Грамадства

Тэст на гарбату

Люстра дзён  •  2010-01-11

Каментароў: (1) A / A Змяніць шрыфт
На апошняй прэс-канферэнцыі для беларускіх журналістаў А.Лукашэнка задаў рытарычнае пытанне кіраўніку агенцтва “БелаПАН” Алесю Ліпаю наконт заняпаду беларускай мовы. “Вы сказалі, што ў нас родная беларуская мова ў заняпадзе, — прагучала ў адказе правадыра. — Я жадаў бы, каб вы назвалі некалькі фактараў, якія характарызуюць гэты працэс”.

“Тут і Цяпер” папрасіла вядомых і паважаных людзей, якія заўсёды размаўляюць на мове Купалы і Коласа, прывесці канкрэтныя прыклады таго, што беларуская мова сёння сапраўды ў заняпадзе.

ІДЭОЛАГІ ПАВІННЫ ГЛЯДЗЕЦЬ ТЭЛЕВІЗАР З СЕКУНДАМЕРАМ У РУЦЭ

— Напэўна, адпаведныя службы, якія павінны дакладна і своечасова інфармаваць кіраўніцтва і кіраўніка краіны, або самі толкам нічога не ведаюць, або свядома ўводзяць у зман свайго шэфа, — выказвае свае думкі лаўрэат Дзяржпрэміі, вядомы паэт Генадзь Бураўкін. — Колькасць беларускіх школ і беларускіх класаў у школах (там, дзе яны яшчэ былі) з кожным годам скарачаецца. Для гэтага не абавязкова праводзіць вялікія даследаванні, трэба ўзяць тое, што падае ў сваіх штогадовых справаздачах Міністэрства адукацыі: колькі прыходзіць дзяцей у школу, колькі з іх ідуць у беларускамоўныя першыя класы, колькі ў нас беларускамоўных школ. І калі азнаёміцца з гэтымі лічбамі, то я не ведаю, ці можна будзе гаварыць пра росквіт беларускай мовы…

Яшчэ адна інфармацыя апошняга часу. Раней, сапраўды, пры паступленні ў вышэйшыя навучальныя ўстановы даволі значная колькасць выпускнікоў выбірала беларускую мову для здачы экзаменаў. Дык вось, цяпер жа абсалютна дакладна можна сказаць, што ў апошнія гады колькасць такіх хлопцаў і дзяўчат скарачаецца, і даволі прыкметна. Адкуль у прэзідэнта іншыя дадзеныя, я не ведаю…

А ці гаворыць пра росквіт тое, што мы бачым на паліцах кнігарань у нашай краіне? Зайдзіце ў любую з іх і проста паглядзіце, колькі там кніжак на беларускай і на іншых мовах. Паглядзіце ў любым газетным шапіку, колькі там беларускамоўных выданняў і колькі рускамоўных. І колькі там, урэшце, паштовак на беларускай мове і колькі — на рускай.

Паглядзіце перадачы беларускага тэлебачання ЎСІХ тэлеканалаў. І калі, магчыма, не кожны чалавек здольны на гэта, то адпаведныя ідэалагічныя структуры, якія прапаноўваюць кіраўніцтву краіны такія смелыя высновы, абавязаны гэта зрабіць, даруйце, з секундамерамі ў руках. Няхай падлічаць, колькі часу гучыць беларуская мова. І хай мне растлумачаць, што гэта не паказчык занядбання беларускай мовы, калі работнікі тэлебачання, журналісты, з чалавекам, які гаворыць па-беларуску, размаўляюць па-руску. Я маю на ўвазе нават такія ўнікальныя выпадкі, калі журналіст размаўляе з паслом Швецыі Стэфанам Эрыксанам: апошні па-беларуску, а журналіст — па-руску! Хіба гэта не паказчык занядбання роднай мовы?!

Кіраўнік краіны спасылаецца на вынікі рэферэндуму. Дык я хацеў бы нагадаць і яму, і іншым, што тады гаворка ішла аб рэальнай роўнасці беларускай і рускай моў у нас у Беларусі. Я ўжо не кажу пра тое, што нават кіраўнік краіны, калі яму на той прэс-канферэнцыі ўсяго двойчы задалі пытанне па-беларуску, не адказваў па-беларуску. Калі б ён хаця б адну палову свайго выступлення гаварыў па-беларуску, а другую палову — па-руску, тады я сказаў бы: вось гэта ёсць выкананне рашэння рэферэндуму. А так, дзе гэтая роўнасць?

