Палiтыка
Сілавікоў возьмуць пад кантроль?
Улада • 2009-12-16
Каментароў: (0) A / A Змяніць шрыфт“Трэба стварыць камісію пры Адміністрацыі прэзідэнта, якая б ажыццяўляла кантроль за тым, на якую працу ідуць супрацоўнікі праваахоўных органаў пасля сыходу ў адстаўку”, — цытуе генпракурора interfax.by.
Васілевіч адзначыў, што ў яго ўзнікаюць пытанні ў сувязі з тым, “у якія структуры ўладкоўваюцца некаторыя былыя супрацоўнікі, звольненыя з сістэмы МУС і пракуратуры”.
“Карысна, каб у штогадовай дэкларацыі службоўцы падавалі звесткі пра кантакты з прыватнымі структурамі, каб гэтыя кантакты былі вядомыя і празрыстыя”, — прапанаваў Рыгор Васілевіч.
ЧЫРВОНАЕ СВЯТЛО ДЭТЭКТЫЎНЫМ АГЕНЦТВАМ
Падпалкоўнік міліцыі, які прасіў не называць сваё імя, кажа, што пасля звальнення з органаў унутраных спраў хацеў бы адкрыць прыватнае дэтэктыўнае агенцтва. Але ў Беларусі пакуль зрабіць гэта амаль немагчыма.
“А попыт быў бы, нават чэргі стаялі б у такое агенцтва! — перакананы суразмоўца “Тут і цяпер”. — Можна было б паралельна з тымі ж праваахоўнымі органамі займацца расследаваннем нейкіх крымінальных спраў. І ім добра, і нам капейчына б ішла. А можна было б узяць вельмі вузкі напрамак — здрады, напрыклад. І столькі б знайшлося ахвотнікаў прасачыць, дзе і з кім бавіць час твой муж ці жонка!
Альбо вось зусім нядаўна канкрэтны выпадак быў: прыйшла жанчына, нявестка якой тайна вывезла за мяжу дзяцей. І ёй трэба было проста пацвердзіць факт таго, што дзеці выехалі з Беларусі і цяпер жывуць у Францыі альбо Італіі. Яна была гатова аплаціць і дарогу туды-назад, і прэміяльныя, і гатэль. А ў нас такой магчымасці не было. І прыватных дэтэктыўных агенцтваў няма…
Я лічу нармальным, што былыя супрацоўнікі МУС працаўладкоўваюцца ў прыватныя фірмы. А куды яшчэ ісці? Некаторыя з нас ідуць на пенсію, калі так можна сказаць, маладымі — у 40—45 гадоў. На канапе ж ляжаць не будзеш, дый грошы трэба зарабляць. А пайсці насамрэч няма куды, апрача камерцыйных структур. Дый бяруць туды нашага брата вельмі ахвотна: усё ж немалы стаж працы, пэўныя сувязі, вопыт і г.д.
Я не разумею, чаму генпракурор раптам так усхваляваўся… І ніякай карупцыі ў гэтым я не бачу”.
У ФРАНЦУЗСКАЙ ПАЛІЦЫІ ЎСЁ ІНАКШ
Былыя кіраўнікі МУС таксама здзіўлена паставіліся да ініцыятывы Васілевіча. Так, адзін з былых намеснікаў міністра ўнутраных спраў сказаў “Тут і Цяпер”, што дзяржава проста не клапоціцца пра будучыню сваіх афіцэраў, таму яны павінны думаць пра яе самастойна.
“Сёння толькі па Мінску некамплект супрацоўнікаў — каля 12 працэнтаў, — гаворыць наш суразмоўца ў генеральскіх пагонах. — Такога ніколі не было. Патрабаванні і попыт павышаюцца, а ўмовы нясення службы ўсё больш пагаршаюцца.
Дэкларацыі запаўняць, кантакты з прадпрымальнікамі пазначаць — гэта нічога не дасць. А куды ісці, калі за плячыма толькі Акадэмія МУС? Калі б дзяржава вяла разумную палітыку, яна стварала б нейкія прыватныя структуры, якія маглі б прымаць адпаведны удзел у забеспячэнні асабістай, маёмаснай бяспекі, вырашаць нейкія прававыя пытанні. І там маглі б знайсці прытулак былыя супрацоўнікі сілавых структур. А так… Дзяржава сама штурхае многіх на тое, каб чалавек, яшчэ займаючы пэўную пасаду, думаў пра запасны аэрадром, аказваў нейкія паслугі тым жа прадпрымальнікам, ствараючы сабе ўмовы для будучай працы.
