Культура
Чым сёлета можа пахваліцца наш тэатр
Культура • 2009-12-30
Каментароў: (1) A / A Змяніць шрыфтУ студзені 2009 года ў Купалаўскім тэатры змяніўся мастацкі кіраўнік. Ім стаў вядомы рэжысёр Мікалай Пінігін. За гэты кароткі час Пінігін паспеў паставіць два спектаклі — “Вячэру з прыдуркам” і “Translations” (“Пераклады”).
Гэта не толькі гісторыя пра каланізацыю Ірландыі Англіяй. Гэта не толькі гісторыя пра тое, як адна мова выцясняе іншую. Перш за ўсё гэта гісторыя кахання двух людзей — англійскага салдата і ірландскай дзяўчыны, якія размаўляюць на розных мовах і не могуць разумець адно аднаго. Гэта гісторыя пра тое, як энергія і моц сапраўднага кахання пераадольваюць моўныя абмежаванні, пра пачуцці, якія вышэй за ўсё на свеце.
Нечакана для многіх новы спектакль паспяховага рэжысёра Пінігіна сабраў шмат негатыўных водгукаў. Магчыма, таму, што гэта твор, над якім трэба думаць, і які не ідзе з галавы нават праз тыдзень пасля прагляду. Гэта не “Паўлінка” і нават не “Тутэйшыя”, дзе збольшага ўсё адразу зразумела.
Пасля прэм’еры некаторыя гледачы выказвалі меркаванне, што чэргаў на “Translations” дакладна стаяць не будзе: маўляў, ніхто не будзе глядзець такое трызненне. І варта адзначыць, што сапраўды некаторая частка публікі знікла з залы ўжо пасля першай дзеі.
БЛІЦ-КАМЕНТАР
Валерый МАЗЫНСКІ, былы галоўны рэжысёр тэатра “Вольная сцэна”:
— Прывяду алегорыю. Я елку купіў, праўда, штучную. І цяпер увесь час думаю: да чаго я дайшоў — купіў штучную елку?! Але яна ўжо стаіць у хаце. Ілюзія такая: быццам бы і елка, але і не елка. Бо ад яе ні халадком не павеяла, калі прынёс у хату, ні паху ад яе не з’явілася, не колецца яна і не абсыпецца, у рэшце рэшт, пасля свят. А для мяне канец навагодняга свята заўсёды быў звязаны з такім своеасаблівым адчуваннем, калі ўсе выкідваюць елкі на вуліцу. І яны ляжаць такія няшчасныя… Было аб чаго папакутаваць, паспачуваць нават самому сабе. А цяпер гэтага не будзе. Бо елку не выкінуць, а складуць да наступнага Новага года.
І галоўная ж елка краіны такая ж штучная… А з жывой ялінкай звязана столькі твораў мастацтва! А які твор мастацтва напішуць ці паставяць на сцэне з галоўнай елкі? Па-мойму, ніякага…
Дарэчы, “Тут і цяпер” рае сваім чытачам усё ж набыць квіткі на апошні спектакль Пінігіна. Каб проста мець уяўленне пра тое тэатральнае мастацтва, да якога Беларусь яшчэ не прызвычаілася…
ЕЛІЗАР'ЕЎ З'ЕХАЎ У КАІР
Там былы мастацкі кіраўнік Тэатра балета на сцэне Каірскай оперы ставіць балет “Спартак”.
У Беларусі для таленту знакамітага харэографа не хапіла месца. Чыноўнікі лічаць, што Елізар’еў не можа кіраваць аб’яднаным Тэатрам оперы і балета, якім цяпер кіруе былы намеснік міністра культуры, “гаспадарнік” Уладзімір Грыдзюшка.
НЯКЛЯЕЎ НАПІСАЎ ЛЕПШУЮ ДРАМУ?
Уладзімір НЯКЛЯЕЎ, паэт, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, паведаміў для нашага выдання, што нядаўна скончыў драму “Армагедон”:
— Думаю, гэты твор будзе ў спісе лепшых за год. А можа, і не за адзін год. Бліжэйшым часам “Армагедон” выйдзе ў “ДзеЯслове. Акрамя таго, падсумоўваючы вынікі-2009 асабіста для сябе, магу сказаць наступнае: тэлефанавалі з Радыё Свабода з паведамленнем пра тое, што маю кнігу “Цэнтр Еўропы” прызналі лепшай кнігай года.
ХАЛЕЗІН "РАЗБУДЗІЎ" СПІЛБЕРГА
Пра тое, што адбываецца ў нашай краіне, вядомаму амерыканскаму рэжысёру распавялі артысты “Свабоднага тэатра”, якія ў гэтым годзе гастралявалі ў Амерыцы.
“Наша гутарка атрымалася на здзіўленне доўгай — без малога гадзіна, і мы паспелі абмеркаваць мноства праблем: ад палітычных да творчых, — распавёў у сваім блогу драматург і мастацкі кіраўнік “Свабоднага тэатра” Мікалай Халезін. — Безумоўна, на Спілберга, як і на ўсіх звычайных людзей, робіць уражанне тое, што ў Еўропе яшчэ ёсць краіна, дзе існуе цэнзура ў сродках масавай інфармацыі і сферы культуры, дзе людзей арыштоўваюць за правядзенне мірных дэманстрацый, дзе існуе забарона на дзейнасць шэрага дзеячаў мастацтва.
У нас ёсць прынцып: у зносінах з людзьмі такога ўзроўню мы ніколі нічога не просім для сябе. Людзі падобнага калібру могуць дапамагчы ўсёй краіне, і дурным тонам будзе прасіць іх вырашаць прыватныя праблемы, з якімі мы ў стане справіцца самастойна”.
Дарэчы, дзякуючы "Свабоднаму тэатру” сёння за сітуацыяй у Беларусі сочаць такія сусветныя знакамітасці, як Том Стопард, Вацлаў Гавел, Мік Джагер і іншыя.
КУРЭЙЧЫК У РОСПАЧЫ
Напрыканцы года драматург Андрэй Курэйчык звярнуўся з адкрытым лістом да намесніка міністра культуры Уладзіміра Рылаткі.
“Нікога не здзіўляе, што міністр культуры аблаяў нейкі рэстаран за тое, што там не было беларускага піва, — піша ў сваім лісце да чыноўніка Курэйчык. — Тое, што ў беларускіх тэатрах няма беларускіх п'ес, — гэта нічога, а тое, што піва ў рэстаране не аказалася — вось гэта скандал! Цяжка сабе ўявіць, каб міністр абурана пісаў у "кнігу скаргаў" Дзяржаўнага моладзевага тэатра, якім кіруе спадар Абрамаў, і ў сталым рэпертуары якога няма НІВОДНАЙ беларускай п'есы — ні сучаснай, ні класічнай…”.
Аксана КАРАТКЕВІЧ,
спецыяльна для svabodaby.net



КАМЕНТАРЫ
зміцер • 17.01.2010 21:54
здзіўляе ўзровень перакладу з рускай мовы. слова "отругал" пераклалі як "аблаеў". Сапраўды, можна так перакласці. Гэта калі даслоўна. Але ж, на мой погляд, можна было б і так "насварыўся на кіраўніцтва рэстарана". Зразумела, што прасцей перакладаць слова ў слова. Але ж нельга рабіць кальку з рускай мовы! Тым больш, што рускае слова "отругать" больш "добрае" чым беларускае "аблаець".
НОВЫ КАМЕНТАР