Грамадства

Інтэрнэт без кантролю — не інтэрнэт

Люстра дзён  •  2010-02-04

Каментароў: (0) A / A Змяніць шрыфт
У жаданні ўлад кантраляваць усе без выключэння сферы грамадска-палітычнага і інфармацыйнага жыцця краіны, і асабліва асобных грамадзян, дайшла чарга і да сусветнага сеціва.

1 ЛІПЕНЯ ЯК КРОПКА АДЛІКУ ЧАГО?

С 1 ліпеня пачынаецца новае жыццё для інтэрнэт-карыстальнікаў і інтэрнэт-правайдараў. Меры па рэгуляванні дзейнасці сеціва ў Беларусі, аб чым шмат гаварылася апошнія гады, усё ж такі пачнуць рэалізоўвацца.

Пра гэта сведчыць адмысловы прэзідэнцкі ўказ, апублікаваны 1 лютага. А вось у сілу ён уступае ўжо 1 ліпеня. Паводле згаданага дакумента, уводзіцца дзяржаўная рэгістрацыя электронных сетак, сістэм і рэсурсаў, якая будзе ажыццяўляцца ў Міністэрстве сувязі і інфарматызацыі.

ШТО ЯШЧЭ ПАВІННА БЫЦЬ ЗРОБЛЕНА ЗГОДНА З ГЭТЫМ УКАЗАМ?

Правайдары абавязаны будуць ажыццяўляць ідэнтыфікацыю абаненцкіх прыстасаванняў карыстальнікаў інтэрнэт-паслуг.

ГЭТА ЗНАЧЫЦЬ, КОЖНЫ КАРЫСТАЛЬНІК СЕЦІВА БУДЗЕ ЯК НА ДАЛОНІ

Указ упершыню рэгламентуе механізм абмежавання доступу да інфармацыі па патрабаванні карыстальніка інтэрнэт-паслуг.

Можа, карыстальнік не хоча атрымліваць у віртуальнай прасторы інфу, якая датычыць распаўсюду парнаграфіі і г.д., і правайдар павінен яму гэта забяспечыць. А можа “раптам” некалькі дзясяткаў ці соцень карыстальнікаў не захочуць бачыць на экранах сваіх “персаналак” “экстрэмісцкую” інфу з апазіцыйных сайтаў. З усімі вынікамі адсюль.

Паводле ўказа, “інфармацыйныя паведамленні, якія распаўсюджваюцца праз беларускі інтэрнэт, павінны быць забяспечаны гіперспасылкамі на першакрыніцу. Усе аб'екты аўтарскага права неабходна размяшчаць у сетцы ў строгай адпаведнасці з заканадаўствам у гэтай галіне”.

Барацьбу за аўтарскія правы можна толькі вітаць, але яе пры жаданні (а і цяпер ужо і на законных падставах) можна наўпрост звесці да закрыцця нежаданых сайтаў, якія “няправільна” размяшчаюць інфармацыйныя рэсурсы.

Пералік аператараў электрасувязі, якія маюць права непасрэднага доступу (далучэння) да міжнародных сетак электрасувязі, а таксама ўпаўнаважаных пастаўшчыкоў паслуг сеткі інтэрнэт будзе вызначаць Аператыўна-аналітычны цэнтр пры адміністрацыі Лукашэнкі (ААЦ).

Як у нас даюць дазвол на распаўсюд інфармацыі, асабліва з незалежных крыніц, добра вядома па дзейнасці незалежных сродкаў масавай інфармацыі, умовы работы якіх апошнім часам значна пагоршыліся.

ДАСЛОЎНА

З прэзідэнцкага ўказа аб рэгуляванні нацыянальнага сегмента сеткі інтэрнэт: “…Пры выяўленні грубых парушэнняў заканадаўства, паўторных парушэнняў іншых патрабаванняў гэтага Указа, іншых актаў заканадаўства ў сферы выкарыстання нацыянальнага сегмента сеткі інтэрнэт на працягу шасці месяцаў пасля вынясення загаду аб ліквідацыі выяўленых парушэнняў аказанне інтэрнэт-паслуг юрыдычнай асобе ці індывідуальнаму прадпрымальніку, які дапусціў такія парушэнні, можа быць прыпынена пастаўшчыком інтэрнэт-паслуг, які аказвае яму такія паслугі.

Пастаўшчык інтэрнэт-паслуг абавязаны выканаць патрабаванне аб прыпыненні аказання інтэрнэт-паслуг на працягу сутак з моманту яго атрымання і праінфармаваць пра гэта орган, які вынес патрабаванне, на працягу трох дзён з моманту яго атрымання”.

