Рэгiёны
"Пешаходаў трэба любіць"
Магілёў • 2010-01-12
Каментароў: (0) A / A Змяніць шрыфтВось некалькі канкрэтных прыкладаў. Мясцовыя ўлады добра зрабілі, прымацаваўшы адмысловую таблічку перад уваходам у парк, на якой пазначана: “Зона цвярозасці”. Але на тое, каб адмеціць небяспечную зону на ходніку пасля праведзеных раскопак побач з каналізацыйным люкам, які ў сваю чаргу размясціўся ніжэй за узровень асфальту, ні сіл, ні, даруйце, разумення ўжо не хапіла. І вось ужо амаль месяц гэтая “пастка” чакае сваю ахвяру (недарэмна, на жаль) акурат насупраць мэмарыяльнай дошкі ў гонар героя мясцовага супраціву колішняй (на пачатку мінулага стагоддзя) польскай акупацыі — Д.Жыжкевіча. Яго імя і носіць вуліца.
Дарэчы, не дапамагло выправіць небяспечную недарэчнасць і тое, што некалькі людзей звярталіся з праблемай непасрэдна да начальніка жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама В.Беразоўскага. Магчыма, начальнік не адрэагаваў таму, што яго рабочы сам патрапіў у яміну каля ўнівермага, якая аказалася значна больш глыбокай за “жыжкевіцкую”.
У гісторыі Глуска няма сведчанняў таго, што тут калі-небудзь бываў юны герой Вялікай Айчыннай вайны Марат Казей, але ягоным імем таксама названа вуліца на ўсходзе пасёлка. Тое самае тычыцца і першага народнага камісара адукацыі бальшавісцкай Расіі Анатоля Луначарскага, дачыненне якога да Глуска таксама пакуль не пацверджана, аднак вуліца яго імя таксама ёсць — якраз на перакрыжаванні з вуліцай М.Казея.
Аднак наркаму адукацыі пашчасціла больш — яго вуліцу нядаўна зноў заасфальтавалі, бо на ёй месцяцца грамадская лазня, жылкамгас, гаспадарчая крама, а таксама жыхары пасёлка ходзяць па ёй на рынак. А вось на вуліцы М.Казея пастаянна разліваюцца аграмадныя лужыны (акрамя тых дзён, калі ваду замяняе свежы снег, які тут трымаецца зусім нядоўга, бо па вуліцы надта актыўна рухаюцца і транспарт, і людзі). А пераадолець на ёй прыродную перашкоду, створаную не без дапамогі чалавека, магчыма толькі з дапамогай адмысловай аўтамбільнай тэхнікі.
І калі ў іншых гарадах самыя славутыя вуліцы робяць пешаходнымі, як, напрыклад, Вялікую Садовую ў Магілёве альбо Сацыялістычную ў Бабруйску, то вуліцы М.Казея ў Глуску трэба было б надаць процілеглы статус — вуліцы, вольнай ад пешаходаў. Далей ад граху...
Дарэчы, яшчэ ў 1991 годзе раённым саветам дэпутатаў было прынята рашэнне, якое прадугледжвае прыцягненне да адказнасці за дрэнны стан двароў, вуліц і рекрэацыйных зон. Гэты мясцовы закон, які дадаўся да іншых нарматыўных актаў у галіне рэгулявання санітарнай культуры ў населеных пунктах раёна, значна пашырыў правы раённага архітэктурнага ўпраўлення па ажыццяўленні кантролю за новабудоўлямі і дабраўпарадкаваннем тэрыторыі. Тады ж была створана адміністрацыйна-тэхнічная камісія пад кіраўніцтвам архітэктара Валянціны Лугінай. Калі камісія выяўляла парушэнне, а вінаватыя не імкнуліся яго выправіць, то з апошніх бралі штраф за кожны дзень пратэрміноўкі. Гэта быў дзейсны механізм!
Але з тае пары мінуў час. Змяніліся функцыі дзяржаўных службаў. Спыніў дзейнасць пасялковы савет народных дэпутатаў, які сачыў за добраўпарадкаваннем Глуска. Апошнім часам, трэба дадаць, у райвыканкаме наогул няма архітэктара, і пасада гэтая вакантная.
Неўзабаве на вуліцы Казея цалкам растае ўвесь снег. Можа, пакуль ёсць час, глусчанам варта паклапаціцца пра лодкі ды іншыя плаўсродкі?..
Ігар КІРЫН



НОВЫ КАМЕНТАР