Грамадства

Колькі каштуе “Міс Беларусь-2010”?

Шык і бляск  •  2010-02-03

Каментароў: (0) A / A Змяніць шрыфт Міс Беларусь-2008 мадэль Вольга Хіжанкова прадстаўляла нашу краіну і на конкурсе Міс свету-2008.
Праз некалькі месяцаў у Беларусі павінен адбыцца чарговы конкурс прыгажосці “Міс Беларусь”.

Кастынгі на конкурс ужо прайшлі па ўсёй краіне. Днямі тэлеканал АНТ нарэшце вызначыўся з фіналісткамі.

Чаму аргкамітэт конкурсу ўзначальваюць сур’ёзныя дзяржаўныя чыноўнікі? Колькі грошай будзе выдаткавана на “Міс Беларусь-2010”? Ці варта ва ўмовах даволі няпростай эканамічнай сітуацыі ўвогуле марнаваць грошы падаткаплацельшчыкаў на падобныя забавы “крутога замесу”? І якое шоу будзе карыстацца найбольшай папулярнасцю — “Міс Беларусь” ці конкурс эфектыўнасці членаў урада?

Адказы на гэтыя і іншыя пытанні разам з экспертамі ад мадэльнага свету шукала “Тут і Цяпер”.

ЯКАЯ КАРЫСЦЬ?

Дырэктар адной з найстарэйшых на Беларусі студый мод Сяргей Нагорны лічыць, што адмаўляцца ад конкурсаў прыгажосці не варта, бо яны праслаўляюць нашу дзяржаву.

— Крызіс здарыўся не толькі ў нас, але і ва ўсім свеце, тым не менш культурныя праграмы там не згортваюцца, — аналізуе Нагорны. — У дзяржавы павінны знаходзіцца грошы на культуру, на адпачынак, на відовішчныя мерапрыемствы, тым больш калі яны ўжо заваявалі сусветную славу, як, напрыклад, беларуская славянская прыгажосць. І калі прыкрыць конкурс, то ўся праведзеная работа будзе зведзена на нішто. Таму я лічу, што павінна існаваць і Нацыянальная школа прыгажосці, і праект “Міс Беларусь”.

Уладальніца кароны "Міс Беларусь-2008" мадэль Вольга Хіжанкова, якая ў тым жа годзе прадстаўляла нашу краіну на конкурсе "Міс свету", кажа, што “не чула, каб у сувязі з крызісам у нейкай краіне адмянілі конкурс прыгажосці”.

“Асабіста я вельмі ўдзячная гэтаму конкурсу за тое, што маю цяпер, — гаворыць мадэль. — Ён дапамог мне адкрыць многія дзверы”.

А вось гаспадыня школы мадэлінгу Наталля Макей крыху не згодная са сваімі калегамі.

— Раней у нас такіх конкурсаў не было, таму мы імі яшчэ не “насыціліся”, — гаворыць яна. — І людзям, відаць, цікава. На мой погляд, гэта чыста камерцыйны праект, бо калі б падобныя шоу не карысталіся б попытам, калі б народ іх не глядзеў, то іх не арганізоўвалі б. Думаю, што ў іншых краінах не вельмі шмат увагі ўдзяляюць падобным рэчам, бо многія намаганні скіраваны на тое, каб зарабіць грошы. І таму на захадзе забаўляльныя праграмы ў апошнія гады пайшлі на спад.

Дарэчы, Наталля адзначае, што на гэты раз за карону будуць змагацца вельмі прыгожыя дзяўчаты:

— Я нават здзівілася, дзе такіх знайшлі. Вельмі моцны склад.

Зусім іншага погляду на конкурсы такога кшталту прытрымліваецца адзін з вядучых апазіцыйных палітыкаў Беларусі Анатоль Лябедзька:

— Конкурсы прыгажосці — гэта прыкмета паспяховай дзяржавы, якая практычна кожнаму грамадзяніну дае пакет мінімальных паслуг і гарантуе камфорт. І калі дзяржава пераходзіць на больш высокі ўзровень развіцця, яна можа дазволіць сабе такія конкурсы. Падобныя шоу ладзяцца альбо ў паспяховых краінах, альбо ў вельмі непаспяховых, да якіх я адношу і Беларусь.

НАВОШТА ТАКІ ДЗЯРЖАЎНЫ КАНТРОЛЬ?

Вядома, што кіраўнік дзяржавы не абмінае сваёй увагай конкурсы прыгажосці. Сяргей Нагорны лічыць, што гэта вельмі добра.

— Падчас многіх конкурсаў прыгажосці мадэлі афіцыйна сустракаюцца з кіраўніком той дзяржавы, якая ладзіць альбо прымае конкурс прыгажосці, — адзначае Нагорны. — І кіраўнік любой дзяржавы сваёй прысутнасцю на такім конкурсе толькі павышае цікавасць да яго. Калі хочаце, гэта нават паказчык ступені даверу да конкурсу. Я лічу правільным тое, што конкурсы прыгажосці ладзяцца на дзяржаўным узроўні. Гэта абараняе канкурсантак ад нейкіх сумніўных прапаноў і сумніўных людзей. І самі дзяўчаты, і іх бацькі могуць быць упэўнены, што тут вядзецца сур’ёзная работа па падрыхтоўцы мадэляў і дзяўчат потым не накіруюць на панэль.

На конкурсе “Міс Беларусь” выбіраецца дзяўчына, якая надалей будзе прадстаўляць Беларусь ва ўсім свеце. Хіба гэта не дзяржаўная справа?

