Грамадства

Ці зажывуць рэгіёны па-еўрапейску

Люстра дзён  •  2010-02-09

Каментароў: (0) A / A Змяніць шрыфт
У Беларусі няма мясцовага самакіравання ў агульнапрынятым сэнсе, аднак супраца мясцовых уладаў і грамадзянскай супольнасці з дапамогай еўрапейскіх экспертаў у пэўных праектах пасоўваецца даволі паспяхова.

Пра гэта на мінулым тыдні гаварылі ў Мінску на навукова-практычнай канферэнцыі “Мясцовае развіццё на постсавецкай прасторы: досвед даследаванняў і праблемы кіравання”.

КАЛІ ВА ЎЛАДАЎ І ГРАМАДСТВА АДНЫ МЭТЫ

Як распавёў эксперт Праграмы падтрымкі Беларусі Федэральнага ўрада Германіі Алег Сівагракаў, у 1999 годзе ў Беларусі ўзнікла новая форма самаарганізацыі грамадзянаў у выглядзе мясцовых ініцыятываў — “Мясцовыя парадкі дня-21” (“МП-21”). Гэта дзейнасць актыўных прадстаўнікоў мясцовых супольнасцяў па распрацоўцы і рэалізацыі стратэгій устойлівага развіцця тэрыторый (ад гарадоў да вёсак) і арганізацый (ад школ да таварыстваў уласнікаў).

Пачынаючы з 2004 года, “МП-21” рэалізуюцца ў межах Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на перыяд да 2020 года. Распрацаваная з дапамогай ПРААН і зацверджаная Саўмінам, праграма дазваляе “легалізаваць” дзейнасць ініцыятыўных груп на мясцовым узроўні. У іх склад уваходзяць як прадстаўнікі грамадскіх недзяржаўных арганізацый, гэтак і мясцовых Саветаў, выканкамаў, бізнэсу і г.д.

Паводле словаў экспертаў, унікальнасць гэтай праграмы мясцовага развіцця ў тым, што на адзінай платформе прынцыпаў аб’ядноўваюцца ўсе існыя актыўныя сілы — грамадскія і дзяржаўныя, праца якіх будуецца на грунце партнёрства і адкрытасці. Менавіта так жыве еўрапейская правінцыя, але для Беларусі гэта значны прарыў.

Адзначым, што асаблівую цікавасць да распрацоўкі і рэалізацыі “МП-21” праяўляюць улады малых гарадоў, пасёлкаў і сельсаветаў. Па-першае, гэтым тэрытарыяльным адзінкам бракуе фінансавых сродкаў. Па-другое, у іх няма доўгатэрміновых стратэгій развіцця (апроч гадавых планаў). Па-трэцяе, складаная сацыяльна-эканамічная сітуацыя часта прыводзіць да аслаблення адміністрацыйнага ўплыву “вертыкалі” ўлады на дзейнасць мясцовых органаў. Як вынік, заклік “шукаць рэсурсы не толькі ў кабінетах рай- і аблвыканкамаў” усё часцей адрасуецца прадстаўнікам сельскіх, пасялковых і гарадскіх органаў.

ЧЫМ ДРАБНЕЙШАЯ ІНІЦЫЯТЫВА, ТЫМ ЛЕПШЫ ЭФЕКТ

Агулам з 1999 па 2009 год у рэгіёнах Беларусі было зафіксавана 78 ініцыятываў, якія пазіцыянавалі сябе як дзейнасць па ўстойлівым развіцці на мясцовым узроўні. Так, да 2007 года каля паловы гэтых ініцыятываў спынялі ці перапынялі сваю дзейнасць, аднак у 2008-м сітуацыя пачала прыкметна выпраўляцца. Урэшце, на 2009 год толькі 29 з 78 (37%) ініцыятываў канчаткова спынілі працу. Для Беларусі гэта вельмі неблагі паказчык. Характэрна і тое, што найменшай трываласцю вызначаюцца ініцыятывы ў больш буйных тэрытарыяльных адзінках — раёнах, раённых гарадах і абласных цэнтрах, дзе спынілася палова запушчаных ініцыятываў. Найлепшая ж сітуацыя — з арганізацыямі і ўстановамі (найперш, школамі), сярод якіх больш за 80% запачаткаваных ініцыятываў працягваюць дзейнасць.

