Культура

А каму б Вы далі Дзяржпрэмію ў галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры?

Культура  •  2010-02-02

Каментароў: (0) A / A Змяніць шрыфт Гандлёвы цэнтр Сталіца ў Мінску. Яго стваральнікі рэкамендаваны на атрыманне прэміі.
Міністэрства культуры Беларусі вылучыла кандыдатаў на суісканне Дзяржаўнай прэміі ў галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры.

На атрыманне гэтай дзяржузнагароды рэкамендаваны творчы калектыў Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі за стварэнне спектакля "Жанчыны Бергмана", група архітэктараў — аўтараў мінскага падземнага грамадска-гандлёвага цэнтра "Сталіца", а таксама творчыя работнікі Белтэлерадыёкампаніі з праектам "Спадчына Беларусi", мастак Павел Татарнікаў за серыю графічных работ, народны артыст Беларусі і СССР Расціслаў Янкоўскі за ўвасабленне на сцэне гістарычных роляў, пісьменнік Уладзімір Гніламёдаў за раманы "Расія" і "Уліс прускі". Абмяркоўваліся і іншыя кандыдатуры.

Сяргей Дубавец, культуролаг:
"ГЭТА ГІСТОРЫЯ ГОРАДА ГЛУПАВА"

— Што да Дзяржаўнай прэміі, то я даў бы яе Артуру Клінаву за яго шматгадовую творчую дзейнасць. Клінаў для краіны прыдумаў столькі, колькі не прыдумаў ніхто. Гэта той мастак, чые ідэі павінны быць увасоблены ў грамадскім жыцці, у эканоміцы, палітыцы. Ён прыдумаў імідж сталіцы. Гэта ўсё новае, свежае, нечаканае, жаданае для турыстаў — тое, што пры адпаведным падыходзе прыцягне ў краіну мільёны і мільёны долараў. “Горад Сонца” Клінава — фантастыка. Ён напісаў кнігу, стварыў фотаальбом, распрацаваў канцэпцыю.

А тое, што ў нас даюць Дзяржпрэмію тым творцам, ад якіх улада не крывіцца, якія ніколі яе не крытыкуюць, з’яўляецца грымасай нашай сітуацыі. На вялікі жаль, атрымліваецца гісторыя салтыкоўскага горада Глупава, у якім Горад Сонца не прыжыўся.

Таццяна Барысік, настаўніца:
"А ЧАМУ ПРА АГРАГАРАДКІ ЗАБЫЛІСЯ?"

— Не варта ўяўляць гэтую ўзнагароду як прэмію краіны. Гэта прэмія ўлады. Таму “Сталіца”, Гніламёдаў і Янкоўскі — на сваіх месцах. Крыху не на сваім месцы Татарнікаў. Ён сапраўды выдатны мастак, а тут павінен быць правільны малявальшчык. Зыходзячы з логікі ўлады, сюды яшчэ трэба дабавіць стваральнікаў “Мінск-Арэны” і аграгарадкоў.

Ганна Кісліцына, літаратурны крытык:
"НІЧЫЕ" АНДРЭЯ ФЕДАРЭНКІ"

— Я вылучыла б Андрэя Федарэнку з ягонай кнігай “Нічые”, таму што гэта самая беларуская кніжка мінулага года. Яна пісалася два дзесяцігоддзі і сканцэнтравала ў сабе светапогляд “тутэйшых”, з якім я вырасла, які мне блізкі. Яна вучыць беларусаў быць беларусамі і несці сваю беларускасць у рускамоўным свеце. Хаця і Гніламёдаў варты ўвагі таксама.

Антон Астаповіч, старшыня Рэспубліканскай рады Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў:
"ТОЛЬКІ НЕ "СТАЛІЦА"

— За апошнімі літаратурнымі падзеямі я не сачу, але лічу: на першым месцы павінна стаяць тое, што апошнім часам выходзіла з-пад пяра Рыгора Барадуліна, а ніякі не Гніламёдаў. А чаму тады не Чаргінец? Гэта было б больш знакава. Яшчэ мне вельмі хацелася б, каб быў адзначаны Леанід Дранько-Майсюк.