Анатоль Лябедзька ў сваю чаргу прапануе тэрмінова правесці конкурс эфектыўнасці членаў урада:

— Няхай бы кожны з іх выйшаў на подыум са сваёй сакратаркай, памочнікамі і распавёў бы грамадзянам краіны, чаму яны павінны ўтрымліваць за свой кошт конкурс “Міс Беларусь”, — гаворыць лідар АГП. — У такім конкурсе я паўдзельнічаў бы з вялікім задавальненнем.

А ЯК У ІХ?

Даволі часта на міжнародных конкурсах прыгажосці перамагаюць дзяўчаты з краін, з якімі Беларусь сябруе на той момант.

— Напрыклад, у Венесуэле таксама існуе Нацыянальная школа прыгажосці, дзе дзяўчат да конкурсаў рыхтуюць літаральна з 10 гадоў, — прыводзіць прыклады Сяргей Нагорны. — Гэта адна з самых вядомых школ прыгажосці, яна мае багаты вопыт падрыхтоўкі мадэляў. І венесуэлкі сапраўды праслаўляюць сваю краіну. За прыкладамі не трэба далёка хадзіць: на апошнім конкурсе “Міс Інтэркантыненталь”, што праходзіў у Беларусі, перамагла венесуэлка.

Многія еўрапейскія краіны з’яўляюцца заснавальнікамі пэўных конкурсаў прыгажосці. У прыватнасці, Англія, якая праводзіць конкурс “Міс Свету”. Адпаведна арганізатары гэтага конкурсу стымулююць іншыя краіны да таго, каб іх нацыянальныя конкурсы праходзілі на адпаведным узроўні.

КОЛЬКІ КАШТУЕ?

Афіцыйныя крыніцы не інфармуюць, колькі грошай з дзяржаўнай казны выдаткавана на “Міс Беларусь”. Сяргей Нагорны кажа, што асабіста ён не стаў бы мераць прыгажосць грашыма.

— Арганізацыя падобных конкурсаў, канечне, вымагае сродкаў, — гаворыць Нагорны. — Варта правесці добры скаўтынг па ўсёй Беларусі. Прычым можна патраціць шмат грошай на рэкламу, але прыгажунь так і не адшукаць. Таксама, на мой погляд, адразу неабходна знайсці добрага рэжысёра і не шкадаваць сродкаў на яго ганарар, бо ад рэжысёра ў такіх шоу залежыць многае. Яго задача — прыцягнуць цікавыя калекцыі, цікавых дызайнераў, убачыць дэкарацыі і арганізаваць адпаведнае шоу. Тэлекампанія, якая займаецца конкурсам, павінна падаць шоу так, каб было “смачна” тэлегледачам, і заахвоціць іх да ўдзелу ў галасаванні.

Ужо вядома, што рэжысёрам цяперашняга конкурсу “Міс Беларусь” будзе Наталля Петухова. Яна нарадзілася ў Мінску, скончыла Інстытут сучасных ведаў (факультэт мастацтваў) па спецыяльнасці “культуролаг, прадзюсар-менеджар”. З 1996 года Наталля працуе рэжысёрам-пастаноўшчыкам шоу-праграм і дэфіле. Раней узначальвала агенцтва мадэляў «МО». Была рэжысёрам міжнароднага фэсту моды «Дыяментавая шпілька», конкурсаў прыгажосці “Першая лэдзі Расіі”, “Міс Інтэркантыненталь”.

Наталля Петухова таксама не можа сказаць, колькі грошай выдаткавана на “Міс Беларусь-2010”.

— Гэтае пытанне не да мяне, — сказала яна “Тут і цяпер”. — Не ведаю, колькі грошай было выдаткавана ў 2008 годзе і колькі выдзяляць на гэты раз. Гэты бок для мяне закрыты. Але мне сказалі, што на ўсе тыя задумкі, якія я агаворвала з тэлеканам АНТ, грошы знойдуць. Таму спадзяюся, што нейкі прыстойны бюджэт на згаданае мерапрыемства ёсць.

Дарэчы, Наталля Петухова сказала, што яе рэжысёрскі ганарар не зменшыўся.

— Пакуль не магу сказаць, чым здзіўлю на шоу, — гаворыць Наталля. — Яшчэ толькі планую. Спадзяюся, што ўсё будзе прыгожа і людзям спадабаецца.

Анатоль Лябедзька перакананы, што “спачатку трэба вырашыць актуальныя эканамічная праблемы. Ужо хутка будзе два гады, як здарыўся крызіс, аднак беларускія ўлады дагэтуль не змаглі выпрацаваць нейкую антыкрызісную праграму. Але затое мы маем праект, які дапамагае выявіць самую прыгожую дзяўчыну Беларусі. Гэта проста смех! А дакладней — смех скрозь слёзы…”.

Аксана КАРАТКЕВІЧ
Каментароў: (0) Раздрукаваць Уверх
НОВЫ КАМЕНТАР
Малюнак CAPTCHA

ЯШЧЭ АРТЫКУЛЫ ГЭТАЙ РУБРЫКІ

КАМЕНТАРЫ

НАЙБОЛЬШ ЧЫТАНАЕ

Погляд

свежы нумар

Adobe PDF Reader

Для чытання газеты ў фармаце
pdf Вам спатрэбіцца “PDF reader”

АРХIў САЙТА

АПЫТАННЕ

Як Вы лічыце, ці абавязкова дзень 8 сакавіка павінен быць выхадным днём?

Не.
Так, абавязкова, бо гэта святочны дзень.
Так: лішні выхадны ніколі не лішні.
Мне без розніцы.
СПАСЫЛКI