На сёння апублікаваны тры поўныя тэксты мясцовых стратэгій устойлівага развіцця — Мінска, Дзісненскага края і Занарачанскага сельсавета, адна стратэгія ўстановы (мінскай экагімназіі № 19), канцэпцыя Расонскага раёна, пасёлка Смілавічы. “У рамках работы “Мясцовых парадкаў дня-21” у гарадах і вёсках Беларусі рэалізавана вялікая колькасць праграм і праектаў, прыцягнуты сродкі на вырашэнне мясцовых праблем, — распавёў Алег Сівагракаў “ТіЦ”. — Работа ў межах гэтага праекта дэманструе магчымасці актыўнай пазіцыі грамадзян і грамадскіх структур у вырашэнні мясцовых праблем. “МП-21”, якія ёсць працэсам распрацоўкі і рэалізацыі мясцовых стратэгій устойлівага развіцця, фарміруюць попыт насельніцтва на ўдзел у прыняцці рашэння, стымулююць умацаванне мясцовага сацыяльнага капіталу, ініцыіруюць партнёрства і стварэнне сеткавых структур”.

ХТО ЗАМАРУДЖВАЕ ПРАЦЭС?

Апроч гэтага, пачынаючы з 2005 года значную падтрымку беларускаму руху за ўстойлівае развіццё аказвае Праграма падтрымкі Беларусі Федэральнага ўрада Германіі. З пачатку 2009 года ў Беларусі таксама стартаваў праект Еўразвяза і ААН “Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні”, мэта якога — развіццё патэнцыялу па падрыхтоўцы і рэалізацыі “МП-21” у рэгіёнах краіны. Гэта і арганізацыя навучальных семінараў, даследаванні і падрыхтоўка публікацый, абмен досведам з суседнімі краінамі і ажыццяўленне непасрэднай падтрымкі пры распрацоўцы “МП-21” і экатурыстычнай ініцыятывы “Зялёныя маршруты”.

Год працы прынёс і пэўныя вынікі. Гэтак, у 2009-м на ўдзел у праекце было пададзена 60 заявак. Сярод іх 31 — ад райвыканкамаў, 21 — ад сельскіх Саветаў, 7 — ад раённых гарадоў і гарадскіх пасёлкаў, 1 — ад абласнога камітэта прыродных рэсурсаў. Такім чынам, агульная колькасць праектаў у межах “МП-21” перавысіла 100. Каля 70 з іх працягваюць дзейнічаць дагэтуль.

На думку Алега Сівагракава, асноўным стрымальным фактарам укаранення стратэгіі ўстойлівага развіцця ў жыццё беларускіх рэгіёнаў з’яўляецца слабасць мясцовага самакіравання пры адначасовай жорсткасці камандна-адміністрацыйнай сістэмы. “Такое становішча садзейнічае пасіўнасці значнай часткі кіраўнікоў выканкамаў і Саветаў дэпутатаў у неадміністрацыйных умовах. Для чыноўнікаў-рэфарматараў, дэпутатаў і актыўных грамадзянаў гэта сітуацыя стварае дадатковыя бюракратычныя праблемы. Адначасова працэс распаўсюджвання “МП-21” залежыць ад кампетэнцыі як прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, гэтак і ўлады, чаго крытычна не хапае”, — распавядае эксперт Праграмы падтрымкі Беларусі Федэральнага ўрада Германіі.

Апроч гэтага, па словах эксперта, рэалізацыі рэгіянальнай ініцыятывы значна перашкаджае спыненне дзейнасці Нацыянальнай камісіі па ўстойлівым развіцці пры Саўміне, няпэўнасць прававога статусу і адсутнасць дзяржаўных механізмаў падтрымкі “МП-21”. Карацей, праблем багата, аднак рух у правільным напрамку ёсць. Нават калі ён тычыцца самых дробных суб’ектаў рэгіянальнага жыцця.

Статус працы па МП-21 Раёны, рай- і аблцэнтры Сельсаветы, пасёлкі, малыя гарады Арганізацыі і ўстановы Разам
Працуюць 9 17 23 49
Спынілі дзейнасць 12 14 3 29
Разам 21 31 26 78

 

Пятро ХАДАРОЎСКІ
Каментароў: (0) Раздрукаваць Уверх
НОВЫ КАМЕНТАР
Малюнак CAPTCHA

ЯШЧЭ АРТЫКУЛЫ ГЭТАЙ РУБРЫКІ

КАМЕНТАРЫ

НАЙБОЛЬШ ЧЫТАНАЕ

Погляд

свежы нумар

Adobe PDF Reader

Для чытання газеты ў фармаце
pdf Вам спатрэбіцца “PDF reader”

АРХIў САЙТА

АПЫТАННЕ

Як Вы лічыце, ці абавязкова дзень 8 сакавіка павінен быць выхадным днём?

Не.
Так, абавязкова, бо гэта святочны дзень.
Так: лішні выхадны ніколі не лішні.
Мне без розніцы.
СПАСЫЛКI