Эканомiка

Ці будзеце сёлета больш эканомна святкаваць Новы год і Каляды?

Эканомiка  •  2009-12-08

Каментароў: (0) A / A Змяніць шрыфт
Навагоднія святы, любімыя ўсімі з дзяцінства, ужо, як кажуць, "не за гарамі"...
Віктар Шалкевіч, бард:
"ЛЮДЗІ БАЯЦЦА ЗАЎТРАШНЯГА ДНЯ"

— Ні ў якім разе эканоміць я не буду, бо пра гэтае свята можна сказаць так: “Апошнюю кашулю прадай, але выпі пасля лазні”. Безумоўна, на некаторых крызіс паўплываў. Людзі, якія мелі па сем каханак, пакінулі толькі адну, а той, хто меў адну, увогуле прагнаў яе да чорта і жыве з уласнай жонкай. Людзі сталі менш грошай траціць на рэстараны і карпаратывы, але не таму, што грошай стала менш, а таму, што баяцца за заўтрашні дзень. Знаёмыя рэстаратары кажуць: усё стала больш сціпла. Ужо няма той раскошы, таго кідання грошай налева і направа. Як казаў Вінцэсь з “Паўлінкі”: “Чым грошыкі траціць на адзежу, я іх лепш каму пазычу”.

Зінаіда Ладуцька, менеджар:
"КАРАБАСЫ-БАРАБАСЫ МОГУЦЬ НЕ ХВАЛЯВАЦЦА"

— Сустрэча мінулага Новага года запомнілася панікай, калі людзі перасталі купляць усё, ад алоўкаў да картрыджаў. Зараз ужо прывыклі. Ну, крызіс, і што? У рэстаран цяпер не хадзіць? Так, бюджэты ўціснуліся, але гэта ўжо не паніка, а доўгатэрміновае планаванне. І ўсе рэстаратары, і Карабасы-Барабасы 2010 год сустрэнуць значна весялей, чым мінулы.

Уладзімір Брук, Дзед Мароз:
"НАРОД НЕЙКІ СУМНЫ"

Цэны на навагоднія ялінкі ў Мінску:

— вышынёй да 1 метра — ад 7 000 да 17 000 рублёў;

— вышынёй ад 1 да 2 метраў — ад 16 000 да 23 000 рублёў;

— вышынёй ад 2 да 3 метраў — ад 19 000 да 33 000 рублёў.

Выбіраючы ялінку, памятайце аб вышыні столі ў сваёй кватэры. Вялікае дрэва, якім бы прыгожым яно ні было, у маленькай кватэры будзе выглядаць недарэчна і перашкаджаць праходу людзей.

Паводле інфармацыі Мінгарвыканкама

— Думаю, што ўсё будзе больш сціпла. Народ нейкі пануры, сумны. І надвор’е некаляднае, ненавагодняе. Долар падвысіўся, дык і кошты на Дзядоў Марозаў папаўзлі ўверх. Дай Бог мне зарабіць якіх долараў 300.

Аксана, прадавец цацак на Ждановіцкім рынку:
"ГАНДАЛЬ У ЖАХУ"

— Звычайна на Новы год цацак бяруць значна больш. На гэты год мы прагназуем, што вельмі моцна ўпадзе гандаль. Гэта звязана не толькі з крызісам, але і з хваробамі — людзі не хочуць лішні раз хадзіць на рынак. І ўжо дакладна вядома, што ў параўнанні з мінулым годам рыначны гандаль упаў амаль у пяць разоў. Лішнія грошы не выкідваюць, дарагое не купляюць. Калі ж купляюць, то дробязь. Вышукваюць на рубель танней, нягледзячы на якасць. Мы баімся, што ў нас добрага Новага года не будзе.

Мікола Рабычын, акцёр:
"НАРОДУ ЗАЎЖДЫ ХОЧАЦЦА СВЯТА"

— Заўсёды народу трэба хлеба і відовішчаў. І як бы ні лютаваў крызіс, мы — краіна таленавітых людзей, і таму крызіс не будзе вельмі ўплываць на нас, Дзядоў Марозаў, якія ствараюць сапраўдны калядны настрой, асабліва дзецям. Мы заўсёды будзем у працы, і заўсёды ў нас будзе глядач. Мяне замаўляюць не толькі дзеці, але і дарослыя. Для апошніх я працую са скрыпачом. А скрыпка — гэта заўсёды здорава! І баяніст у мяне файны. Таму я заўжды з работай”.

