Палiтыка

У грамадзянскай супольнасці ёсць шанц…

Усходняе партнёрства  •  2010-02-02

Каментароў: (0) A / A Змяніць шрыфт
Амаль дзевяць месяцаў мінула ад запуску ініцыятывы Еўразвяза “Усходняе партнёрства” (УП). Адзін з яе найцікавейшых праектаў — Форум грамадзянскай супольнасці (ФГС), створаны для ўмацавання кантактаў паміж недзяржаўнымі арганізацыямі (НДА) і органамі самакіравання.

БЕЛАРУСЫ Ў ЛІДАРАХ

Паводле ацэнак экспертаў, менавіта пазіцыя беларускіх удзельнікаў форуму выглядала найбольш кансалідаванай і адпрацаванай, што стала вынікам амаль паўгадавой падрыхтоўчай працы айчынных НДА. Вынікам адразу двое прадстаўнікоў Беларусі ўвайшлі ў кіроўныя органы ФГС. Гэтак, лідар незарэгістраванай у Беларусі Асамблеі НДА Сяргей Мацкевіч быў абраны спікерам усяго форуму, а таксама ўзначаліў тэматычную групу “Дэмакратыя, належнае кіраванне і стабільнасць”. Старшыня міжнароднага кансорцыума "ЕўраБеларусь" Улад Вялічка прадстаўляе Беларусь у Каардынацыйным камітэце, першае пасяджэнне якога адбылося 21—22 студзеня ў тым жа Бруселі.

З ГІСТОРЫІ ФОРУМУ

Першае пасяджэнне Форуму грамадзянскай супольнасці адбылося 16—17 лістапада ў Бруселі. У ім узялі ўдзел больш за 200 дэлегатаў, сярод якіх былі і прадстаўнікі 27 грамадскіх арганізацый Беларусі, як недзяржаўных, гэтак і праўладных. Галоўным вынікам форуму стала стварэнне кіроўнай структуры, якая надалей будзе каардынаваць увесь працэс функцыянавання грамадзянскай платформы. У Каардынацыйны камітэт увайшлі прадстаўнікі краін — удзельніц УП, а таксама еўрапейскіх органаў і НДА — агулам 17 чалавек. Работа ФГС, як і ўсяго “Усходняга партнёрства”, будзе весціся па чатырох галоўных напрамках:
1) дэмакратыя, належнае кіраванне і стабільнасць;
2) эканамічная інтэграцыя і збліжэнне з палітыкай ЕЗ;
3) навакольнае асяроддзе, змены клімату і энергетычная бяспека;
4) кантакты паміж людзьмі.


ПАЧАТАК РЭАЛЬНАЙ ПРАЦЫ

Як распавёў журналістам Вялічка, галоўным вынікам першай сустрэчы Каардынацыйнага камітэта стаў пачатак структурызацыі форуму. “Паколькі працы ў нас з вялізны снежны камяк, мы вырашылі апроч чатырох флагманскіх платформ стварыць шэраг дробных, каб больш дэталёва вырашаць пытанні па розных напрамках, — адзначыў кіраўнік “ЕўраБеларусі”. — Гэтак, у межах ФГС будуць дзейнічацьяшчэ шэсць мэтавых рабочых падгруп: па інфармаванні, фармулёўцы канцэпцыі, падрыхтоўцы другой канферэнцыі форуму, праектаў і ініцыятыў форуму, а таксама даклада пра рэалізацыю палітыкі “Усходняга партнёрства”.

Апроч гэтага Каардынацыйны камітэт прапанаваў Еўракамісіі далучыць прадстаўнікоў ФГС да ўдзелу ў міжурадавых сустрэчах афіцыйных дэлегацыяў краін — удзельніц УП і органаў ЕЗ.

Апошні момант — ключавы, і вось чаму. “Рэч у тым, што Форум грамадзянскай супольнасці — адна з магчымых формаў уплыву “трэцяга сектара” як на працэсы ў рамках УП, гэтак і на ўнутрыпалітычную сітуацыю ў сваіх краінах, — тлумачыць “ТіЦ” кіраўнік Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (БІСД) Віталь Сіліцкі. — Ён мусіць даказаць сваю змястоўнасць і заваяваць аўтарытэт”. На думку палітолага, калі гэтага не адбудзецца, то форум чакае найхутчэйшы шлях у “тую нішу дэкаратыўнага прадстаўніцтва, пра небяспеку якой так шмат казалі ініцыятары”.

