Эканомiка

Ці выйграе Беларусь у цяперашніх стасунках з Расіяй?

Эканомiка  •  2009-12-16

Каментароў: (0) A / A Змяніць шрыфт
Віцэ-прэм’ер урада Беларусі Уладзімір Сямашка паведаміў, што ў бліжэйшы час адбудзецца прыватызацыя комплексу “Нафтан-Палімір” з удзелам расійскіх кампаній.
Праўда, пры гэтым у 2010 годзе цэны на газ для Беларусі захаваюцца на ўзроўні гэтага года. Крыніцы ў дэлегацыях паведамляюць, што расійскі бок настойваў на павелічэнні, але ў выніку пагадзіліся на кампраміс, бо беларускі бок наогул запатрабаваў знізіць цэны.

Пайшла Масква насустрач Мінску і па пытанні схемы паставак нафтапрадуктаў (у тым ліку і мытных пошлін). У дэталях сутнасць дамоўленасцей, мяркуючы па ўсім, бакі раскрыюць пазней. Але, па словах Мядзведзева, прынятыя рашэнні “як мінімум не створаць цяжкасцей нашым беларускім партнёрам, і ў той жа час зробяць наша супрацоўніцтва ў гэтай галіне больш сучасным”.

Аляксандр Класкоўскі, аналітык:
"ПРАЦЯГВАЕМ СЯДЗЕЦЬ НА ЭНЕРГЕТЫЧНЫМ НАРКОТЫКУ"

— Улада, сапраўды, добра з’ездзіла ў Маскву і вытаргавала там, якраз пад выбары, цэлы мех усялякіх зніжак і льгот. Беларускія вярхі заўсёды дзейнічаюць сітуацыйна і не грузяць сябе развагамі пра далёкую перспектыву. Дамінуе думка “як-небудзь выкруцімся”. І, як ні дзіўна, выкручваюцца пятнаццаць гадоў.

Іншая рэч, што мы сёння не ведаем, якой цаной выбіты гэтыя зніжкі. Ёсць толькі фрагментарная інфармацыя, і яна спараджае пэўную трывогу. Прыватызацыя — гэта добра, аднак над намі навісае імперыя, і ўсё можа павярнуцца проста паступовым паглынаннем Расіяй (калі прыняць да ўвагі замашкі тамтэйшага капіталу). І мытны саюз таксама выглядае нічым іншым, як саступкай беларускай улады.

Калі падсумоўваць, то ўлада атрымала грант пад чарговую “элегантную” перамогу, але потым могуць быць непрыемныя наступствы. У тым сэнсе, што спрацуе пастка мытнага саюза, які ўскладняе стасункі з Еўропай і перспектывы ўваходжання ў Сусветную гандлёвую арганізацыю (СГА). Мы працягваем сядзець на энергетычным расійскім наркотыку, які павялічвае тэхналагічнае адставанне Беларусі.

Інеса Лукашук, эканаміст:
"НАМ СВЕЦІЦЬ ВІЗАНТЫЯ"

— У кароткатэрміновай перспектыве Беларусь выйграе, але ў доўгатэрміновай — не. Беларускі “цуд” будзе працягвацца, з’ядаць грошыкі нашых дзетак, якія пасля будуць за гэты “цуд” расплачвацца. Гэта як у сям’і алкаголікаў: давайце шубу прададзім, вып’ем, закусім, пасля прыйдзе чарга тэлевізара. Беларусь вісіць на дроце і думае, у які бок ёй зваліцца — да Еўропы ці да Расіі. Сказаць, што з гэтым мытным саюзам яна канчаткова трапляе ў Расію... Не, гэтага няма. Але ж яна аддаляецца ад Еўрасаюза. Дарэчы, там краіны-ўдзельніцы маюць аднолькавыя галасы. А вось сказаць, што Беларусь і Расія раўнапраўныя, нельга. Галоўная бяда такога шляху – траплянне ў Візантыю. Памерці з голаду нам там не дадуць, але ў Беларусі акрамя геаграфічнага становішча і дарожнай інфраструктуры (не найлепшай у свеце) няма нічога. Банкі, бізнес-структуры — усё ў пачатковым стане. Таму цяперашнія стасункі з Расіяй не на карысць будучай Беларусі.

