Спорт

Прызначэнне супраць сістэмы

Спорт  •  2010-02-01

Каментароў: (0) A / A Змяніць шрыфт
Сярод кадравых прызначэнняў апошняга часу звяртае на сябе ўвагу ўступленне на пасаду памочніка прэзідэнта па пытаннях фізкультуры, спорту і турызму Ігара Заічкова, 48-гадовага функцыянера, які дагэтуль быў першым намеснікам старшыні Беларускага фізкультурна-спартовага аб’яднання “Дынама”.

Ён стаў наступнікам 58-гадовага Генадзя Аляксеенкі. Паўгода таму Аляксандр Лукашэнка змяніў таксама кіраўніка Мінспорту 61-гадовага Аляксандра Грыгарава на Алега Качана, якому ўсяго 43.

БАГАТА СКАНДАЛАЎ І АНІЯКАГА ПРАГРЭСУ

Зразумела, абедзве падзеі невыпадковыя: яны адлюстроўваюць незадавальненне прэзідэнта станам спраў і ў спорце, і ў галіне турызму, прагрэсу ў якіх няма. Больш за тое, айчынны спорт стаў крыніцай сістэматычных скандалаў, якія фарміруюць негатыўны вобраз улады ў грамадстве.

Нагадаем некаторыя з іх. У 2007 годзе былі асуджаны намеснікі дырэктара Навукова-даследчага інстытута фізкультуры і спорту Павел Прылуцкі і Леанід Дварэцкі, а таксама начальнік аддзела забеспячэння інстытута Міхаіл Сламянец, якія займаліся аферамі на тэндэрных аперацыях і нанеслі дзяржаве матэрыяльную шкоду больш чым на мільярд рублёў. Потым надышла чарга і дырэктара гэтай установы Аляксандра Бондара, які некалі займаў пасаду віцэ-прэзідэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэта (НАК) Беларусі. Супрацоўнікі КДБ арыштавалі яго ў снежні 2008-га, але суд над ім дагэтуль не адбыўся. Магчыма, сведчанні Бондара таксама паўплывалі на лёс Грыгарава і Аляксеенкі.

Вельмі гучным атрымалася пазбаўленне алімпійскай акрэдытацыі вядучага спартовага выдання краіны — газеты “Прэсбол”, што было зроблена без аніякіх падстаў. У грамадстве гэтая акцыя, ініцыяваная НАКам, была ўспрынята як помста высокапастаўленых функцыянераў “Прэсболу” за серыю публікацый, прысвечаных карупцыі ў беларускім спорце.

Адмоўную рэакцыю выклікалі таксама шматлікія допінгавыя дыскваліфікацыі айчынных атлетаў. Самая гучная гісторыя здарылася пасля пекінскай Алімпіяды, калі за ўжыванне забароненых прэпаратаў МАК ануляваў вынікі кідальнікаў молата Вадзіма Дзевятоўскага і Івана Ціхана, пазбавіўшы іх адпаведна сярэбранай і бронзавай алімпійскіх узнагарод. У адказ хлопцы падалі пратэст у Міжнародны спартовы арбітраж. Справа цягнецца амаль паўтара года, і рашэнне па ёй мусіць быць прынята ў бліжэйшыя тры месяцы.

АПОШНЯЯ КРОПЛЯ ДЛЯ АЛЯКСЕЕНКІ

Новы міністр Качан за паўгода знаходжання на чале Мінспорту нічым асаблівым сябе не праявіў. Склалася ўражанне, што ўсе больш-менш важныя рашэнні прымае не ён, а Аляксеенка. Крэсла пад ім захісталася, калі напрыканцы мінулага года “Прэсбол” высветліў, што паўнамоцтвы Аляксандра Лукашэнкі як прэзідэнта НАКа і ўсяго выканкама вычарпаныя, бо тэрмін іх дзеяння скончаны, а новы Алімпійскі сход не праведзены па віне Аляксеенкі.