КВАЛІФІКАЦЫІ БРАКУЕ

Але апроч уласна пазіцыі Еўракамісіі і яе гатоўнасці дапусціць “трэці сектар” у “трохкутны” дыялог паміж еўраструктурамі, нацыянальнымі ўладамі і апазіцыямі, ёсць, прынамсі, два моманты, якія патрабуюць вырашэння.

Па-першае, гэта “хатняя работа” беларускіх НДА, а менавіта дэталёвая адпрацоўка ўдзелу беларусаў ва ўсіх тэматычных платформах, што існуюць у межах ФГС. “Напрыклад, сярод чатырох заяўленых платформаў намі амаль не ахоплена эканоміка і энергетыка, не прапанаваны для рэалізацыі пэўныя праекты ў рамках форуму, няма груп, якія б лабіравалі іх”, — заўважае палітолаг БІСД Дзяніс Мельянцоў.

Эксперт аналітычнага Агенцтва гуманітарных тэхналогій Андрэй Ягораў кажа пра неабходнасць стварэння ў Беларусі шматбаковых тэматычных груп з дэлегатаў ФГС, якія б прасоўвалі змястоўныя прапановы і канцэпцыі як на нацыянальным узроўні, так і на ўзроўні ФГС.

“Аднак усё гэта вымагае высокай кваліфікацыі беларускіх удзельнікаў форуму. Паколькі ж яе няма, неабходна стварыць механізм для кансультацый з удзелам беларускіх адмыслоўцаў і экспертных арганізацый”, — адзначае аналітык.

ДЗЯРЖАВА НЕ ЖАДАЕ РАЗМАЎЛЯЦЬ

Па-другое, па словах экспертаў, дагэтуль сфарміраваны яшчэ не ўсе інструменты палітыкі “Усходняга партнёрства”, што не дазваляе рабіць далёкіх высноваў. Гэтак, толькі ў сакавіку стане вядомы склад беларускай дэлегацыі ў Парламенцкай асамблеі Еўранэст. Еўрапарламент паставіў Беларусь перад фактам абавязковага ўдзелу ў дэлегацыі прадстаўнікоў апазіцыі, у адказ на што ўлады намякнулі пра магчымы выхад з “Усходняга партнёрства”. Які лёс чакае беларускіх дэлегатаў ФГС, пакуль невядома, аднак відавочна тое, што дзяржава не жадае далучаць да дыялога ані апазіцыю, ані прадстаўнікоў НДА.

Такім чынам, адзіны вынік удзелу старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Леаніда Козіка ў брусельскім форуме — буйны скандал: нібыта падчас форуму ён паабяцаў, што за ўдзел у ім прэс-сакратарка “Маладога фронту” Таццяна Шапуцька не будзе адлічана з юрфака БДУ. Форум скончыўся, Шапуцьку выключылі па сумніўных прычынах — “за пропускі”, а Козік адмовіўся ад сваіх словаў. Больш праўладныя арганізацыі сябе ніяк не праяўлялі.

Ці хопіць у Еўропы волі, каб змяніць расклады ды ўзмацніць ролю “трэцяга сектара”? Аб гэтым даведаемся ў бліжэйшыя месяцы.

Віталь РУДЗІЦКІ

Каментароў: (0) Раздрукаваць Уверх
НОВЫ КАМЕНТАР
Малюнак CAPTCHA

ЯШЧЭ АРТЫКУЛЫ ГЭТАЙ РУБРЫКІ

КАМЕНТАРЫ

НАЙБОЛЬШ ЧЫТАНАЕ

Погляд

свежы нумар

Adobe PDF Reader

Для чытання газеты ў фармаце
pdf Вам спатрэбіцца “PDF reader”

АРХIў САЙТА

АПЫТАННЕ

Як Вы лічыце, ці абавязкова дзень 8 сакавіка павінен быць выхадным днём?

Не.
Так, абавязкова, бо гэта святочны дзень.
Так: лішні выхадны ніколі не лішні.
Мне без розніцы.
СПАСЫЛКI