Палiтыка

«Нафтан» у абмен на нафту?

Улада  •  2010-01-13

Каментароў: (0) A / A Змяніць шрыфт
«Непарушнае сяброўства» братніх урадаў Беларусі і Расіі зноў напаткала выпрабаванне. Чарговае энергетычнае непаразуменне паміж дзяржавамі-«саюзніцамі» ўжо набыло назву «нафтавая вайна». Пераможца ў ёй атрымае не толькі эканамічныя выгады, але і відавочныя палітычныя дывідэнды.

НОВАЯ "АТРУТА"

Адносіны паміж Беларуссю і Расіяй ужо былі атручаны газам і малаком. Гэтым разам браты-славяне не паразумеліся па мытах на нафту, дакладней, па аб’ёмах «чорнага золата», якое будзе пастаўляцца з Расіі ў Беларусь без мыту. Агулам плануецца, што два заводы нашай краіны — у Наваполацку і Мазыры — перапрацуюць за 2010 год каля 30 мільёнаў тон нафты. 8 млн з іх пойдуць на ўнутраныя патрэбы Беларусі, а каля 21,5 млн тон — на экспарт.

Расія зрабіла Беларусі наступную прапанову: паставіць у 2010 годзе 6,3 млн тон нафты без мыту (яшчэ 1,7 млн тон Беларусь здабывае самастойна), а ўсю астатнюю вуглевадародную сыравіну браты-славяне маюць намер аблажыць мытам — па 267 долараў за тону.

Беларускі бок настойвае, каб усе амаль 30 мільёнаў тон нафты, якую ўсходнія суседзі маюць намер паставіць у 2010 годзе ў нашу краіну, не абкладаліся мытам. У якасці аргумента афіцыйны Мінск прыводзіць той факт, што абедзве краіны з нядаўняга часу знаходзяцца ў мытным саюзе: дык, маўляў, якія яшчэ зборы? А для дадатковай вагі да гэтай палітычнай «пагрозы» беларускі ўрад дабавіў і іншую, больш прагматычную — падвысіць кошт на транзіт расійскай нафты па тэрыторыі нашай краіны да 45 долараў за тону (зараз гэты паказчык складае менш за 4 долары).

КОШТ ПЫТАННЯ

Афіцыйных каментараў сітуацыі, што склалася, амаль няма. Высокія беларускія чыноўнікі пакуль не рабілі гучных заяў. Адміністрацыя прэзідэнта Расіі абмежавалася ананімным паведамленнем, у якім тлумачыць свой «шырокі жэст» — прапанову бязмытнай пастаўкі нафты для ўнутраных патрэб Беларусі — «асаблівым характарам адносін паміж расійскім і беларускім народамі». Шчыра кажучы, калі ўлічыць прагматызм, з якім у часы Пуціна і Мядзведзева Масква будуе саюзныя адносіны з Мінскам, гучыць гэта не вельмі пераканаўча.

Аб сапраўдным кошце «нафтавага пытання» зараз гавораць у Наваполацку, дзе месціцца адзін з двух беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў — адкрытае акцыянернае таварыства «Нафтан». Сярод менеджараў прадпрыемства вядзецца гутарка пра тое, што за 6,3 млн тон бязмытнай нафты Расія хоча ў рэшце рэшт вырашыць пытанне з набыццём наваполацкага комплексу «Нафтан-Палімір» (другая яго частка — хімічнае прадпрыемства). І менавіта адмену ўсялякага мыту з расійскай нафты Мінск выставіў у якасці сустрэчнай умовы для гэтай здзелкі.

Больш за тое, у размове з адным з менеджараў «Нафтана» нам удалося ўпершыню пачуць і рэальныя лічбы магчымага продажу. Расіяне нібыта прапануюць за кантрольны пакет акцый наваполацкага прадпрыемства 1,5 млрд долараў супраць 3,5 млрд долараў, якія выставілі ім насустрач, да таго ж і без кантрольнага пакета.

