Грамадства

Морава супраць хатняга гвалту

Люстра дзён  •  2010-01-27

Каментароў: (0) A / A Змяніць шрыфт

“Тут і цяпер” вырашыла пацікавіцца, ці выконваецца ў Беларусі Нацыянальны гендэрны план.

Як стала вядома нашаму выданню, не так даўно некаторыя беларускія вышэйшыя навучальныя ўстановы атрымалі просьбу ад Дзяржаўнай установы адукацыі “Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы” трымаць справаздачу па выкананні Нацыянальнага плана дзеянняў па забеспячэнні гендэрнай роўнасці на 2008—2010 гады.

Інфармацыю пра тое, як выконваецца гэты план у канкрэтнай навучальнай установе, павінны будуць прааналізаваць ідэолагі Інстытута вышэйшай школы, а статыстыка потым будзе накіравана ў Міністэрства адукацыі.

— Нам па электроннай пошце даслалі канкрэтныя пункты плана па гендэрнай роўнасці, па якіх мы павінны былі трымаць справаздачу, — распавёў “Тут і цяпер” дэкан факультэта аднаго з беларускіх ВНУ. — У прыватнасці, ва ўніверсітэтах і інстытутах згодна з планам па гендэрнай роўнасці павінны праводзіцца адмысловыя курсы і факультатывы па фарміраванні сямейных каштоўнасцей з улікам культурных і нацыянальных традыцый беларускага народа, прынцыпаў гендэрнай роўнасці. Было рэкамендавана ў адукацыйныя праграмы павышэння кваліфікацыі і прафесійнай перападрыхтоўкі кіруючых кадраў уключыць курс па гендэрнай праблематыцы (асновы гендэрных ведаў, гендэрныя аспекты сацыяльнай палітыкі, дзяржаўная палітыка ў сферы роўных правоў жанчын і мужчын). Мы мусілі прымаць удзел у канферэнцыях, семінарах, трэнінгах па тэматыцы супрацьдзеяння гвалту ў дачыненні да жанчын, рэспубліканскім свяце “Дзень маці” і г.д. На мой погляд, мала каго цікавіць, ці праводзяцца ўсе гэтыя мерапрыемствы на самай справе. Некаму проста патрэбна такая справаздача, і мы яе падрыхтавалі.

ПОГЛЯД ЭКСПЕРТА

Ірына Альхоўка:
"ТАТА, ЯКІ ЧЫТАЕ ДЗІЦЯЦІ КАЗКУ НА НОЧ, — ГЭТА СВЯТА"

— Можна сказаць, што Нацыянальны план дзейнасці па забеспячэнні гендэрнай роўнасці і выконваецца, і не выконваецца, — дзеліцца сваімі думкамі з “Тут і цяпер” выканаўчы дырэктар ГА “Беларуская асацыяцыя маладых хрысціянскіх жанчын” Ірына Альхоўка. — Добра, што многія мерапрыемствы, якія пазначаны ў плане, тычацца пытанняў сацыяльнага забеспячэння жанчын: тых жа дапамог, пенсій і інш. Няхай у нас яны невялікія, але выплачваюцца.

У праграме таксама ёсць цікавы пункт наконт павышэння прэстыжу бацькоў і ўстанаўлення святочнага дня “Дзень бацькі”. Напэўна, з дапамогай міжнародных арганізацый на гэтую тэму зараз таксама звяртаюць увагу. Напрыклад, Міністэрства працы выступіла партнёрам штогадовай акцыі па супрацьдзеянні хатняму гвалту, якую ладзіць дзіцячы фонд АНН у рамках праграмы развіцця ААН. У мінулым годзе ўздымалася мужчынская тэма, і ў нас пакрысе пачалі падымацца пытанні мужчынскага руху. У рамках развіцця канцэпцыі адказнага бацькоўства ў нас з’явілася такая цудоўная ініцыятыва, як “Тата-школы”. Я, напрыклад, гэта вітаю, таму што бацька, які чытае дзіцяці казку на ноч, — гэта, хутчэй, свята, чым штодзённая практыка. Дзейнасць “Тата-школы” скіравана якраз на тое, каб навучыць бацькоў атрымліваць асалоду ад часу, праведзенага з дзецьмі. Нягледзячы на тое, што ў першыя гады жыцця дзіцяці маці для яго проста незаменная, роля бацькі таксама вялікая. Звычайна “Тата-школы” арганізуюцца на базе тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання, а гэта структура Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

Што тычыцца жанчын, якія задзейнічаны ў працэсе прыняцця рашэнняў, то ў нас амаль усюды існуюць квоты. Гэта добрая мера: калі адзначаецца недапрадстаўленасць жанчын у тым ці іншым сектары, кватаванне дазваляе хаця б фармальна мець жаночае прадстаўніцтва. Але разам з тым колькасць павінна пераходзіць у якасць, і жанчыны-дэпутаты павінны мець уяўленне не толькі пра пытанні, якія тычацца льгот, але і пра іншыя праблемы жаночых сацыяльных груп. У гэтым сэнсе я хацела б адзначыць тую ж Антаніну Мораву — былога міністра працы (цяпер яна член Савета Рэспублікі), якая вельмі актыўна ставіць пытанне аб прыняцці важнага закона аб хатнім гвалце. Мы спадзяёмся, што згаданы закон хаця б у наступным годзе вернецца ў сетку парламента.

А што тычыцца ВНУ, ад якіх патрабуюць гендэрных справаздач... Што тут скажаш? У нас так здараецца. Хаця, напрыклад, прадстаўнікоў нашай арганізацыі часам просяць прачытаць курс па супрацьдзеянні гандлю людзьмі. І ў рамках названага курса мы закранаем пытанні гендэрнай палітыкі, хатняга гвалту. Але гэта наш уласны курс, які мы чытаем.

ПЛАНЫ НА ЗАЎТРА

На гэты год згодна з Нацыянальным гендэрным планам сярод асноўных мерапрыемстваў запланавана правядзенне рэспубліканскай канферэнцыі “Жанчыны: правы, рэальнасць, перспектывы”. Адказнымі за яе прызначаны міністэрствы працы, адукацыі, унутраных і замежных спраў.

У 2010 годзе ў Мінпрацы павінен быць выдадзены інфармацыйны бюлетэнь “Жаночыя грамадскія аб’яднанні” і зборнік “Жанчыны і мужчыны Беларусі”.

Запланавана і “ўдасканаленне гендэрнай статыстыкі, якая дазваляе ажыццяўляць усебаковы параўнальны аналіз становішча мужчын і жанчын у Беларусі”, а таксама маніторынг умоў працы работніц асноўных галін прамысловасці.

Аксана КАРАТКЕВІЧ,
спецыяльна для svabodaby.net

Каментароў: (0) Раздрукаваць Уверх
НОВЫ КАМЕНТАР
Малюнак CAPTCHA

ЯШЧЭ АРТЫКУЛЫ ГЭТАЙ РУБРЫКІ

КАМЕНТАРЫ

НАЙБОЛЬШ ЧЫТАНАЕ

Погляд

свежы нумар

Adobe PDF Reader

Для чытання газеты ў фармаце
pdf Вам спатрэбіцца “PDF reader”

АРХIў САЙТА

АПЫТАННЕ

Колькі, на ваш погляд, павінна быць дзяцей у сям'і?

Усяго прагаласавалі: 14

0%: Аднаго дастаткова..
 
35%: Два.
 
57%: Больш за два.
 
7%: Дзеці ўвогуле не абавязковы для сям'і.
 
СПАСЫЛКI