Спорт
Хакей на Каляды. Пад прымусам
Спорт • 2010-01-11
Каментароў: (3) A / A Змяніць шрыфтЛУКАШЭНКА І ДЗЕЮЧЫЯ "АМАТАРЫ"
Каментатары айчынных тэлеканалаў па старой завядзёнцы абвясцілі каманду прэзідэнта “чэмпіёнам свету сярод аматараў”. Але, каб пераканацца ў поўнай дурасці гэтай заявы, дастаткова зірнуць на прозвішчы тых, хто змагаўся супраць сапраўдных аматараў з Канады, Фінляндыі, Швейцарыі пад беларускім сцягам. Побач са шматгадовымі сябрамі зборнай Беларусі, якія зусім нядаўна павесілі каўзачы на цвік і фармальна з’яўляюцца аматарамі (Мікульчык, Цыплакоў, Белы, Шыткоўскі і інш.), на лёд выходзілі дзеючыя хакеісты — пераважна гульцы мінскага “Юнацтва”, якое ачольвае асабісты трэнер прэзідэнта (а цяпер і зборных Беларусі і Украіны) Міхаіл Захараў, — Сяргей Ярковіч, Дзмітры Дудзік, Арцём Сінькевіч, Раман Раманенка...
Характэрна, што фінальны двубой паміж камандамі Беларусі і Расіі (8:4 на карысць Лукашэнкі і К.), якую прадстаўляла дружына "Газпрам экспарт" на чале з віцэ-прэзідэнтам “Газпрама” Аляксандрам Мядзведзевым, адбыўся на лёдзе 15-тысячнай “Мінск-Арэны”.
Першых гледачоў найбуйнейшы крыты спарткомплекс краіны прыняў 26 снежня 2009 года на матчы юнацкіх каманд "Юнацтва " і СДЮШАР "Мінск". 14 студзеня там адбудзецца матч чэмпіянату КХЛ, калі мінскае "Дынама" прыме лідара турніру магнітагорскую каманду "Металург".
Як паведаміла “Тут і цяпер” намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце адной з мінскіх школ Таццяна Васільеўна, якая прасіла не называць яе прозвішча, 7 студзеня ў кожную школу прыйшла разнарадка забяспечыць на фінальную гульню прэзідэнцкага турніру па 100 чалавек. “Пасля абеду мы збіралі дзяцей, а потым загадзя на адмыслова прыгатаваных для нас тралейбусах везлі іх на хакей. Ведаю, што на заводах за паход на хакей давалі па два адгулы. Людзей звезлі так многа, што тысячам з іх папросту не хапіла месца на трыбунах, і яны змушаны былі разысціся па хатах”, — распавяла настаўніца.
ГВАЛТОЎНАЯ ФІЛАСОФІЯ НАВУМАВА
Тое, што ў Беларусі распаўсюджана практыка прымусовага запаўнення трыбун спартовых арэн за кошт школьнікаў, ні для каго не сакрэт. Нядаўна гэты факт упершыню прызнала і афіцыйная асоба, назваўшы падобную практыку нармалёвай.
Гэтак, у верасні мінулага года, выступаючы ў жывым эфіры інтэрнэт-радыё TUT.BY, былы міністр унутраных спраў Беларусі, старшыня Федэрацыі хакея Беларусі Уладзімір Навумаў заявіў, што падтрымлівае ідэю, калі школьнікаў здымаюць з урокаў і вядуць на хакейныя гульні для запаўнення трыбун і стварэння масавасці.
“На чэмпіянатах свету бывае, што гульні праходзяць пры пустых трыбунах, а гэта падрывае аўтарытэт сусветнага хакея. Міжнародная федэрацыя хакея высунула патрабаванне: калі ў 2014 годзе будуць краіны, якія не прывязуць заўзятараў, ці іх гульня не будзе выклікаць належнай цікавасці, то мяне папрасілі прыцягваць школьнікаў і прымусова прыводзіць іх на гульні. Нічога кепскага я ў гэтым не бачу... Я ніколі не быў супраць таго, што да цікавага, культурнага, прыгожага прыводзяць людзей прымусова”, — заявіў Уладзімір Навумаў.