Алена, банкаўская служачая:
"ПАЧАЛІ ЭКАНОМІЦЬ НА ЎСІМ"

— Наколькі я ведаю, на святах пачалі эканоміць. Больш уважліва праглядаюць каштарысы і патрабуюць абгрунтавання прапаноў. У сляпую бюджэт адной сумай ніхто не зацвярджае. Спрабуюць шмат што рабіць сваімі сіламі, праграму камбінуюць — напрыклад, запрашаюць нейкіх музыкаў, а конкурсы ладзяць самі. Спрабуюць нешта рабіць па бартару. Больш актыўна далучаюць супрацоўнікаў, каб тыя рабілі ўнёскі ў святкаванне Новага года. Аднак людзі ўсё роўна чакаюць свята, абмяркоўваюць: “які ў вас карпаратыў?”, “а які ў вас?”. Кіраўніцтва разумее, што гэта важны матывуючы момант. На чым эканомяць дакладна, дык на аздабленні офісаў. Вельмі сціпленька ўсё.

Аляксандр Кулінковіч, лідар групы “Нейра Дзюбель”:
“Камп’ютаршчыкі ўжо не могуць замовіць музыку”."КАМПУТАРШЧЫКІ ЎЖО "

— Да крызісу, як правіла, нас запрашалі на карпаратывы камп’ютарныя фірмы. Яны нас любяць. А вось у мінулым годзе не запрашалі, і ў гэтым таксама не клікалі — крызіс. Любы канцэрт прыемны сам па сабе. Мы група нефарматная. Канцэрты не прыносілі нам вялікага прыбытку, таму па нас гэта не вельмі ўдарыла. Тут, на жаль, музыка ў большасці выпадкаў не з’яўляецца сродкам заробку, таму я перанёс гэта спакойна. І асабіста ўціскацца ў навагоднім стале ці падарунках для блізках і сяброў не буду, бо такое свята здараецца не кожны дзень. Можна сабе дазволіць раз у год. Хаця я чалавек сціплы ў жаданнях. Я не мару сустрэць Новы год, напрыклад, у фешэнебельным маскоўскім рэстаране “Максім”. Што я мог сабе дазволіць заўсёды, тое і дазволю.

Хрысціна Вітушка, стваральніца сайта “Нашы дзеткі”:
"СВЯТА БУДЗЕ АБАВЯЗКОВА"

— На святкаванні Новага года для беларускамоўных дзяцей крызіс не адаб’ецца. Попыт на чыста беларускія святы расце. Дабрабыт стабілізуецца. Колькасць людзей павялічваецца штогод. Сёлета сур’ёзная праблема ў нас звязана з тым, што трэба рабіць некалькі свят — аднаго ўжо недастаткова. Дзеці ўсе рознаўзроставыя, і калі ўсіх сабраць разам, то спатрэбіцца вялікае памяшканне, а знайсці яго цяжка. З іншага боку, ужо месяц назад пачалі прапаноўваць сваю дапамогу тэатральныя калектывы, якія могуць зрабіць праграму. І па памяшканнях прапановы ёсць. Хтосьці прапануе сцэнар. Так што свята адбудзецца, і не адно.

Каментароў: (0) Раздрукаваць Уверх
НОВЫ КАМЕНТАР
Малюнак CAPTCHA

ЯШЧЭ АРТЫКУЛЫ ГЭТАЙ РУБРЫКІ

КАМЕНТАРЫ

НАЙБОЛЬШ ЧЫТАНАЕ

Погляд

свежы нумар

Adobe PDF Reader

Для чытання газеты ў фармаце
pdf Вам спатрэбіцца “PDF reader”

АРХIў САЙТА

АПЫТАННЕ

Як Вы лічыце, ці абавязкова дзень 8 сакавіка павінен быць выхадным днём?

Не.
Так, абавязкова, бо гэта святочны дзень.
Так: лішні выхадны ніколі не лішні.
Мне без розніцы.
СПАСЫЛКI