Грамадства

“Беларусь” як моўны паразітызм

Люстра дзён  •  2010-01-26

Каментароў: (0) A / A Змяніць шрыфт
Першым за паўтара дзесяцігоддзя беларускім чыноўнікам, які ўзняў пытанне правільнага называння Беларусі за мяжой, стаў міністр замежных спраў Сяргей Мартынаў.

Год назад падчас прэс-канферэнцыі ў Берліне ён ветліва паправіў нямецкага журналіста: "We are not Weißrussland, we are Be-la-rus”.

НАСТУП НА РАСІЮ

23 лістапада мінулага года на сустрэчы прэзідэнта Расіі з беларускімі журналістамі карэспандэнт БТ нечакана заявіў Дзмітрыю Мядзведзеву: "Наша краіна завецца Беларусь. Менавіта так: восем літар, чацвёртая "а", на канцы — "ь".

"Я ж менавіта так кажу, як завецца ваша краіна ў ААН, — Беларусь, і я настойваю менавіта на такім вымаўленні назвы нашай братэрскай дзяржавы", — парыраваў Мядзведзеў.

26 лістапада ў Мінску на пасяджэнні аб'яднанай калегіі міністэрстваў юстыцыі Беларусі і Расіі намеснік нашага міністра Ала Бодак узняла пытанне аб тым, што ў прававых актах Расіі выкарыстоўваюцца розныя назвы — "Белоруссия" і "Беларусь", у той час як транслітарацыя афіцыйнай назвы краіны на замежныя мовы павінна ажыццяўляцца адпаведна гучанню.

"Выбачаюся за сваіх калегаў, якія выкарыстоўваюць няправільную назву краіны. Я выдам распараджэнне, каб пры праверцы ўсіх нарматыўных актаў правяралася адпаведнасць правільнаму напісанню Беларусі”, — імгненна адрэагаваў міністр юстыцыі РФ Аляксандр Канавалаў.

Расійскія філолагі і журналісты ўспрынялі заявы двух міністраў у штыкі. На чым жа трымаецца іх пазіцыя?

"БЕЛАРУСЬ" — ТРАДЫЦЫЙНАЯ НАЗВА"

"У рускай мове ў адносінах да суседняй краіны ёсць адна норма — "Белоруссия", якую і трэба выконваць. Гэта тычыцца як штодзённага ўжытку, гэтак і СМІ", — заявіў навуковы сакратар Інстытута рускай мовы РАН Уладзімір Пыхаў.

"Паводле логікі, калі "Белоруссия" — традыцыйная для рускай мовы назва, чаму ж тады не называць Латвію Лівоніяй, а Літву Ліфляндыяй? Ёсць афіцыйная назва краіны — Рэспубліка Беларусь (Беларусь), замацаваная міжнародным правам", — заўважае ў інтэрв'ю "Тут і цяпер” адзін з самых аўтарытэтных беларускіх гісторыкаў Захар Шыбека.

Расійцы кажуць пра "адзіную правільную рускамоўную норму “Белоруссия”. Гэтак нашы землі называлі і тады, калі яны ўваходзілі ў склад Расійскай імперыі ў 1890-х гадах, і пасля заканчэння Першай сусветнай вайны, і ў часы савецкай улады (скарочана ад БССР). Па сутнасці, перад намі тры розныя эпохі, а з 1991 года пачала адлік новая — суверэнная. І на ўсе часы ў рускай мове адзін адказ — "Белоруссия"? Чаму ж, напрыклад, Лівонія, якая потым стала Ліфляндыяй, а затым Латвійскай ССР, у выніку ператварылася ў Латвію? Дзе ж тут логіка і моўная традыцыя?

Яшчэ адзін з пашыраных аргументаў "забелоруссистов": нацыянальныя формы ў іншыя мовы не пераносяцца.

"Немагчыма ўявіць, каб улады United States of America ці Republique Francaise раптам пачалі патрабаваць унесці ў рускую мову адмысловую норму наймення іх дзяржавы: напрыклад, "Аб'яднаныя дзяржавы Амерыкі" або "Франс", — піша ў рэдакцыйным артыкуле інфармагенцтва REGNUM.

"Да гэтага трэба ставіцца памяркоўна, бо такія пытанні хваравіта ўспрымаюцца толькі нацыямі з комплексам непаўнавартаснасці. У іншых краін ніякіх праблем з гэтым няма. Напрыклад, палякі завуць Італію "Влохі", Нямеччыну — "Немцы" (ад слова "нямыя"). І ніхто не крыўдзіцца", — падтрымлівае расійцаў першы амбасадар Беларусі ў ФРГ, філолаг Пятро Садоўскі.

