Грамадства
Ліст дэструктыўнага
Люстра дзён • 2010-02-08
Каментароў: (0) A / A Змяніць шрыфтБылі і выпадкі звальнення. Як сказана ў звароце, “ганебныя і незаконныя “працэсы” мелі месца ў сталіцы і ва ўсіх рэгіёнах Беларусі (у “ЛіМе”, выдавецтве “Мастацкая літаратура”, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, БДУ, БНТУ, БДЭУ, БДПУ, абласных універсітэтах, рэдакцыях газет, музеях і школах”.
На жаль, пра гэты зварот я, як, напэўна, і многія мае калегі, даведаўся постфактум — з інтэрв’ю старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў Алеся Пашкевіча Радыё Свабода. Безумоўна, я падтрымліваю заклік спыніць пераслед калег-літаратараў, сябраў грамадскага аб’яднання СБП, але з радыёперадачы вынікае, што яшчэ тры месяцы таму саюз падаў у Мінюст спісы сябраў арганізацыі, дзе былі “пазначаны прозвішчы, псеўданімы, месца жыхарства, год уступлення, жанр, у якім працуе літаратар”. А яшчэ міністэрства запатрабавала пазначыць месца працы кожнага з іх. Кіраўнік СБП, паводле яго слоў, адмовіўся гэта зрабіць з цалкам зразумелых прычын. Але ж чаму некалькі месяцаў пасля гэтага кіраўніцтва саюза маўчала? Не хацела нашкодзіць сваім сябрам? Аднак ці не позна пратэставаць цяпер, калі ў дзяржаўныя ўстановы, паводле Алеся Пашкевіча, паступіла папера з адміністрацыі, у якой Саюз беларускіх пісьменнікаў называецца “дэструктыўнай арганізацыяй, сяброўства ў якой несумяшчальна з працай у дзяржаўных установах і ведамствах”?
Пішу гэта не для таго, каб папікнуць кіраўніцтва СБП, якое вымушана працаваць у надзвычай складаных умовах — без памяшкання, аргсродкаў і шмат без чаго яшчэ. (Адрозна ад Саюза пісьменнікаў Беларусі на чале з Мікалаем Чаргінцом, якім улада стварыла рэжым найбольшага спрыяння.) Частка віны ляжыць, думаю, на ўсіх сябрах СБП, да якога маю гонар належаць і я. Ці заўсёды мы рашуча заступаліся за калег? Ці часта пратэставалі супраць цэнзуры? Ці зрабілі ўсё магчымае для таго, каб уратаваць родную мову?
Я не належу да кагорты вядомых літаратараў. Скажу больш: сапраўдным пісьменнікам сябе не лічу, лічу сябе журналістам, што не менш пачэсна. Напэўна, ёсць людзі, якія больш за мяне заслужылі права быць у СБП. І ўсё ж такі лічу і заўсёды буду лічыць найвялікшым гонарам для сябе, што рэкамендацыі ў саюз я атрымаў ад Рыгора Барадуліна (карыстаючыся выпадкам, хачу пажадаць яму напярэдадні яго 75-годдзя хуткага выздараўлення і творчага плёну), Генадзя Бураўкіна і Алеся Пашкевіча. Разумею, што тыя рэкамендацыі былі ўсяго толькі авансам, жэстам падтрымкі ў цяжкую хвіліну, але ад гэтага я не менш удзячны ім і ўсім тым, хто прымаў мяне ў саюз.
Аднак справа не толькі ў гэтым. Да апошняга дня свайго жыцця ў СБП заставаўся мой бацька — Валянцін Тарас. Ён ніколі не вагаўся, з кім быць, нават у 13-гадовым узросце, калі пайшоў у партызаны ваяваць з ворагам. І за савецкім часам, і пасля ён заўсёды быў побач з тымі, каго называлі і называюць сумленнем беларускай нацыі, — з Алесем Адамовічам, Васілём Быкавым, Рыгорам Барадуліным, Генадзем Бураўкіным, Анатолем Вярцінскім, Нілам Гілевічам, Сяргеем Законнікавым, Віктарам Касько, Уладзімірам Някляевым, ды можна пералічваць амаль усіх сяброў саюза. Гэта яны — дэструктыўныя?
Год таму, 13 лютага, майго бацькі не стала. 9 лютага сёлета яму споўнілася б 80 гадоў. Ён быў і застанецца для сваякоў і сяброў, для многіх чытачоў прыкладам мужнасці, шчырасці і чалавечай годнасці. Яшчэ ў 1968-м улада паставіла яго перад выбарам: па-ранейшаму загадваць аддзелам прозы часопіса “Нёман” альбо паступіцца прынцыпамі ды закласці таго-сяго са знаёмых. Ён пайшоў з дзяржаўнай пасады на вольны хлеб, які аказаўся горкім, але шчаслівым.
Таму ў мяне сёння няма выбару — я застаюся з тымі, з кім быў мой бацька. Свой сяброўскі білет я не здам. Нават калі дзяржава будзе пагражаць пісьменнікам пазбаўленнем сацыяльных пенсій. Я — таксама дэструктыўны.
Віталь ТАРАС,
сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў з 2006 года.



НОВЫ КАМЕНТАР