Эканомiка
2010: ці абваліцца наш рубель?
Эканомiка • 2009-12-30
Каментароў: (0) A / A Змяніць шрыфтЯк гэта здарылася сёлета 1 студзеня, калі нацыянальная грашовая адзінка дэвальвавалася на 20 працэнтаў. Адзін мой калега, які дагэтуль абмяжоўвае сябе і сваю сям’ю амаль ва ўсім (збірае на жыллё), страціў тады на рублёвых дэпазітах ні многа ні мала каля 4 тысяч долараў. Як ён прызнаўся мне пазней, выкарасківацца з поўнай прастрацыі прыйшлося з дапамогай урача.
Што ж нас чакае на гэты раз?
АПТЫМІЗМУ НАЦБАНКА МОЖНА ПАЗАЙЗДРОСЦІЦЬ
Статыстыка Нацыянальнага банка на гэты конт гучыць дастаткова аптымістычна. За студзень — кастрычнік гэтага года рублёвыя ўклады па сваім росце пачалі нават перавышаць інвалютныя! Напрыклад, за той жа кастрычнік дэпазіты насельніцтва ў рублях выраслі на 319,26 мільярда рублёў, альбо на 4,4 працэнта, а дэпазіты ў інвалюце — на 18,4 мільёна долараў, альбо на 0,5 працэнта.
| На пачатак лістапада ўклады насельніцтва ў нацыянальнай валюце складалі каля 7,52 трыльёна рублёў, у замежнай — амаль 3,5 мільярда долараў. |
Праўда, пры гэтым прывабнасць рублёвых дэпазітаў была дасягнута за кошт фантастычна высокіх ставак, якія часам дасягалі ажно 22 працэнтаў!
Аптымістычна глядзяць на будучыню банкаўскіх укладаў насельніцтва і адказныя асобы Нацбанка. Асабліва там падкрэсліваюць, што ні напрыканцы гэтага года, ні на пачатку наступнага нічога рэзкага і непрыемнага з беларускім рублём не адбудзецца. Больш за тое, у галоўнай фінансавай установе краіны заяўляюць, што “зараз у эканоміцы краіны, у яе замежнаэканамічным сектары, сфарміраваліся ўсе неабходныя перадумовы, якія дазваляюць і надалей падтрымліваць курс на стабільным узроўні. У сувязі з гэтым на працягу ўсяго наступнага года прадугледжваецца падтрыманне курсу беларускага рубля на ўзроўні кошыка замежных валют у межах калідора ваганняў +/-10% у адносінах да яго кошту, што склаўся да канца 2009 года”.ЗАМОЎЧАНЫЯ ЛІЧБЫ
Праўда, там “сарамліва” замоўчваюць, што знешняя запазычанасць літаральна за апошнія гады вырасла з 5 да 21 мільярда долараў!
І зараз мы купляем тавараў на 6 мільярдаў “зялёных” больш, чым іх прадаём.
А нейкіх маштабных структурных змен у нашай эканоміцы не адбываецца і не мае адбыцца.
Ці можна пры такім падыходзе разлічваць на стабільнасць нацыянальнай грашовай адзінкі ў 2010 годзе?
Былы старшыня Нацыянальнага банка Станіслаў Багданкевіч у каментары для “Тут і цяпер” сказаў, што збольшага, напэўна, можна: “Сапраўды, у нашай эканоміцы склалася, мякка кажучы, не вельмі спрыяльная сітуацыя. Але пакуль у нас ёсць доступ да знешніх рэсурсаў, што пакуль (ключавое слова — “пакуль”) дазваляе айчыннай банкаўскай сістэме даволі ўпэўнена глядзець у заўтрашні дзень”.
Напомнім, што літаральна на днях Міжнародны валютны фонд (МВФ) выдзеліў нашай краіне чарговую траншу крэдыту ў 699 мільёнаў долараў. Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) даў нам у доўг паўмільярда долараў. Ашчадны банк Расіі, які нядаўна купіў з усімі “трыбухамі” наш Белпрамбудбанк, паабяцаў прывесці сюды інвестыцый як мінімум на 1 мільярд долараў. Акрамя таго, паводле сцвярджэння віцэ-прэм’ера краіны Андрэя Кабякова, Кітай на поўным сур’ёзе сабраўся выдзеліць Беларусі аж 5,7 мільярда долараў. Беларускія ўлады збіраюцца нарэшце развітацца з самымі “смачнымі” кавалкамі беларускай нерухомасці —нафтаперапрацоўчымі заводамі дый іншымі, пакуль яшчэ ліквіднымі прадпрыемствамі.