Што тычыцца падземнага комплексу “Сталіца”… Я ў першую чаргу вылучаў бы тых архітэктараў, якія распрацоўвалі самыя лепшыя праекты па рэстаўрацыі помнікаў гісторыі і культуры. Напрыклад, Аляксандр Кропатаў, навуковы кіраўнік рэстаўрацыі сядзібы ў Чырвоным Беразе. Але толькі не стваральнікі “Сталіцы” павінны атрымліваць Дзяржаўную прэмію ў галіне архітэктуры! Таму што на Пляцы Незалежнасці быў багаты культурны пласт ХІХ стагоддзя, падмуркі высакашчыльнай забудовы. Усё гэта было знішчана без археалагічных даследаванняў для таго, каб вырыць вялікі катлаван пад “Сталіцу”. І як можна вылучаць на прэмію аўтараў праекта, па якім дагэтуль, па маёй інфармацыі, працуе Камітэт дзяржкантролю?

Валянціна Лукашэвіч, бібліятэкарка:
"Я — ЗА КАРАТКЕВІЧА СЁННЯШНЯГА ДНЯ"

— Я не разумею, чаму ніхто з чыноўнікаў не заўважае таго, што робіць Людміла Рублеўская? Гэта ж Уладзімір Караткевіч сённяшняга дня! Дастаткова даць дзіцяці пачытаць толькі адзін раздзел з яе любога рамана, і ўсё — дзіця не адарваць ад беларускай кнігі. На сённяшні дзень Рублеўская — самая дастойная кандыдатура для такой прэміі.

Глеб Лабадзенка, паэт, журналіст:
"ГАЛАСУЮ ЗА "ЦЭНТР ЕЎРОПЫ" НЯКЛЯЕВА"

— Я бачыў гэты спіс. Безумоўна, ён складаўся з пункта гледжання сённяшняй дзяржавы, і ў гэтых адносінах складзены абсалютна правільна. Больш за тое, некаторых намінантаў, вылучаных на Дзяржпрэмію, я таксама вітаю. Гэта тычыцца, напрыклад, спектакля “Жанчыны Бергмана”.

Праўда, калі глядзець з пункта гледжання абсалютных арыенціраў, то гэты спіс выглядаў бы зусім па-іншаму. Я лічу, што “Пінская шляхта” ў Купалаўскім тэатры — безумоўна, вартая прэміі з’ява. У галіне архітэктуры — гэта аднаўленне Свята-Духавай царквы. Канечне, ёсць дэталі, але ў плане аднаўлення знешняга выгляду еўрапейскага горада гэта надзвычай каштоўная падзея, якую трэба адзначаць. Што да кнігі, то цяжка вылучыць нешта адно. Але ў душу мне запала кніга “Цэнтр Еўропы” Уладзіміра Някляева. Гэта сучасная еўрапейская проза, якая тым не менш была мне блізкая як беларусу, таму што там ёсць зразумелыя нам рэчы, знакі і рэаліі.

Каментароў: (0) Раздрукаваць Уверх
НОВЫ КАМЕНТАР
Малюнак CAPTCHA

ЯШЧЭ АРТЫКУЛЫ ГЭТАЙ РУБРЫКІ

КАМЕНТАРЫ

НАЙБОЛЬШ ЧЫТАНАЕ

Погляд

свежы нумар

Adobe PDF Reader

Для чытання газеты ў фармаце
pdf Вам спатрэбіцца “PDF reader”

АРХIў САЙТА

АПЫТАННЕ

Колькі, на ваш погляд, павінна быць дзяцей у сям'і?

Усяго прагаласавалі: 14

0%: Аднаго дастаткова..
 
35%: Два.
 
57%: Больш за два.
 
7%: Дзеці ўвогуле не абавязковы для сям'і.
 
СПАСЫЛКI