Спорт
Адраджэнне беларускага гандбола адкладваецца
Спорт • 2010-01-19
Каментароў: (0) A / A Змяніць шрыфтПадзеі 2009 года далі спадзеў, што сітуацыя ў айчынным гандболе можа змяніцца.
ЛІБЕРАЛІЗАЦЫЯ КАНАПЛЁВА
У нас у гандболе поўная дэмакратыя — галоўны трэнер вырашае ўсё.
Пакрытыкаваўшы летась беларускіх гандбалістаў за нявыхад у фінальную стадыю чэмпіянату Еўропы, што, на думку старшыні Беларускай федэрацыі гандбола Уладзіміра Канаплёва, стала вынікам слабай функцыянальнай падрыхтоўкі і адсутнасці матывацыі дый патрыятызму (“Поўзаеце, як блохі, па пляцоўцы!”), быў абвешчаны курс на лібералізацыю.
“У нас у гандболе поўная дэмакратыя — галоўны трэнер вырашае ўсё. Я толькі раз выказваў сваё меркаванне з нагоды аднаго гульца зборнай, які не зусім упісваўся ў яе. І калі я не маю рацыі, то гатовы зрабіць крок назад. Я цалкам давяраю адмыслоўцам. У новага трэнера цалкам развязаны рукі", — заявіў журналістам экс-спікер Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Канаплёў, які ўжо тры гады ачольвае Беларускую федэрацыю гандбола, распачаўшы вяртанне з-за межаў масцітых айчынных адмыслоўцаў.
Так, у ліпені на чале зборнай Беларусі пагадзіўся стаць славуты ў мінулым гулец СКА Юры Шаўцоў, які пасля сыходу з вялікага спорту зрабіў звышпаспяховую трэнерскую кар’еру ў Нямеччыне. Разам з клубамі "Лемга" і “Тусэм” ён станавіўся чэмпіёнам і прызёрам чэмпіянату гэтай краіны і ўладальнікам Кубка ЕГФ.
Шаўцоў назваў Канаплёва першым чалавекам, які “сеў і паслухаў” яго філасофію”. “Мала быць добрым трэнерам, трэба мець падтрымку, каб рэалізаваць задуманае. Мы абмяняліся меркаваннямі, і я зразумеў, што атрымаю ад яго неабходную падтрымку", — заявіў настаўнік, падпісаўшы кантракт з федэрацыяй на тры гады.
ВЯРТАННЕ РУТЭНКІ
Другой удачай Канаплёва стала рашэнне самага дарагога гандбаліста свету, легіянера іспанскай “Барселоны” Сяргея Рутэнкі вярнуцца да выступлення за нацыянальную зборную.
28-гадовы выхаванец мінскага “Аркатрона”, леташні пераход якога з іспанскага "Сьюдад-Рэаля" ў "Барселону" абышоўся ў 1,2 млн еўра, не гуляў за Беларусь з 2001 года. Гуляючы за наймацнейшыя славенскія каманды, ён прыняў грамадзянства Славеніі і выступаў за нацыянальную зборную гэтай краіны, стаўшы яе лепшым бамбардзірам на чэмпіянаце Еўропы-2006. Гуляючы ў Іспаніі, адзін з лепшых гандбалістаў свету атрымаў іспанскае падданства і мог спакойна выступаць за зборную пірэнейскай краіны. Аднак пасля гутарак з Канаплёвым прыняў рашэнне вярнуцца пад беларускі сцяг, пра што публічна заявіў у ліпені 2009-га.
Толькі аднаго жадання гандбаліста было замала. Паколькі ён абараняў колеры Славеніі, для змены спартовага грамадзянства яму прыйшлося чакаць тры гады. “На жаль, не атрымалася ўладзіць усе пытанні з дакументамі да старту кваліфікацыі да чэмпіянату свету, — распавёў Сяргей Рутэнка карэспандэнту “Тут і цяпер” перад адлётам зборнай на Кіпр. — Аднак з лютага ўсе перашкоды для майго выступу за Беларусь будуць знятыя. І застаецца спадзявацца, што хлопцы зробяць усё магчымае, каб я дапамог ім ужо на наступным этапе”.
ЗВЫШЗАДАЧА І ЧОРНАЯ ПАЛАСА
Кіраўніцтва БФГ і Мінспорту паставіла перад Шаўцовым не проста амбіцыйную, а звышскладаную задачу — прабіцца на Алімпіяду-2012 у Лондан. Для гэтага беларусам найперш неабходна было выйграць кваліфікацыйны турнір на Кіпры, затым перамагчы саперніка ў плэй-оф і, самае галоўнае, патрапіць у “шасцёрку” найлепшых на бліжэйшым чэмпіянаце свету. Падобнае ў суверэннай гісторыі нашым гандбалістам яшчэ не ўдавалася. Не атрымалася гэта і сёлета. Найперш праз збег непрыемных акалічнасцей, якія атакавалі Шаўцова і К. Яшчэ да старту кваліфікацыі да сусветнага форуму зборная засталася без касцяка асноўных гандбалістаў. Гэтак, капітан Сяргей Гарбок, які выступае за нямецкі "Райн Левен", адмовіўся ад выступу з “сямейных прычынаў”. Насамрэч, як кажуць адмыслоўцы, справа ў жаданні беларуса згуляць на Алімпіядзе 2012 года за зборную Расіі. Шматразовыя просьбы федэрацыі і галоўнага трэнера прыехаць і дапамагчы зборнай у крытычнай сітуацыі ні да чаго не прывялі. Апроч Рутэнкі і Гарбака праз траўмы з шэрагаў каманды выпалі правы паўсярэдні “Дзюсельдорфа” Андрэй Курчаў, гульцы мінскага "Дынама" Сяргей Шыловіч і Максім Бабічаў, а таксама Артур Барзянкоў з брэсцкага БГК імя Мяшкова і “армеец” Дзмітры Баранаў.
“Па сутнасці, на многіх пазіцыях змушаны выступаць трэція нумары, што неймаверна ўскладніла задачу выхаду каманды ў плэй-оф”, — заявіў Юры Шаўцоў.
Як вынік, зборная на апошніх секундах саступіла гаспадарам — кіпрыётам (30:31), перамагла значна слабейшыя Фарэры (39:32), а ў рашучым двубоі была слабейшай за швейцарцаў (23:26). Апошнія і атрымалі адзіны пропуск у плэй-оф.
Амбіцыйныя планы вяртання айчыннага гандбола на месца пад сонцам прыйдзецца адкласці. Прынамсі, на год.
Лявон БАРАЗНОЎСКІ



НОВЫ КАМЕНТАР