Рэгiёны

Новы іспыт на трываласць

Магілёў  •  2010-01-19

Каментароў: (0) A / A Змяніць шрыфт Актывісты Магілёўскага праваабарончага цэнтра раздаюць мінакам брашуры з Дэкларацыяй правоў чалавека
Магілёўскія праваабаронцы, якія ў афіцыйна зарэгістраваным статусе працуюць больш за 10 гадоў, падвялі зусім нярадасныя вынікі сваёй працы ў 2009 годзе.

ПАСТАЯННА "ПАД ПРАВЕРКАМІ"

Грамадскае аб’яднанне “Магілёўскі праваабарончы цэнтр”, якое можна смела назваць адной з найстарэйшых падобных арганізацый у краіне, перажываў за сваю гісторыю самыя розныя перыяды, але такога ўпартага і скаардынаванага супраціву з боку ўсіх інстанцый улады, як летась, яшчэ ніколі не было.

Непасрэдна супраць МПЦ былі скіраваны некалькі канкрэтных захадаў. Без якіх-небудзь падстаў была значна павышана арэндная плата за офіс. Стараннямі ўпраўлення юстыцыі ажыццяўлялася прымушэнне да незаконнай перарэгістрацыі аб’яднання. МПЦ пастаянна знаходзіўся “пад праверкамі” з боку самых розных устаноў. Упраўленне юстыцыі аблвыканкама адмовіла МПЦ у сваім ранейшым супрацоўніцтве па пытаннях кантролю за выкананнем заканадаўчых патрабаванняў, якія тычацца турэмных парадкаў і турэмнай практыкі.

Пра адмаўленне ў падтрымцы дзейнасці МПЦ з боку ўлады сведчыць той факт, што за мінулы год праваабаронцы накіравалі ў розныя інстанцыі больш як 2000 (!) заяў, скаргаў і запытаў. (Названая лічба, дарэчы, сведчыць і пра пагаршэнне сітуацыі, звязанай з гэтай праблемай.) Аднак практычна на ўсе свае звароты актывісты МПЦ атрымлівалі фармальныя адказы, якія ў народзе слушна завуць адпіскамі.

Рэзкая негатыўная рэакцыя з боку мясцовых дзяржаўных інстанцый суправаджала заявы, звароты і скаргі МПЦ, калі ў іх змесце прысутнічаў “палітычны акцэнт”. Праваабаронцам, у прыватнасці, ніводнага разу не ўдалося даказаць у розных інстанцыях праўду такіх вядомых у рэгіёне актывістаў грамадскага жыцця, як будаўнік Мікола Расюк і майстар-выкладчык Аляксей Паўлоўскі.

Непрыемнасці ў спадароў Расюка і Паўлоўскага пачаліся адначасова з іх “несанкцыянаваным” вылучэннем (пра гэта абодвум актывістам начальнікі гаварылі цалкам адкрыта) кандыдатамі ў дэпутаты беларускага парламента. Дарэчы, да іх кваліфікацыі ці працоўнай дысцыпліны прэтэнзій не было. Усё “сапсавала” актыўная грамадская пазіцыя: аднаго звольнілі, другога “саслалі” з абласнога цэнтра на сельскі будаўнічы аб’ект. Пры гэтым адміністрацыі арганізацый, у якіх працавалі названыя грамадзяне, не надта ўважліва гарталі адпаведныя законы, калі ўвогуле трымалі іх у руках…

ГАЛОЎНЫ АРЫЕНЦІР – МЯСЦОВЫЯ ВЫБАРЫ

Такім чынам, паўтарым: ні ў якіх дзяржаўных інстанцыях праваабаронцам не ўдалося давесці сваю праўду. Тут трэба адзначыць і адміністрацыйнае свавольства: не ўдалося дамагчыся праўды нават у судах, якія раней у працоўных спрэчках, як сведчыць праз уласную практыку прафсаюзны юрыст і сябра МПЦ Аляксандр Каралёў, часта прынцыпова трымаліся патрабаванняў заканадаўства. Цяпер жа палітыка прасачылася і ў тыя суды.

Дырэктар праваабарончага цэнтра Уладзімір Краўчанка лічыць, што ў краіне ніколі не было інстанцыі, якая б мела права і магчымасць кантраляваць захоўванне з боку ўлад грамадзянскіх правоў. Гэтая справа заўсёды трымалася на актывістах, праваабаронцах, сумленных юрыстах і журналістах з недзяржаўных СМІ.

Больш-менш спрыяльныя ўмовы для вырашэння гэтых праблем былі ў Беларусі раней, калі ў прыватнасці офіс АБСЕ працаваў у нас на ўмовах паўнавартаснага мандата. Многае ў назіранні, фіксацыі і каменціраванні найбольш відавочных выпадкаў парушэнняў грамадзянскіх правоў рабіла амбасада ЗША, якая, як вядома, цяпер таксама працуе ў значна менш прадстаўнічым складзе. Беларуская ўлада і зараз (а такое меркаванне выказваюць, дарэчы, не толькі У.Краўчанка і А.Каралёў) перахоплівае ў еўрапейскіх структур ініцыятыву ў праграме “Усходняе партнёрства” на карысць атрымання для сябе эканамічных выгад.

Больш выразна праблемы неадпаведнасці нашай сітуацыі міжнародным стандартам і нормам выявяцца ў хуткім часе — падчас наступных выбарчых кампаній (у мясцовыя саветы і прэзідэнцкай). Магілёўскія праваабаронцы, якія маюць вялікі досвед у назіранні за выбарамі і ў абароне выбарчых правоў, ужо сёння пачалі рыхтавацца да выканання сваёй пачэснай місіі ў ходзе гэтых кампаній.

А леташнія вынікі ў галіне абароны грамадзянскіх правоў, сумленна прызнаныя сціплымі, зусім не абяззброілі праваабаронцаў і не пахіснулі іх гатоўнасці рупліва працягваць сваю працу. Больш за тое: у МПЦ прааналізавалі ўласныя памылкі і недахопы (у ліку такіх названа, напрыклад, недастатковая праца над пашырэннем сваіх шэрагаў за кошт моладзі). Выпраўленне гэтых недахопаў абвешчана такой жа першараднай задачай, як і эфектыўнае выкананне непасрэдных праваабарончых задач і дасягненне статутных мэт.

Самы ж бліжэйшы іспыт на трываласць і станоўчы вынік у працы МПЦ — гэта выбары ў мясцовыя саветы дэпутатаў. У прыватнасці, у абласным цэнтры праваабаронцы маюць намер “закрыць” сваімі назіральнікамі ўсе выбарчыя ўчасткі.

Віктар ВОЙТ

Каментароў: (0) Раздрукаваць Уверх
НОВЫ КАМЕНТАР
Малюнак CAPTCHA

ЯШЧЭ АРТЫКУЛЫ ГЭТАЙ РУБРЫКІ

КАМЕНТАРЫ

НАЙБОЛЬШ ЧЫТАНАЕ

Погляд

свежы нумар

Adobe PDF Reader

Для чытання газеты ў фармаце
pdf Вам спатрэбіцца “PDF reader”

АРХIў САЙТА

АПЫТАННЕ

Як Вы лічыце, ці абавязкова дзень 8 сакавіка павінен быць выхадным днём?

Не.
Так, абавязкова, бо гэта святочны дзень.
Так: лішні выхадны ніколі не лішні.
Мне без розніцы.
СПАСЫЛКI