Праўда, тут ёсць некалькі “але”.
ПЕРШАЕ "АЛЕ"
Прэм'ер-міністр краіны Сяргей Сідорскі запатрабаваў ад органаў дзяржкіравання “безумоўнага выканання” ў 2010 годзе росту эканомікі на 11—13 працэнтаў, што быў зацверджаны прэзідэнцкім указам. Як лічыць Станіслаў Багданкевіч, гэта ўяўляе непрыхаваную пагрозу дабрабыту простых грамадзян: “Калі гэты прагноз “наверсе” вырашаць выконваць на поўным сур’ёзе, то гэта непазбежна пацягне за сабой інфляцыю, і ў выніку — абясцэньванне грошай”.
ДРУГОЕ "АЛЕ"
Ніхто дакладна не ведае, як стане паводзіць сябе сусветная эканоміка ў наступным годзе. Наш эксперт Сяргей Стрыгун лічыць, што да новых катаклізмаў у фінансавай сферы мы не гатовы: “Амаль усе цяперашнія знешнія і ўнутраныя рэсурсы мы вычарпалі. Да новых выклікаў наш немадэрнізаваны і сацыяльна арыентаваны эканамічны сектар не “акліматызаваны”. І калі гэтыя выклікі ўсе ж будуць мець месца, то наступствы для Беларусі і яе радавых грамадзян (у тым ліку іх зберажэнняў) могуць быць больш чым сумнымі”.
ТРЭЦЯЕ "АЛЕ"
І, пэўна, асноўнае. Разлічвацца за цяперашнія астранамічныя даўгі і продаж “фамільнага срэбра” прыйдзецца не толькі дзецям і ўнукам, а, цалкам магчыма, і цяперашняму пакаленню сталых беларусаў. Сяргей Стрыгун лічыць сённяшнюю эканамічную палітыку ўлады недальнабачнай: “Калі паглядзець на рэчы цвяроза, то, пэўна, у наступным годзе нашым суайчыннікам не варта асабліва турбавацца за свае зберажэнні. Але ж наступяць 2011-ты, 2012-ты, 2015-ты гады, калі прыйдзецца плаціць па даўгавых абавязках і пры гэтым захоўваць прывабнасць захоўвання грошай у банках. Як гэта можна зрабіць пры цяперашнім абыходзе з рэальным сектарам эканомікі, асабіста я не ведаю”.
У ЧЫМ ЗАХОЎВАЦЬ СВАЕ ГРОШЫ Ў БАНКАХ?
Праўда, апошнія перасцярогі з’яўляюцца пакуль пагрозамі будучых гадоў. Тых, хто мае грошы, цікавіць, як з імі найлепш абысціся сёння ці заўтра.
Станіслаў Багданкевіч ужо доўгі час захоўвае свае асабістые зберажэнні ў доларах: “Я веру (і думаю, што небеспадстаўна) у тое, што амерыканская эканоміка хутчэй, чым еўрапейская выйдзе з крызісу. Што тычыцца іншых людзей, якія маюць дастаткова вялікія сумы грошай, то магу параіць традыцыйнае: прапарцыянальна роўна захоўвайце іх у доларах, еўра, беларускіх і расійскіх рублях. Хто хоча атрымаць максімальна вялікі даход ад сваіх банкаўскіх укладаў, можа паспрабаваць зрабіць іх усе ў нацыянальнай валюце”.
Але пры гэтым вядомы эканаміст раіць максімальна пільна адсочваць стан беларускай эканомікі, асабліва яе фінансавай сістэмы, і старацца класці свае грошыкі на кароткачасовыя дэпазіты.
Віктар АЛЯШКЕВІЧ
|
ДАВЕДКА ТіЦ На працягу першага квартала Беларусь лідзіравала па гэтым паказчыку, па выніках красавіка саступіла першынство Украіне, у чэрвені прапусціла наперад Расію, а ў кастрычніку зноў апярэдзіла яе. Ва Украіне з пачатку года цэны выраслі на 11,3%, у Беларусі — на 8,7%, у Расіі — на 8,4%. Далей ідуць Казахстан (5,6%), Таджыкістан (4,8%), Арменія (4,5%), Грузія (3,1%) і Літва (1,5%). У Азербайджане цэны знізіліся на 0,1%, у Малдове — на 0,5%, Латвіі — на 0,7%, Кыргызстане — на 1%, Эстоніі — на 2%. |



НОВЫ КАМЕНТАР