І сказаць, што няма занядбання роднай мовы… Мякка кажучы, гэта была вельмі смелая заява.

АДПРАЦОЎВАЮЦЬ МАСКОЎСКІЯ ГРОШЫ?

— А я збольшага згодны з адказам Лукашэнкі на пытанне пра мову, — гаворыць старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў. — Згодны, што трэба без ляманту, спакойна вывучыць мову і размаўляць на ёй.

Канешне, за 15 гадоў Лукашэнка не выканаў да канца рашэнне рэферэндуму — ніякай жа роўнасці беларускай і рускай моў няма! Таму дадзім яму, пэўна, яшчэ 15 гадоў (жартую).

Але я згодны з прэзідэнтам наконт таго, што наша мова не ў заняпадзе. З савецкіх часоў сітуацыя значна палепшылася. І беларуская мова з такой лубачнай ператварылася ў мову эліт. Гэта можна заўважыць падчас розных апытанняў. Адно з апошніх сведчыць, што больш за палову беларусаў вельмі любяць тых, хто гаворыць па-беларуску. У грамадстве рэзка змянілася стаўленне да актыўных носьбітаў беларускай мовы з адмоўнага на станоўчае. І гэта вельмі дорага каштуе! Наступная задача — перавесці пасіўных носьбітаў у актыўныя. І загадамі гэта не зробіш. Ну, вось як “лябедзькі” гэтыя: яны ўсе матэрыялы, якія датычаць дзейнасці АДС, прынцыпова друкуюць па-расійску. А ў чым справа? Адпрацоўваюць маскоўскія грошы? І ў матэрыялах АДС, заўважце, ні слова пра мову і сімволіку…

ГАВОРЫШ НА МОВЕ - ЗНАЧЫЦЬ, ФАШЫСТ?

— Лукашэнка выдатна ведае, што ў Беларусі беларуская мова дыскрымінуецца, — лічыць палітык Павел Севярынец. — Дастаткова паглядзець праграму нацыянальнага тэлебачання, паслухаць FM-станцыі, выступы старшыняў рай- і гарвыканкамаў, азнаёміцца са справаводствам у дзяржструктурах — беларускай мовай там і не пахне!

Абсалютная большасць гарадскіх школьнікаў навучаецца па-расійску. У шэрагу выпадкаў на просьбы бацькоў прадаставіць навучанне па-беларуску адказваюць, што няма беларускамоўных падручнікаў альбо беларускамоўных настаўнікаў. Ці няма дастатковай колькасці вучняў. То бок людзей проста адваджваюць ад роднай мовы.

У мяне ёсць такі тэст на гарбату. Я часта езджу па розных гарадах Беларусі, дзе проста заходжу ў крамы і прашу гарбаты. І складаю рэйтынг: у якім універсаме хутчэй зразумеюць, што гэта такое. Пакуль што звычайная карціна наступная: альбо перапытваюць, альбо просяць гаварыць “па-рускі”, альбо прапануюць гарэлку ці абзываюць фашыстам. І гэта ва ўстановах дзяржаўнага гандлю! Усё гэта сведчыць пра стан беларускай мовы.

У Наваполацку, напрыклад, усе чатыры ўніверсамы тэст не прайшлі. Больш за тое, мне давялося пісаць у Кнігу скаргаў зварот, бо пагражалі выклікаць міліцыю за тое, што я ўчыняю скандал, хаця я проста папрасіў гарбаты. Праз месяц мне даслалі адказ: маўляў, выбачайце за нашу супрацоўніцу, навучым яе беларускай мове, заходзьце да нас яшчэ. Апошнім разам у Магілёве было прыблізна тое ж самае…

Я б заклікаў беларусаў часцей праводзіць такія тэсты, не саромецца роднай мовы, а старацца даць зразумець усім астатнім, што гэта норма — размаўляць па-беларуску.