Нагадаем, што ў траўні 2014 года ў Мінску адбудзецца чэмпіянат свету па хакеі. Галоўнымі пляцоўкамі спаборніцтваў стануць тая самая “Мінск-Арэна”, а таксама 8-тысячная “Чыжоўка-Арэна”, якую мусяць пабудаваць да 2013 года. Пры ўсім пры тым спасылка Навумава на патрабаванне Міжнароднай федэрацыі выглядала абсалютна абсурдна, бо, па-сутнасці, гэта азначае адкрытае парушэнне правоў чалавека.
“Як жа ж так, Уладзімір Уладзіміравіч?! Ці вам не ведаць значэння слова "прымус"? — абураўся галоўны рэдактар галоўнай спартовай газеты краіны “Прессбол” Уладзімір Беражкоў. — Паводле Крымінальнага кодэкса, гэта "супрацьпраўнае прымяненне гвалту (фізічнага ці псіхічнага) да асобы, якое ажыццяўляецца з мэтай дамагчыся здзяйснення дадзенай асобай насуперак яе волі грамадска небяспечнага ўчынку". У дадзеным выпадку небяспечным уяўляецца абмежаванне правоў і свабод грамадзян прынамсі на атрыманне адукацыі.
Думаю, далёка не ўсе бацькі, дзяцей якіх сілком здымаюць з урокаў, падзеляць меркаванне, што хакей для іх у прыватнасці і грамадства наогул — “цікавей, культурней і выдатней", чым матэматыка, літаратура ці нават фізкультура. Прымушаць да чаго б там ні было можна толькі тых, хто парушае закон. Прымус жа законапаслухмянага грамадзяніна, а тым больш нявінных дзяцей — у пэўнай ступені гвалт, злачынства”.
ПРЫМУС ПРАЦЯГВАЕЦЦА
У сярэдзіне снежня Уладзімір Навумаў нечакана абвясціў аб сваім сыходзе з пасады кіраўніка Федэрацыі хакея Рэспублікі Беларусь, якую ачольваў з 27 лістапада 2001 года. Новае месца працы Навумава — бізнэс-праект у Маскве, пра сутнасць якога экс-міністр МУС распаўсюджвацца не стаў, адзначыўшы толькі, што са спортам гэты праект не звязаны.
Навумава няма, але ягоная справа жыве. Загоны працягваюцца, і не толькі ў дачыненні да хакея. Настаўніца адной з мінскіх гімназій паведаміла “Тут і цяпер”, што зранку ў панядзелак 11 студзеня яе і яшчэ некалькіх калег абавязалі везці дзяцей ужо на футбол. Што ж там за такая вялікая спартовая падзея, дзеля якой дзяцей зрываюць з урокаў у першы вучэбны дзень пасля вялікіх вакацыяў? 11 верасня ў Мінскім футбольным манежы распачынаўся VI міжнародны юніёрскі турнір на прызы Беларускай федэрацыі футбола і Мінгарвыканкама сярод гульцоў 1993 года нараджэння (U-18).
Як той казаў, no comment.
Язэп ШЧАБЛОЎСКІ



КАМЕНТАРЫ
Сципион • 11.01.2010 14:24
Кстати, а не выставить ли нам команду Рыгоравича на грядущий Чемпионат мира-20ХХ, который планируется в Минске? На Олимпиаду, я думаю, не стоит, она все же не в Минске, а в Ванкувере, и обеспечить беспристрастное судейство там вряд ли получится...
:-) • 12.01.2010 17:04
Polkovodec! Ti tut zhivesh?
Сципион • 13.01.2010 15:56
Разве ж это жизнь? Так, прозябаю...
НОВЫ КАМЕНТАР