Аднак параўноўваць Беларусь з ЗША, Францыяй, Нямеччынай і Італіяй — наймагутнейшымі дзяржавамі — нелагічна. Хаця б таму, што і ў 1890-х, і пасля заканчэння Першай сусветнай, і ў эпоху "халоднай вайны" ЗША, Францыя і Італія валодалі дзяржаўнасцю і не мянялі назваў.

Нашай жа незалежнасці ўсяго 18 гадоў, працэс нацыяўтварэння не завяршыўся, і палітычная перспектыва краіны ўсё яшчэ пад пытаннем. Таму нас так хвалюе і пытанне назвы. І ў гэтым мы несамотныя.

У свой час Персія папрасіла называць яе Іранам, Цэйлон — Шры-Ланкай, Бераг Слановай Косці — Кот д' Івуарам, Бірма — М'янмай, Паўночная Радэзія — Замбіяй, Кіргізія — Кыргызстанам.

З падобнай "просьбай" да сусветнай супольнасці звярнуліся і беларусы. У Законе РБ ад 19 верасня 1991 г. "Аб назве БССР" Вярхоўны Савет пастанавіў: "Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку далей называць "Рэспубліка Беларусь", а ў скарочаных і складаных назвах — "Беларусь". Устанавіць, што гэтыя назвы транслітаруюцца на іншыя мовы адпаведна беларускаму гучанню".

Нагадаем, што 27 ліпеня 1990-га ВС БССР прыняў Дэкларацыю "Аб дзяржаўным суверэнітэце". Такім чынам, БССР (Белоруссия) завяршыла існаванне, а яе правапераемніцай стала Рэспубліка Беларусь (Беларусь). Арфаграфія і моўная традыцыя тут ні пры чым.

ФІЛАЛОГІЯ ПА-ЗА ПАЛІТЫКАЙ?

Расійскія эксперты сцвярджаюць, што "Белоруссия " — лінгвістычная норма, якая не мае нічога агульнага з палітыкай. Але ці можна адасобіць назву краіны, якая ёсць удзельнікам міжнародных адносін, ад палітыкі?

Адзіны ў Расіі слоўнік, які адлюстроўвае гэтую двухбаковую лінгва-палітычную праблему, — Агульнарасійскі класіфікатар краін свету (прыняты пастановай Дзяржстандарту РФ у 2001 г.). Гэты дакумент гарманізаваны з міжнародным стандартам, распрацаваным Міжнароднай арганізацыяй па стандартызацыі, а таксама з Міждзяржаўным класіфікатарам краін свету і каталогам ААН. Ніякай “Белоруссии” ў ім мы не знойдзем. Затое пад 112-м нумарам з індэксам BY ў спісе краін ідзе Рэспубліка Беларусь, ці Беларусь (скарочаная форма).

"НАЦЫЯНАЛІСТЫЧНЫ ВЫПАД"

Рэакцыя расійскай грамадскасці сведчыць аб тым, што ў свядомасці расійцаў беларусы, як і 100 гадоў назад, застаюцца "малодшымі братамі", а наша шматпакутная гісторыя, цярністы шлях да нацыянальнай самасвядомасці і незалежнай дзяржавы для іх — вынік гістарычнай выпадковасці.

Таму трэба было памяркоўным "браткам-беларусам" толькі заікнуцца пра нацыянальную назву, як расійцы адразу ж паставілі іх на адну дошку з "нацыяналістамі" ўкраінцамі (патрабуюць пісаць не “на Украине”, а “в Украине") ды эстонцамі (хочуць бачыць “Таллин” з дзвюма "н" на канцы), абвінаваціўшы нас у "моўным паразітызме, накіраваным на разбурэнне рускай мовы".

Атрымліваецца, прэзідэнт Мядзведзеў куды большы ліберал, чым філолагі-гуманісты, журналісты незалежных СМІ і вольналюбівыя блогеры.

Віктар БЯЗМЕН
Каментароў: (0) Раздрукаваць Уверх
НОВЫ КАМЕНТАР
Малюнак CAPTCHA

ЯШЧЭ АРТЫКУЛЫ ГЭТАЙ РУБРЫКІ

КАМЕНТАРЫ

НАЙБОЛЬШ ЧЫТАНАЕ

Погляд

свежы нумар

Adobe PDF Reader

Для чытання газеты ў фармаце
pdf Вам спатрэбіцца “PDF reader”

АРХIў САЙТА

АПЫТАННЕ

Колькі, на ваш погляд, павінна быць дзяцей у сям'і?

Усяго прагаласавалі: 14

0%: Аднаго дастаткова..
 
35%: Два.
 
57%: Больш за два.
 
7%: Дзеці ўвогуле не абавязковы для сям'і.
 
СПАСЫЛКI