На думку нашай крыніцы ва ўпраўленні прадпрыемства, менавіта гэтая разбежка ў ацэнцы кошту «Нафтана-Паліміра» і стала каменем спатыкнення ў перамовах, якія дагэтуль не маюць выніку. 9 студзеня ўрадавыя дэлегацыі Беларусі і Расіі выйшлі з-за стала перамоў без рашэння, але з перакананасцю ва ўласнай праўдзе.

Пацвердзіць інфармацыю пра магчымы продаж «Нафтана» і яго кошт пакуль немагчыма — кіраўніцтва прадпрыемства ніколі не каментуе такую інфармацыю («бо гэта справа ўласніка, то бок урада»), а перамовы на ўрадавым узроўні праходзяць у рэжыме сакрэтнасці.

ПАЛІТЫКА ЦІ ЭКАНОМІКА?

Беларускія эксперты схільны шукаць тлумачэнні цяперашняга канфлікту ў сферы эканамічных інтарэсаў беларускіх улад. Не сакрэт, што рэцэпт «беларускага эканамічнага цуду» і вядомай «стабільнасці» палягае якраз у выкарыстанні расійскіх энерганосьбітаў па льготных коштах. Танную расійскую нафту перапрацоўвалі, а прадукты, якія пры гэтым атрымлівалі, экспартавалі ў Еўропу.

Зразумела, што такая сітуацыя не надта падабаецца Расіі, бо атрымліваецца дзіўна: выдаткі на перапрацоўку расійскай нафты ў Беларусі нават ніжэйшыя, чым на расійскіх заводах.

Простыя падлікі паказваюць, што «кошт пытання» складае прыкладна 5,5—6 мільярдаў долараў у год, прычым у год вельмі важны — якраз напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Таму гэтыя мільярды маюць не толькі эканамічную, але і палітычную вагу.

«Гэткае маштабнае ўліванне ў эканоміку рэспублікі фактычна здымае праблемы з крызіснымі з’явамі ў ёй, — пракаментаваў сітуацыю на сайце Politoboz.com вядомы расійскі палітолаг Андрэй Суздальцаў. — Становяцца зразумелымі падставы для снежаньскіх заяў А.Кабякова (намеснік старшыні беларускага ўрада. Заўв. аўт.) аб скарачэнні патрэб рэспублікі ў знешнім крэдытаванні ў 2010 годзе. 21,5 млн тон бязмытнай нафты могуць закласці эканамічную аснову для перадвыбарнага 2010 года».

Паводле нашых даных, зараз на беларускіх нафтаперапрацоўчых прадпрыемствах знаходзіцца прыкладна месячны запас сыравіны. Канцэрн «Белнафтахім» ужо зрабіў заяву аб тым, што «нафта паступае ў Беларусь у адпаведнасці з дамовамі, нафтаперапрацоўчыя заводы працуюць у планавым рэжыме».

Зрэшты, многія эксперты сыходзяцца ў меркаванні, што «нафтавая праблема» будзе вырашана на працягу студзеня, бо зацягваць яе вырашэнне немэтазгодна ні для Расіі, ні для Беларусі. Доказам таму можа стаць хаця бы тое, што ў адрозненне ад мінулых «энергетычных войнаў» пакуль ніводны з бакоў, якія “ваююць”, не прыняў рашэнне аб тым, каб закрыць вентылі: Расія — на прапампоўванне нафты, Беларусь — на яе транзіт.

Пытанне толькі ў тым, якім чынам і па якім кошце гэтая праблема будзе вырашана.

Міхал ЯНІН

Каментароў: (0) Раздрукаваць Уверх
НОВЫ КАМЕНТАР
Малюнак CAPTCHA

ЯШЧЭ АРТЫКУЛЫ ГЭТАЙ РУБРЫКІ

КАМЕНТАРЫ

НАЙБОЛЬШ ЧЫТАНАЕ

Погляд

свежы нумар

Adobe PDF Reader

Для чытання газеты ў фармаце
pdf Вам спатрэбіцца “PDF reader”

АРХIў САЙТА

АПЫТАННЕ

Як Вы лічыце, ці абавязкова дзень 8 сакавіка павінен быць выхадным днём?

Не.
Так, абавязкова, бо гэта святочны дзень.
Так: лішні выхадны ніколі не лішні.
Мне без розніцы.
СПАСЫЛКI