Грамадства

Вы ўпэўнены, што спажываеце чыстую ежу?

Здароўе  •  2010-01-27

Каментароў: (0) A / A Змяніць шрыфт

З пасяджэння праўлення аб’яднання "Цэнтр падтрымкі чарнобыльскіх ініцыятыў":

— У Беларусі неабходна адмовіцца ад дапушчальных узроўняў наяўнасці радыенуклідаў у харчовых прадуктах. Цэнтру без усялякай на то матывацыі было адмоўлена ў рэгістрацыі пілотнага праекта па вырошчванні чыстых ад радыенуклідаў сельскагаспадарчых культур і забеспячэнні радыяцыйнай абароны насельніцтва Беларусі.

У прадстаўнікоў цэнтра ёсць звесткі пра масавыя парушэнні ў сферы гандлю, якія мелі месца падчас рэалізацыі прадуктаў харчавання.

На падставе Орхускай канвенцыі аб доступе да экалагічнай інфармацыі трэба зрабіць пісьмовы запыт ва ўсе найбуйнейшыя харчовыя рынкі краіны аб прадастаўленні даных аб наяўнасці радыяцыі ў прадукцыі, якая там рэалізуецца.

Іван Нікітчанка, прафесар, членкарэспандэнт Нацыянальнай Акадэміі навук:
"З-ЗА "БРУДНЫХ ПРАДУКТАЎ" БЕЛАРУСЬ ЗГУБІЛА 750 000 ЧАЛАВЕК"

— Ува мне дзевятнаццаць бэкарэляў на кілаграм вагі — пра якую ўпэўненасць можна казаць?! Для Беларусі гэта праблема, сур’ёзней за якую і не прыдумаеш. Беларусь забруджана радыенуклідамі. Я ў свой час займаў пасаду намесніка старшыні Аграпраму БССР, таму карціну ведаю. Да таго ж кіраваў усімі работамі па ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Паўсюднае забруджанне пачалося ў 1987 годзе, пасля загаду Аграпраму “расцягнуць” радыеактыўнае збожжа па ўсіх камбікормавых заводах краіны. Скармілі тое збожжа птушкам і свінням, зрабілі кампост і ўнеслі ў глебу. Гэта было зроблена для таго, каб рацыянальна выкарыстаць збожжа, хоць насамрэч гэта была дыверсія, вынікі якой Беларусь будзе адчуваць яшчэ шмат гадоў. З 1993 года Беларусь згубіла 750 000 чалавек — вось гэта якраз і ёсць вынікі нашага ўжывання “брудных” прадуктаў. Бяспечнай радыяцыі не бывае. Пры любой дозе разбураецца імунітэт чалавека, адсюль хваробы і смяротнасць. На тысячу чалавек памірае пятнаццаць, а нараджаецца восем. Да 2020 года і мільёна беларусаў не будзе, як прагназуюць эксперты ААН. Патрэбна радыяцыйная абарона насельніцтва, і гэтым павінны займацца дзяржаўныя структуры. Але ж яны не хочуць...

Таццяна Злотнікава, урач:
"ЕШЦЕ БУРАКІ, БУЛЬБУ, РЭПУ"

— І што цяпер, зусім не есці? Верагоднасць пападання ў арганізм радыенуклідаў з прадуктамі ў нашай краіне непазбежная. Аднак ёсць вялікая колькасць прадуктаў, якія выводзяць радыенукліды. Напрыклад, вядома, што калій замяшчае стронцый, і калі вы ўжываеце прадукты з каліем, то атрымліваеце большую гарантыю нейтралізацыі радыяцыі. Ешце традыцыйныя беларускія прадукты — буракі, бульбу, рэпу, рэдзьку. Ні ў якім разе не купляйце ягады і садавіну пры дарогах. Імкніцеся не есці грыбоў. Хоць у кожнага страху ёсць свае межы.