Сяргей Нікалюк, палітолаг:
"БЕЛАРУСЬ МОЖА ДАЛУЧЫЦЦА ДА КРАІН СЫРАВІННАГА ПРАКЛЁНУ"

— Інтарэсы Лукашэнкі і інтарэсы Беларусі — гэта не адно і тое ж. У нейкія моманты яны могуць супадаць. Калі Лукашэнка прымае нейкае рашэнне, гэта значыць, што выйграць спадзяецца найперш ён. Але мне здаецца, што галоўны выйгрыш ён бачыць не ў рашэннях, звязаных з мытнай прасторай. Ён спадзяецца на адзіную эканамічную прастору, якая не прадугледжвае ніякіх пошлін. Ужо толькі дзеля гэтага ён робіць падобныя крокі. Аўтамабілі — гэта дробязі. Ягоная мадэль пры нармальных цэнах на энерганосьбіты існаваць не можа. Мытны саюз — крок да расійскіх цэн на газ і нафту. Калі яны будуць таннейшымі, хіба гэта пройгрыш? Але шлях Беларусі, нармальная стратэгія яе развіцця — гэта шлях у Еўропу. І сённяшнія рашэнні такі шлях будуць затрымліваць. Ёсць такое паняцце, як сыравінны праклён. У краінах, якія маюць сыравіну, больш нічога не развіваецца. Выключэннем з’яўляецца Нарвегія, бо нафту там знайшлі ўжо пасля ўсталявання дэмакратыі. І калі здарыцца цуд, і мы “прысмокчамся” да расійскіх энергетычных крыніц, то станем сябрам клуба сыравіннага праклёну. А для рэжыму нафтавы праклён — гэта тое, што доктар прапісаў. І тут інтарэсы беларускага грамадства і ўлады разыдуцца цалкам.

Уладзімір Карагін, старшыня прэзідыума Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва:
"БЯДА НЕ Ў РАСІІ, А Ў ІГНАРАВАННІ БЕЛАРУСКІХ СУБ'ЕКТАЎ ГАСПАДАРАННЯ"

— Не ў тым сэнс, што з Расіяй ці яшчэ з кім. Беларусі трэба развівацца, ствараць нармальныя ўмовы для бізнесу з улікам беларускіх інтарэсаў. А то фарміруецца мытны саюз, расійскія алігархі за зачыненымі дзвярыма абмяркоўваюць памеры мытных ставак, казахі абмяркоўваюць, а беларускім бізнесменам не паказалі нават праекты гэтых мытных ставак. І ў такіх умовах мы, безумоўна, будзем прайграваць заўжды. Пара нашым чыноўнікам, якія ўдзельнічаюць у працоўных групах нейкіх міжнародных аб’яднанняў, у першую чаргу пытацца ў канкрэтных суб’ектаў беларускага бізнесу, ці дапамогуць ім тыя ці іншыя праекты нарматыўных актаў утрымаць канкурэнтаздольнасць сваіх кампаній. А прадаваць ці не прадаваць “Нафтан” — права ўрада. Ягоныя кіраўнікі будуць несці адказнасць перад гісторыяй і перад народам.

Каментароў: (0) Раздрукаваць Уверх
НОВЫ КАМЕНТАР
Малюнак CAPTCHA

ЯШЧЭ АРТЫКУЛЫ ГЭТАЙ РУБРЫКІ

КАМЕНТАРЫ

НАЙБОЛЬШ ЧЫТАНАЕ

Погляд

свежы нумар

Adobe PDF Reader

Для чытання газеты ў фармаце
pdf Вам спатрэбіцца “PDF reader”

АРХIў САЙТА

АПЫТАННЕ

Як Вы лічыце, ці абавязкова дзень 8 сакавіка павінен быць выхадным днём?

Не.
Так, абавязкова, бо гэта святочны дзень.
Так: лішні выхадны ніколі не лішні.
Мне без розніцы.
СПАСЫЛКI