Рэгiёны

Сістэму можна перамагаць!

Магілёў  •  2010-02-04

Каментароў: (0) A / A Змяніць шрыфт
Гэты пераканаўчы заклік вядомага праваабаронцы Гары Паганяйлы прагучаў днямі ў Магілёве на сустрэчы з прадстаўнікамі палітычных, грамадскіх і праваабарончых арганізацый рэгіёна.

ДЭМАКРАТЫ І САМІ ВІНАВАТЫ

Сустрэча, прысвечаная пытанням падрыхтоўкі і ўдзелу ў мясцовых выбарах, мела на мэце давесці прыхільнікам паўнавартаснага ўдзелу ў кампаніі тую думку, што нярэдка самі дэмакраты вінаваты ў сваіх паразах. Гэта адбываецца тады, калі людзі, якія бяруцца змагацца ці, на худы канец, спаборнічаць з уладай, не лічаць неабходным узброўвацца цвёрдай матывацыяй, правільнай (навуковай) тактыкай і стратэгіяй паводзін, юрыдычнай падкаванасцю. Вядома, што ўлада не мае намеру саступаць проста так, маючы перавагу ў тым, што называецца адміністрацыйным рэсурсам.

Гары Паганяйла ў якасці прыкладу спыніўся на гісторыі сціплага прадпрымальніка-перавозчыка, які патрапіў пад “кола” падаткавікоў, міліцыі і нават суда, але выйшаў пераможцам. Як такое магло атрымацца? Чытайце ніжэй.

Гэтая гісторыя пачалася яшчэ ў траўні мінулага года ў Глуску. Маршрутчык Яўген Смалякоў збіраўся выправіцца ў сваю звычайную пасажырскую паездку, аднак нешта здарылася з касавым апаратам. Давялося паставіць машыну і выпраўляцца ў суседні Бабруйск, дзе можна было здаць прыстасаванне ў рамонт. Які шафёр паедзе як пасажыр? Тым больш што маці ахвотна пазычыла сыну сваё аўто на гэтую паездку, у якую напрасілася (па сваіх патрэбах) і адна знаёмая. За ёю Яўген і заехаў, як дамаўляліся, на заправачную станцыю. Тут яшчэ дзве жанчыны, пачуўшы, хто куды едзе, папрасілі “падкінуць” іх да Бабруйска.

У Бабруйску, не паспела тая машына і спыніцца, да кіроўцы рашуча накіраваўся афіцэр ДАІ, якога суправаджалі яшчэ двое мужчын. Яны прадставіліся супрацоўнікамі падатковай інспекцыі і паведамілі, што “вашы дзве пасажыркі, якіх вы ўзялі ў Глуску, — таксама нашы супрацоўніцы, і яны выконвалі службовае заданне”. Жанчыны засведчылі, што кіроўца машыны грошы за праезд у іх узяў, але квіткі не выдаў. Пярэчанне Я.Смалякова і сведчанне яго знаёмай аб тым, што жанчын ён падвозіў бясплатна, ніякага ўражання на службовых людзей не зрабіла.

ПАКАЗАННІ МОГУЦЬ І ІГНАРАВАЦЦА

Справа, як здагадваецца чытач, закруцілася шпарка. Да яе хуценька далучыліся калегі з транспартнай інспекцыі. Нікога не засмучала, што падатковыя інспектары, якія сустрэлі ў Бабруйску аўтамашыну Яўгена з пасажыркамі, дакладна ведалі (наперад!) усю карціну, што адбылася паміж кіроўцам і пасажыркамі на заправачнай станцыі ў Глуску. Пазней з гэтай версіяй яны выступілі сведкамі для пратакола, які складаў таксама транспартны інспектар. І іх не спыніла афіцыйнае папярэджанне “аб адказнасці за дачу лжывых паказанняў”. Тым часам паказанні знаёмай Яўгена, як і яго асабістыя, папросту ігнараваліся.

Справа, многія складнікі якой мы тут прапусцім, у рэшце рэшт дайшла да разбору ў абласным гаспадарчым судзе. Але да апошняга дня супраць Яўгена працягвалі дзейнічаць пэўныя структуры і падраздзяленні мясцовай улады. Яго замучалі выклікамі ў розныя кабінеты. Ён быў вымушаны не адзін раз наведваць Бабруйск і Мінск (за свае, зазначым, кроўныя). Яго запужвалі, на яго ціснулі…

Можна толькі ўявіць сабе, што перажываў разам са сваёй сям’ёй малады чалавек, які дакладна ведаў, што не вінаваты ў тым, у чым яго абвінавачвалі.

Нарэшце Яўген звярнуўся ў Беларускі Хельсінкскі камітэт, дзе знаўшоў падтрымку і рэальную дапамогу. Праваабаронцы, вывучыўшы справу, знайшлі ў ёй шмат парушэнняў тых норм і правіл, якія дакладна прапісаны ў адміністрацыйным заканадаўстве. А да таго, як за справу ўзяліся юрысты з БХК, раённы суд ужо выпісаў Яўгену Смалякову немалы штраф.

МАТЫВАЦЫЯ І ЯШЧЭ РАЗ МАТЫВАЦЫЯ

Яшчэ раз прапусцім пэўныя перыпетыі сітуацыі. Зазначым толькі, што пісьменная пазіцыя праваабаронцаў разам з настойлівасцю і цвёрдасцю характару (пра гэта вышэй у каментары Г.Паганяйлы — наконт матывацыі) Яўгена Смалякова прывяла іх, нарэшце, у абласны гаспадарчы суд. Там усё стала на свае месцы: усе працэсуальныя дзеянні супраць Я.Смалякова і пакаранне яго штрафам былі адменены.

На долю кіроўца маршруткі выпала яшчэ адно выпрабаванне на трываласць: па відавочна падстроенай сітуацыі ён быў затрыманы і абвінавачаны па крымінальным артыкуле. Аднак і тут перамагла праўда: усе датычныя да гэтага міліцыянты, пракурор і нават суддзя пазбаўлены сваіх пасад. А Яўген Смалякоў па-ранейшаму круціць свае кіламетры за стырном прыватнай маршруткі...

Гісторыя перамогі глускага таксіста над сістэмай (а хто ж, як не яна з ім змагалася?!) прагучала вельмі дарэчна, бо, калі не шукаць больш мяккіх слоў, па той бок выбарчага ўчастка і выбарчай урны стаіць сістэма. А каб перамагчы яе, трэба “ўзбройвацца цвёрдай матывацыяй, правільнай (навуковай) тактыкай і стратэгіяй паводзін, юрыдычнай падкаванасцю”.

Віктар ВОЙТ

Каментароў: (0) Раздрукаваць Уверх
НОВЫ КАМЕНТАР
Малюнак CAPTCHA

ЯШЧЭ АРТЫКУЛЫ ГЭТАЙ РУБРЫКІ

КАМЕНТАРЫ

НАЙБОЛЬШ ЧЫТАНАЕ

Погляд

свежы нумар

Adobe PDF Reader

Для чытання газеты ў фармаце
pdf Вам спатрэбіцца “PDF reader”

АРХIў САЙТА

АПЫТАННЕ

Як Вы лічыце, ці абавязкова дзень 8 сакавіка павінен быць выхадным днём?

Не.
Так, абавязкова, бо гэта святочны дзень.
Так: лішні выхадны ніколі не лішні.
Мне без розніцы.
СПАСЫЛКI