Эканомiка

Якім стаўся 2009 год для прадпрымальнікаў

Эканомiка  •  2009-12-24

Каментароў: (0) A / A Змяніць шрыфт
Ужо можна і трэба падсумаваць вынікі гэтага года для дробных і сярэдніх прадпрымальнікаў, а таксама акрэсліць для іх перспектывы развіцця ў 2010 годзе.
ПЛЮСЫ

Плюс 1.

Старшыня Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў Уладзімір Карагін публічна заўважыў, што 52 пункты са 145, якія змяшчае Нацыянальная платформа бізнесу, былі ўладамі выкананы, што сведчыць аб пэўнай лібералізацыі заканадаўства для ўсіх зацікаўленых бакоў.

Плюс 2.

Асобныя мясцовыя чыноўнікі (Бабруйск, Орша, Барысаў, Віцебск і інш.) пачалі размаўляць на нармальнай мове з прадпрымальнікамі, а не адразу настаўляць на іх “наган” у спрэчных сітуацыях. Гэта тычыцца і арэндных ставак, і нейкіх рабочых момантаў.

Плюс 3.

Перасталі бачыць у прадпрымальніках “вашывых блох” і дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі, якія на працягу апошніх 15 гадоў фарміравалі ў тых жа чыноўнікаў і радавых спажыўцоў негатыўнае ўяўленне пра іпэшнікаў. На думку кіраўніка руху “За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва” Віктара Гарбачова, гэтаму ў значнай ступені паспрыяла тая акалічнасць, што “падчас крызісу дзяржава пачала шукаць ратаванне і ў нас”.

Плюс 4.

Быў уведзены мараторый на “веерныя” праверкі прадпрымальнікаў, што істотна знізіла ступень іх палітычнай актыўнасці. Іпэшнікі правяраліся толькі “па наводцы”.

МІНУСЫ

Мінус 1.

У 2009 годзе нават узмацнілася лабіраванне інтарэсаў буйнога бізнесу. У такіх гарадах, як Салігорск, Баранавічы, Магілёў, Слонім і Барысаў былі ліквідаваны мясцовыя рынкі і рыначкі, а на іх месца прыйшлі буйныя бізнесмены. Зразумела, па якой схеме гэта рабілася.

Мінус 2.

З таго, што было наабяцана дробнаму і сярэдняму бізнесу ў заканадаўчым плане, на справе амаль нічога не зроблена ці перанесена на наступны год. Так, закон аб дробным і сярэднім прадпрымальніцтве плануецца прыняць у 2010 годзе. Вясной гэтага ж года будуць разглядаць і магчымую адмену ліцэнзавання шматлікіх відаў прадпрымальніцкай дзейнасці.

Мінус 3.

Індывідуальных прадпрымальнікаў актыўна “выпіхваюць” з рознічнага гандлю харчовымі прадуктамі, алкагольнымі напоямі і тытунёвымі вырабамі. Купіць піва ці цыгарэты ў кіёсках у Мінску цяпер амаль немагчыма, што стварае дадатковыя нязручнасці для радавых спажыўцоў.

Мінус 4.

Як сцвярджае той жа Гарбачоў, на так званых мэтавых праверках прадпрымальнікаў дзяржава “адбіла” свае грошы буйнымі штрафамі ад 1 да 100 тысяч долараў.

Мінус 5.

Нягледзячы на тое, што саміх індывідуальных прадпрымальнікаў стала больш у параўнанні з 2008 годам (227 000 супраць 221 000), “драконаўскія” ўмовы іх дзейнасці, уведзеныя дзяржавай параўнальна нядаўна (абмежаванне колькасці наёмных работнікаў, ускладненне падатковай сістэмы і г.д.), засталіся. А павялічылася колькасць іпэшнікаў толькі таму, што з-за крызісу і адчаю людзі з заводаў вырашылі падацца на рынкі.

ПРАГНОЗ на 2010 год

Уладзімір Карагін лічыць, што ён будзе горшы за 2009-ты — маўляў, камерсанты чакаюць другой хвалі крызісу. Прычыны наступныя: зніжэнне пакупніцкай здольнасці грамадзян, складанасці ва ўзаемаразліках, дарагія банкаўскія крэдыты, рост канкурэнцыі. Плюс незразумеласці будучага Мытнага саюза паміж Беларуссю, Расіяй і Казахстанам.

Віктар Гарбачоў таксама нічога добрага не чакае ад наступнага года: “Арэндная плата для нас, магчыма, недзе з лютага павысіцца на 10—15%. Ніякіх падатковых паслабленняў, перакананы, не чакаецца. Грамадскія аб’яднанні прадпрымальнікаў “не пад уладай” рэгістраваць не будуць – фактар прэзідэнцкіх выбараў у краіне. Разнарадкі на аб’ём штрафаў ад праверак іпэшнікаў будуць мець месца”.

КОШТЫ НА ТАВАРЫ НА РЫНКАХ

Як мяркуе Гарбачоў, цягам будучага года гэтыя кошты (у рублях) павысяцца адсоткаў на 40: “Мы ў сваёй дзейнасці толькі плывём у фарватэры дзяржаўнай цэнавай палітыкі. А тое, што адбудзецца паступовая дэвальвацыя нашага рубля і вырасце інфляцыя, сумнявацца не выпадае”.

Віктар АЛЯШКЕВІЧ
Каментароў: (0) Раздрукаваць Уверх
НОВЫ КАМЕНТАР
Малюнак CAPTCHA

ЯШЧЭ АРТЫКУЛЫ ГЭТАЙ РУБРЫКІ

КАМЕНТАРЫ

НАЙБОЛЬШ ЧЫТАНАЕ

Погляд

свежы нумар

Adobe PDF Reader

Для чытання газеты ў фармаце
pdf Вам спатрэбіцца “PDF reader”

АРХIў САЙТА

АПЫТАННЕ

Як Вы лічыце, ці абавязкова дзень 8 сакавіка павінен быць выхадным днём?

Не.
Так, абавязкова, бо гэта святочны дзень.
Так: лішні выхадны ніколі не лішні.
Мне без розніцы.
СПАСЫЛКI