Культура
Непаўторна непаўторны
Культура • 2010-02-15
Каментароў: (0) A / A Змяніць шрыфт"СПРАВАЗДАЧА" ЗА ЖЫЦЦЁ
Хто яшчэ не чуў, ідзецца пра дзвюхмоўны зборнік выбраных твораў Рыгора Барадуліна “Перакуленае/Опрокинутое” (укладальнік — Сяргей Шапран), выдадзены ў маскоўскім выдавецтве “Время” акурат да 75-гадовага юбілею паэта, які ён будзе адзначаць 24 лютага.
З кнігі “Перакуленае/Опрокинутое”
Ты сабе, душа,
Свабодна лётай.
Я дабуду тут
Зямную рату.
Чую, кліча мама
З неахвотай.
Клікала не так,
Бывала ў хату…
2009
Ты себе, душа,
Летай свободно.
Я задолжал еще
Свою земную плату.
Слышу, мама
Кличет неохотно,
Совсем не так
Звала когда-то
В хату…
“У гэтай кнізе сабрана лепшае з лепшага, створанае Барадуліным. Нібыта перад святочным сталом і высокім юбілеем Рыгор Іванавіч паказвае творчую “справаздачу” зробленага за ўсё жыццё, — ахарактарызаваў выданне ў інтэрв’ю карэспандэнту “ТіЦ” старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч. — Апроч таго, у гэтай кнізе сабраны і лепшыя перакладчыкі беларускай паэзіі на блізкую нам расійскую мову: Ігар Шклярэўскі, Іван Бурсаў, Якаў Хелемскі, Аляксандр Дракахруст, Валянцін Тарас, Навум Кіслік, Вікторыя Бохан… Нібыта Барадулін сабраў гэтую сябрыну за кніжным сталом, ну, а яе маршалкам стаў Уладзімір Някляеў, які напісаў прадмову да тома”.
На жаль, сам Рыгор Іванавіч да Нацыянальнага выставачнага цэнтра "БелЭкспа" дабрацца не здолеў. Усяго за тры дні да гэтага Барадулін выпісаўся з мінскай бальніцы № 10, куды трапіў ужо ў другі раз за кароткі час. Праблемы з сэрцам змусілі паэта нават Новы год сустракаць у сценах лякарні.
І тым не менш невялічкая прастора, адведзеная ў выставачным павільёне для прэзентацыі кнігі Барадуліна, была бітма набіта народам. Пра кнігу і ейнага аўтара прыйшлі распавесці як укладальнікі зборніка, гэтак і самыя блізкія сябры і паплечнікі паэта.
ЧАМУ АПАЗІЦЫЯНЕРЫ?
“Выбранае Барадуліна — не першая кніга беларускага прыгожага пісьменства, выдадзеная ў нас. У гэтым шэрагу выйшлі 8 з 14 запланаваных тамоў Поўнага збору твораў Васіля Быкава, пяцітомны збор твораў Святланы Алексіевіч, — распачаў прэзентацыю дырэктар выдавецтва “Время” Барыс Пастарнак. — “Чаму ў вас такі выбар беларускіх аўтараў?”, — нярэдка пытаюцца ў мяне, робячы намёк на іх апазіцыйнасць. Тут мне адказаць вельмі лёгка. У нас адзіны крытэр — якасць твора. Адносіны ж паэта і цара нас зусім не цікавяць. Больш за тое, я задумаўся, а ў каго з вялікіх паэтаў былі добрыя адносіны з уладамі?”
Тут варта дадаць, што партнёрам выдавецтва выступіў незалежны Саюз беларускіх пісьменікаў, сябрам якога з’яўляецца Барадулін, гэтак жа, як і ўсе сур’ёзныя прадстаўнікі сучаснай беларускай літаратуры. Пазбавіўшыся ўсялякай дзяржаўнай падтрымкі, СБП цяпер перажывае чарговую хвалю дзяржаўнага ўціску, ініцыяванага з самой Адміністрацыяй Лукашэнкі. Пра гэта “ТіЦ” распавядала ў папярэдніх нумарах.
Самае цікавае, што ўсяго ў 10 метрах ад барадулінскай прэзентацыі надрываліся дынамікі пампезнага стэнда Міністэрства інфармацыі, дзе ля мікрафонаў час ад часу з’яўляліся “дзеячы” праўладнага Саюза пісьменнікаў Беларусі. Натуральна, ніводнай афіцыйнай асобы на прэзентацыі выдавецтва “Время” не было.
"УСПАМІНАЦЬ ПРА ЎЛАДУ БУДУЦЬ АДПАВЕДНА"
“Барыс сказаў, што тыя, каго яны выдаюць, — апазіцыя для нейкіх уладных структур. Думаю, для літаратуры гэта нястрашна, нават звычайная ва ўсім свеце з’ява, — пачаў свой выступ лаўрэат Дзяржпрэміі, паэт Генадзь Бураўкін. — Страшна для ўлады тое, што яна знаходзіцца ў апазіцыі да сапраўднай літаратуры. Рана ці позна час, людзі даюць гэтай уладзе ацэнку. І калі яна ў свой час не захацела, не здолела ацаніць сапраўдны талент такіх геніяў, як Быкаў, Барадулін, я не сумняваюся, што і ўспамінаць гэту ўладу будуць адпаведна”.
Прэзентацыю “Перакуленага/Опрокинутого” Бураўкін назваў “святам літаратурнай моцы”, а без пяці хвілін юбіляра — “сапраўды геніяльным чалавекам”. “Мы з вамі шчаслівыя людзі, што Бог падарыў нам радасць жыць у адзін час і на адной зямлі з Быкавым і Барадуліным”, — адзначыў ён.
Блізкі сябар Рыгора Барадуліна, лаўрэат Дзяржпрэміі Беларусі Сяргей Законнікаў звярнуў увагу прысутных на выключную ролю паэта ў лёсе Беларусі. “Рыгора Барадуліна называюць чараўніком беларускага слова, каралём метафары, але я хачу сказаць, што гэтай непаўторнай мовай ён умацоўвае нашу дзяржаву, — адзначыў Законнікаў. — У нашых умовах мова, яе пашырэнне ў грамадстве — гарант незалежнай дзяржавы. Той, хто не разумее гэтага, ад малых да вялікіх, нічога не разумее ў гэтым жыцці”.
Паводле Законнікава, кожная творчая асоба — непаўторная, але Барадуліна можна назваць “непаўторна непаўторным”. “Такога чалавека, які б вывеў прыгажосць нашага слова на завоблачны ўзровень, яшчэ не было. Мы з цеплынёй і пашанай ставімся да Купалы і Коласа, але, разглядаючы сённяшні перыяд, лепшага за Барадуліна ў нас не было”.
Язэп ШЧАБЛОЎСКІ
PS. Вечарам 14 лютага народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін быў шпіталізаваны ў лякарню Кіраўніцтва спраў прэзідэнта з двухбаковай віруснай пнеўманіяй.


НОВЫ КАМЕНТАР