Верагодна, апошняй кропляй стала завочная дыскусія аб медалях, здабытых у 2009-м. На сайце НАКа сцвярджаецца, што ўсяго беларусы заваявалі 527 медалёў, аб чым некалькі разоў публічна заяўлялі і чыноўнікі НАКа. Паводле ж падлікаў спартовага выдання, на чэмпіянатах свету ў алімпійскіх відах спорту нашы ўзялі толькі 12 узнагарод (у 2003-м — 29). Атрымліваецца, што НАК папросту займаецца ашуканствам грамадства, падлічваючы медалі ў такіх дысцыплінах, як суднамадэлізм, тайскі бокс, вадналыжны спорт і гэтак далей…

ПРАЦОЎНЫ КОНІК НЕ З ТОЙ "КАЛОДЫ"

Ігар Заічкоў

Ігар Заічкоў

Аляксеенка яшчэ застаецца першым віцэ-прэзідэнтам НАКа, але відавочна, што рэальная ўлада паступова пяройдзе да новага памочніка прэзідэнта Ігара Заічкова. Дарэчы, ён з’яўляецца спортфункцыянерам у другім пакаленні: ягоны бацька, Мікалай Цімафеевіч, на працягу 16 гадоў працаваў намеснікам старшыні Спорткамітэта Беларусі. Малодшы Заічкоў, як некалі і старэйшы, вызначаецца сціпласцю, дзелавітасцю, здольнасцю вырашаць складаныя пытанні. Прызначэнне службоўца, якога заўсёды лічылі працоўным конікам, на высокую і адказную пасаду нават трохі здзіўляе: ён зусім не з той кадравай “калоды”, якую Лукашэнка тасаваў апошнія 10 гадоў. Але цяпер у эпоху эканамічнага крызісу, калі неабходна значна скараціць выдаткі па ўсіх кірунках, патрэбны людзі, не замешаныя ў карупцыі і здольныя даць станоўчы вынік пры мінімальных інвестыцыях.

Жыццё прымушае шукаць новыя падыходы, і прызначэнне Заічкова замест Аляксеенкі зроблена менавіта з гэтай мэтай.

Ці зможа Заічкоў надаць беларускаму спорту новы імпульс, ачысціць яго ад карупцыі, узняць з кален дзіцячы спорт? Малаверагодна. Па-першае, Качан, якому на пасадзе міністра спорта відавочна не хапае стваральнай энергіі, наўрад ці будзе яму ў гэтым паплечнікам. Па-другое, каб дамагчыся рэальных зменаў, трэба правесці татальную кадравую чыстку ў Мінспорту, спартовых федэрацыях і нацыянальных камандах, якія ў пераважнай большасці наскрозь прасякнутыя духам утрыманства і рвацтва, падставай для чаго служыць неабмежаванае бюджэтнае фінансаванне. Па-трэцяе, беларускаму спорту неабходны карэнныя структурныя змены, да якіх не гатовыя ні спартоўцы, ні трэнеры, ні тым больш яго кіраўнікі. Але ўсё роўна хочацца верыць у лепшае.

Міхась МОШЫН

Каментароў: (0) Раздрукаваць Уверх
НОВЫ КАМЕНТАР
Малюнак CAPTCHA

ЯШЧЭ АРТЫКУЛЫ ГЭТАЙ РУБРЫКІ

КАМЕНТАРЫ

НАЙБОЛЬШ ЧЫТАНАЕ

Погляд

свежы нумар

Adobe PDF Reader

Для чытання газеты ў фармаце
pdf Вам спатрэбіцца “PDF reader”

АРХIў САЙТА

АПЫТАННЕ

Як Вы лічыце, ці абавязкова дзень 8 сакавіка павінен быць выхадным днём?

Не.
Так, абавязкова, бо гэта святочны дзень.
Так: лішні выхадны ніколі не лішні.
Мне без розніцы.
СПАСЫЛКI