У свой час я вывучаў сістэму французскай паліцыі. Там многія афіцэры спачатку атрымліваюць службовае жыллё, а за пяць гадоў да завяршэння службы ў іх пытаюцца, дзе б яны хацелі жыць і чым займацца. Калі патрабуецца, дзяржава забяспечвае ім і спецыяльную вучобу, і будаўніцтва жылля. І там няма такой карупцыі, як у нас. Бо афіцэры ведаюць: іх будучыня забяспечана. А калі дзяржава гэтым не займаецца, супрацоўнікі сілавых структур вымушаны самі клапаціцца пра сябе. І ўсе абмежаванні тут будуць толькі пагаршаць становішча”.
|
ПОГЛЯД ЗБОКУ Алег ВОЛЧАК, кіраўнік праваабарончага цэнтра «Прававая дапамога насельніцтву» (Украіна — Беларусь): “Я рады, што звольніўся з пракуратуры дзесяць гадоў таму, але мне не абыякава, што там робіцца цяпер…”. — Кожны раз дзіўлюся, калі высокія службоўцы рапартуюць пра свае планы наконт таго, як перамагчы карупцыю, — дзеліцца сваімі думкамі Алег Канстанцінавіч. — Выказванне Васілевіча пра тое, што трэба стварыць чарговую камісію па кантролі за супрацоўнікамі спецслужбаў і праваахоўных органаў, якія пасля звальнення з органаў будуць падпадаць пад нагляд Адміністрацыі прэзідэнта, мяне проста шакіравала. Ну, дапусцім, пайшоў нейкі супрацоўнік МУС (ці нават некалькі) працаваць у камерцыйную структуру. У чым тут карупцыя?! Я ведаю, што сапраўды многія пенсіянеры КДБ займаюцца ахоўнай дзейнасцю, працуюць у казіно, гасцініцах, хтосьці знайшоў сябе ў турыстычнай галіне ці ў буйных нафтавых кампаніях. А, да прыкладу, пенсіянеры МУС галоўным чынам працуюць у службе бяспекі банкаў, рэстаранаў і іншых камерцыйных фірмах. Ну, стане вядома пра гэта камісіі, і што? Яна прыйдзе на фірму і скажа, што нельга гэтаму чалавеку тут працаваць? Тады гэта будзе дыскрымінацыя былых супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Не першы раз ужо гучаць ідэі пра стварэнне падобных камісій пры Адміністрацыі прэзідэнта, якія будуць кагосьці кантраляваць. Мне здаецца, гэта толькі спараджае карупцыю ў вышэйшых эшалонах улады. І самае галоўнае: дзяржава жадае трымаць пад наглядам нават сваіх былых сілавікоў, каб ведаць іх настроі, працоўныя кантакты, а то раптам, крый Божа, у год прэзідэнцкіх выбараў гэтыя супрацоўнікі падтрымаюць альтэрнатыўнага кандыдата ў прэзідэнты Беларусі... Мы вяртаемся ў савецкае мінулае. Глядзіце: то прыдумалі, што зараз любы супрацоўнік міліцыі ці КДБ можа папросту арыштаваць буйнога службоўца ці радавога камерсанта, не ставячы ў вядомасць пракуратуру; то выносяцца прапановы Мінюстам, што любы грамадзянін можа звярнуцца да прэзідэнта з заявай аб прыпыненні ў адносінах да яго крымінальнай справы. Выснова адна: ні ў пракуратуры, ні ў Міністэрства юстыцыі, ні ў Палаты прадстаўнікоў няма ведаў, досведу, дакладнага разумення таго, як процідзейнічаць арганізаванай злачыннасці і карупцыі ў органах улады. Лепш бы стварылі роўныя ўмовы для сродкаў масавай інфармацыі, заяўны прынцып па рэгістрацыі грамадскіх аб'яднанняў, забяспечылі б правядзенне сумленных і празрыстых выбараў. І, паверце, мы адразу б убачылі вынікі барацьбы з карупцыяй. Я рады, што звольніўся з пракуратуры дзесяць гадоў назад. Але мне не абыякава, што там сёння адбываецца. Давер да пракурораў страчваецца, у пракурорскім асяроддзі застаецца мала прафесіяналаў. Вядома, змагацца са злачыннасцю трэба, але не ў такой форме, як прапануе Васілевіч. Я прапаную ўладам правесці круглы стол з удзелам праваабарончых арганізацый і разам падумаць над тым, як эфектыўна змагацца з карупцыяй. Думаю, мы зможам прапанаваць нямала разумных ідэй. |
Алег КАРОТКІ,
спецыяльна для svabodaby.net



НОВЫ КАМЕНТАР