УСЁ ГЭТА ВЕЛЬМІ НЕВЫПАДКОВА

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Жанна Літвіна так пракаментавала гэты ўказ: “Мы неаднаразова чулі, што ўсё грамадства заклапочана абаронай маральнасці ад пагроз інтэрнэта. Не так даўно Аператыўна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнце атрымаў паўнамоцтвы спецслужбы, у тым ліку ў сферы інтэрнэт. У той жа час нас запэўнівалі, што дзяржава не будзе ўводзіць жорсткі кантроль і цэнзуру. Напрыканцы мінулага тыдня мы даведаліся, што ў сеціве бракуе дзяржаўнай ідэалогіі… І вось дакумент падпісаны”.

Будзе вельмі дарэчы прыгадаць наступнае. Зусім нядаўна Беларуская асацыяцыя журналістаў атрымала папярэджанне ад Міністэрства інфармацыі, адна з прэтэнзій якога зводзілася да таго, што Цэнтр прававой абароны СМІ, створаны колькі гадоў таму, не мае законных падстаў абараняць правы… журналістаў.

Атрымалі папярэджанні ад Мінінфарму і асобныя вядучыя незалежныя СМІ. Ці выпадковае супадзенне фактаў абнародавання прэзідэнцкага ўказа аб упарадкаванні інтэрнэта і вынясення папярэджанняў (па меркаванні многіх юрыстаў, вельмі спрэчных) Міністэрства інфармацыі вядучай журналісцкай арганізацыі краіны і асобным лідарам рынку незалежных СМІ?

Палітолаг Сяргей Нікалюк так пракаментаваў “Тут і цяпер” сітуацыю, што склалася: “Канечне, усе гэтыя меры абсалютна невыпадковыя. З БАЖам сітуацыя ўвогуле абсурдная. Нядаўна Мінінфарм праводзіў пасяджэнне па выніках мінулага года, на якім новы міністр неаднаразова падкрэсліваў, што трэба, маўляў, усяляк падтрымліваць дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі. Пра недзяржаўныя, наколькі мне вядома, не было сказана ні слова. І вось пазбаўленыя дзяржаўнай падтрымкі недзяржаўныя СМІ праз БАЖ (праз Цэнтр прававой абароны СМІ) атрымліваюць юрыдычную дапамогу. І за гэта Мінінфарм выносіць ім папярэджанне...”.

На думку Нікалюка, тут усё даволі празрыста — пачаў дзейнічаць такі фактар, як выбары прэзідэнта краіны, што маюць адбыцца на пачатку 2011 года: “Я ўжо даўно называю гэта спецыяльнай аперацыяй пад назвай “Прэзідэнцкія выбары-2011”. Думаю, што з набліжэннем гэтых выбараў ціск на любых распаўсюджвальнікаў незалежнай інфармацыі будзе толькі ўзмацняцца”.

ІНТЭРНЭТ-ПРАВАЙДАРЫ Ў ШОКУ

Старшыня савета дырэктараў вядучага парталу TUT.BY Юрый Зісер заявіў радыё “Свабода” наступнае: “Калі гэта (новы прэзідэнцкі ўказ. — В.А.) пойдзе ў такім выглядзе, атрымаецца, што ні Google, ні Yandex.ru, ні Mail.ru не будуць мець права аказваць ніякія паслугі — ні платныя, ні бясплатныя, пакуль яны фізічна не будуць размешчаны на тэрыторыі РБ”.

Генеральны дырэктар кампаніі “Айчына плюс” Максім Ляўданскі ў сваю чаргу паведаміў “Еўрарадыё”, што “калі ўказ накіраваны на паляпшэнне інтэрнэт-іміджу краіны, то ён абедзвюма рукамі за яго”, калі ж “мы ідзём па шляху Паўночнай Карэі, тады, напэўна, трэба мне закрываць свой бізнэс і сыходзіць з гэтага рынку”.

ЦІ ПРАГЛОЦІЦЬ "УПАРАДКАВАННЕ БАЙНЭТА" ЕЎРОПА?

Па іроніі лёсу ўсё гэта адбываецца на фоне спроб беларускіх улад выйсці на паўнавартасны дыялог з вядучымі еўрапейскімі структурамі. Дагэтуль апошнія глядзелі даволі спакойна на “лібералізацыю па-беларуску”, ці, хутчэй, імітацыю гэтай самай лібералізацыі.

Паглядзім, якім будзе еўрапейскі позірк на гэты раз.

Віктар АЛЯШКЕВІЧ
Каментароў: (0) Раздрукаваць Уверх
НОВЫ КАМЕНТАР
Малюнак CAPTCHA

ЯШЧЭ АРТЫКУЛЫ ГЭТАЙ РУБРЫКІ

КАМЕНТАРЫ

НАЙБОЛЬШ ЧЫТАНАЕ

Погляд

свежы нумар

Adobe PDF Reader

Для чытання газеты ў фармаце
pdf Вам спатрэбіцца “PDF reader”

АРХIў САЙТА

АПЫТАННЕ

Як Вы лічыце, ці абавязкова дзень 8 сакавіка павінен быць выхадным днём?

Не.
Так, абавязкова, бо гэта святочны дзень.
Так: лішні выхадны ніколі не лішні.
Мне без розніцы.
СПАСЫЛКI