцыйнаму Мінску і ў гэтай справе, то ў бліжэйшай будучыні любыя спробы дамагчыся ад Лукашэнкі хоць чаго-небудзь будуць асуджаны на правал. Таму Еўропа павінна заняць цвёрдую пазіцыю (тым больш што беларускія ўлады па-ранейшаму маюць патрэбу ў крэдытах МВФ).

Хто капітулюе, мы неўзабаве пабачым. На наступным тыдні ў Мінску чакаюць дэлегацыю Еўрапарламента, мэтай візіту якой з’яўляецца вызначэнне фармату ўдзелу Беларусі ў “Еўранэсце”.

Валянцін СЫЧ