Тамара Белавокая, сакратар прэзідыума Беларускага камітэта “Дзеці Чарнобыля”:
"У ПЕРШУЮ ЧАРГУ АД ГЭТАЙ БЯДЫ ЦЕРПЯЦЬ ДЗЕЦІ, ЯКІЯ ЯШЧЭ НЕ НАРАДЗІЛІСЯ"

— Я ўпэўнена, што ўжываю нячыстую ежу, і гэта вельмі сур’ёзная праблема. Кажу гэта як доктар. У апошні час я працую з экалагічнай паталогіяй. У Беларусі акрамя цяжкіх металаў і ўсякага бруду ў прадуктах ёсць і радыенукліды, што адбіваецца на здароўі будучых пакаленняў. У першую чаргу церпяць дзеці, таму што мамы ядуць усё, што ёсць ва ўсе перыяды развіцця арганізма будучага дзіцяці. Якія наступствы? Напрыклад, намеснік міністра абароны агучыў цікавую інфармацыю, што сёлета не было знойдзена ніводнага прызыўніка, годнага для службы ў войсках спецыяльнага прызначэння. Высновы рабіце самі.

Сяргей Харэўскі, мастацтвазнаўца, адзін з аўтараў кнігі “Наша страва”:
"ДАВОДЗІЦЦА РАЗЛІЧВАЦЬ ВЫКЛЮЧНА НА СУМЛЕННАСЦЬ САНІТАРНЫХ СЛУЖБАЎ"

— Я не стаўлю пытанне такім чынам, таму што любая перасцярога мае свае межы. Зразумела, што не кожны зможа вырошчваць асабіста для сябе і бульбу, і бараноў дзеля мяса, і г.д. У любым разе мы павінны разлічваць на сумленне дзяржаўных санітарных службаў. Інакш ніяк. Калі я купляю ежу для дзіцяці, то ўважліва разглядаю этыкеткі, дзе пазначаны месца і дата вырабу, наяўнасць мадыфікаваных інгрэдыентаў. Па магчымасці пазбягаю кансервантаў, субпрадуктаў, марынадаў. Ніхто не застрахаваны ад таго, што нешта патрапіць на наш стол з забруджаных раёнаў Беларусі. Я на ўласныя вочы ў Брагінскім раёне бачыў гіганцкія фуры з ягадамі. І кантроль там не ажыццяўляецца. Пасля гэтага я стаў з падазрэннем адносіцца да беларускіх прадуктаў, у склад якіх уваходзяць лясныя ягады.

Сяргей Бахун, сябра праўлення “Цэнтра падтрымкі чарнобыльскіх ініцыятыў”:
"БЯСПЕЧНАСЦЬ ПРАДУКТАЎ ДЛЯ ГРАМАДЗЯН ТАЙНА ЗА СЯМЮ ПЯЧАЦЯМІ"

— Натуральна, я не ўпэўнены, хаця б па той прычыне, што перанёс хваробу, пасля якой мне выдалілі шчытападобную залозу. І гэтая хвароба звычайна ўзнікае ад радыяцыі, якая трапляе ў арганізм з прадуктамі. Адкуль жа, як не праз ежу, я захварэў? Тым больш мне крыўдна, што на Ракаўскім кірмашы мне адмовілі ў прадастаўленні даных па радыенуклідах у прадуктах, якія там прадаюцца. Усё, што тычыцца мяса і малака, знаходзіцца пад грыфам страшэннай сакрэтнасці, што наводзіць на пэўныя думкі.

Каментароў: (0) Раздрукаваць Уверх
НОВЫ КАМЕНТАР
Малюнак CAPTCHA

ЯШЧЭ АРТЫКУЛЫ ГЭТАЙ РУБРЫКІ

КАМЕНТАРЫ

НАЙБОЛЬШ ЧЫТАНАЕ

Погляд

свежы нумар

Adobe PDF Reader

Для чытання газеты ў фармаце
pdf Вам спатрэбіцца “PDF reader”

АРХIў САЙТА

АПЫТАННЕ

Колькі, на ваш погляд, павінна быць дзяцей у сям'і?

Усяго прагаласавалі: 14

0%: Аднаго дастаткова..
 
35%: Два.
 
57%: Больш за два.
 
7%: Дзеці ўвогуле не абавязковы для сям'і.
 
СПАСЫЛКI