ЦЫТАТНІ

Што яшчэ казаў Лукашэнка пра мову?

…Жадаеце размаўляць на беларускай мове — размаўляйце, вам ніхто не перашкаджае. Жадаеце гаварыць на рускай мове — калі ласка, гаварыце.

…Шмат хто лічыць мяне апошнім дыктатарам у Еўропе, дык вось запомніце: мова — гэта тая сфера, якая не трывае ніякай дыктатуры і гвалту. Я наогул прыхільнік таго, каб у нас не было ніякіх забарон і ніякага гвалту. Людзі павінны вырашаць самі, як ім жыць. Але, калі табе дапамагаюць і ставяць умовы, тады будзь ласкавы выконваць — ва ўсім свеце так прынята. Так і па мове…

…Кожны год у нас значны прырост жадаючых здаваць іспыты на беларускай мове. І першым чынам — у вядучых вну нашай краіны, нават у гарадскіх, нават у Мінску, дзе менш гавораць па пэўных прычынах на беларускай мове, значная дынаміка. Гэта добры паказчык, гэта будучыня, гэта эліта, якая атрымае адукацыю і за сабою павядзе ўсіх астатніх.

...Неяк падчас перапісу мяне нечакана спыталі, і я, не задумваючыся, адказаў, на якой мове размаўляю дома. Я вельмі рады, што мой малы, калі мы едзем у аўтамабілі, уключае музыку і слухае песні: у асноўным Навуменку, "Сяброў", якія спяваюць на беларускай мове. Дахаты прыходзіць, пачынае мне пераказваць гэта. Яго ніхто беларускай мове яшчэ не вучыў. Гаворыць: "А я, тата, на беларускай мове буду спяваць". Вось і ўсё. Я яму не забараняю, але рэкамендую: ён павінен ведаць беларускую мову.

…Менш гэтую моўную тэму трэба шмальцаваць. Як толькі мы пачынаем яе пераціраць, яна дывідэндаў нікому не прынясе. Давайце спакойна, ціха… Вось так ціха, спакойна навучым усіх размаўляць на нашай роднай сакавітай беларускай мове. Выбачайце за патэтыку.


Аксана КАРАТКЕВІЧ,
спецыяльна для svabodaby.net
Каментароў: (1) Раздрукаваць Уверх
КАМЕНТАРЫ

Gramadzianin  •  13.01.2010 11:55

"Але, калі табе дапамагаюць і ставяць умовы, тады будзь ласкавы выконваць — ва ўсім свеце так прынята". (А.Лукашэнка)Не, якая шыкоўная цытата, праўда?! Кіравацца б гэтым самому аўтару думкі ў паводзінах краіны ў дачыненні - што зараз найбольш актуальна -- да "Усходняга парнэрства". Насамрэч жа там, як толькі Захад (асцярожна, дарэчы, і дэлікатна) праяўляе гэтую сваю гатовасць "аказаць дапамогу" у прасоўванні краіны да дэмакратыі іцывілізаванасці -- як першым жа аўтар цытаты і ўздымае вэрхал: "умяшальніцтва", "уціск", "двайныя стандарты"...А розныя там БТ і друкаваныя дзяржвыданні актыўна і старанна (іншым разам, з непрыхаванай злосцю ў бок Захаду) распаўсюджваюць гэты настрой на ўсё грамадства. Вось вам і "ва ўсім свеце так прынята"... З сябе б і пачаць!

НОВЫ КАМЕНТАР
Малюнак CAPTCHA

ЯШЧЭ АРТЫКУЛЫ ГЭТАЙ РУБРЫКІ

КАМЕНТАРЫ

НАЙБОЛЬШ ЧЫТАНАЕ

Погляд

свежы нумар

Adobe PDF Reader

Для чытання газеты ў фармаце
pdf Вам спатрэбіцца “PDF reader”

АРХIў САЙТА

АПЫТАННЕ

Колькі, на ваш погляд, павінна быць дзяцей у сям'і?

Усяго прагаласавалі: 14

0%: Аднаго дастаткова..
 
35%: Два.
 
57%: Больш за два.
 
7%: Дзеці ўвогуле не абавязковы для сям'і.
 
СПАСЫЛКI