Спорт

Што свеціць нашаму хакею у Ванкуверы?

2009-11-23

Каментароў: (0) A / A Змяніць шрыфт
Становішча, у якім апынулася нацыянальная зборная Беларусі па хакеі, можна назваць крытычным. Да старту Алімпіяды ў Ванкуверы засталося менш чым тры месяцы, а зборная не мае не толькі трэнерскага штаба, але і галоўнага трэнера.

Кандыдатуру Міхаіла Захарава будзе разглядаць выканкам Федэрацыі хакея Рэспублікі Беларусь 25 лістапада

Прызначаны на гэтую пасаду загадам Міністэрства спорту і турызму Міхаіл Захараў дэ-юрэ галоўным трэнерам пакуль не з’яўляецца: кандыдатуру настаўніка мінскага «Юнацтва» яшчэ павінен зацвердзіць выканкам Федэрацыі хакея Рэспублікі Беларусь, пасяджэнне якога адбудзецца толькі 25 лістапада.

МІНУС ХЭНЛАН

Коратка нагадаем сутнасць праблемы. 20 кастрычніка пасля паразы нашай каманды ў гульні з хабараўскім «Амурам» у матчы рэгулярнага чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі галоўнага трэнера мінскага «Дынама» Глена Хэнлана, які, як вядома, быў і галоўным трэнерам зборнай Беларусі, кіраўніцтва сталічнага клуба адправіла ў адстаўку. Асноўная прычына — адсутнасць у каманды характару, пра што заявіў пасля гульні старшыня ФХРБ Уладзімір Навумаў. Праўда, у галоўнай камандзе краіны паўночнаамерыканскі спецыяліст спачатку застаўся. Аднак ужо 2 лістапада Хэнлан прыняў рашэнне пакінуць і зборную.

Матыў свайго ўчынку канадзец патлумачыў на прэс-канферэнцыi, якая адбылася на наступны дзень: «Як толькі мяне звольнілі з «Дынама», я адразу хацеў сысці і са зборнай, але потым перадумаў. У нас былі вялікія мэты, а я марыў паехаць са зборнай Беларусі на Алімпіяду-2010. Таму і вырашыў, што трэба i далей працаваць з нацыянальнай камандай. А няпростае рашэнне аб тым, каб расстацца са зборнай Беларусі, прыняў увечары 31 кастрычніка. Магчыма, гэты ўчынак не зусім правільны ў адносінах да гульцоў. А з іншага боку, напэўна, не зусім справядлівы і ў адносінах да федэрацыі, і тым больш да краіны — мець трэнера, які не аддаецца сваёй працы ўсім сэрцам…».

Навумаў спачатку, як гаворыцца, і вокам не маргнуў. Ён сказаў, што мае на ўвазе каля дзесяці спецыялістаў, якія ледзь ці не па першым запрашэнні прыедуць у Беларусь — Алімпіяда як-ніяк! І сапраўды, кіраўнік ФХРБ прадаставіў Мінспорту і Нацыянальнаму алімпійскаму камітэту спіс, якi складаўся з добрага дзясятку прозвішчаў — у ім фігуравалі такія вядомыя ў хакейным свеце людзі, як расейцы Юрзінаў-старэйшы, Міхайлаў, Крыкуноў, чэхі Ржыга, Гадамчык, Вуйцек, славак Госа.

Захарава сярод іх не было. Аднак агульнавядома, што рулявы «Юнацтва» — не лыкам шыты, таму ён уласнаручна напісаў заяву, каб разгледзелі і яго кандыдатуру. І на сумесным пасяджэнні Мінспорту і пастаяннай камісіі НАК па рабоце з федэрацыямі па відах спорту, старшынёй якой з’яўляецца Юрый Бародзіч (дарэчы, менавіта ён узначальваў ФХРБ да прыходу туды Навумава), было прынята рашэнне рэкамендаваць на пасаду галоўнага трэнера нацыянальнай алімпійскай зборнай менавіта Міхаіла Захарава.

МІНУС КРЫКУНОЎ І АНДРЫЕЎСКІ

Мiж iншым, Захараў, які за пару месяцаў да вышэйзгаданых падзей узначаліў нацыянальную каманду Украіны, ужо аднойчы кіраваў зборнай Беларусі і з трэскам праваліў алімпійскую кваліфікацыю да Гульняў-2006 у Турыне, што праходзіла ў Рызе ў лютым 2005-га. Тады ў вырашальным матчы з гаспадарамі, у якой нашу зборную задавальняла нічыя, беларусы прайгралі (4:5) і са свістам праляцелі міма Алімпіяды. Прычым за чатыры хвіліны да фінальнай сірэны госці былі наперадзе — 4:2, аднак за 140 секунд яны «здолелі» прапусціць аж тры (!) шайбы... На Захарава ж у тыя імгненні нібы слупняк напаў: ён нават не знайшоў часу для таго, каб узяць тайм-аўт. Зразумела, што пасля такога фіяска не магло быць і гаворкі аб яго далейшым кіраванні галоўнай камандай Беларусі.

Даведка ТіЦ.  Міхаіл Захараў нарадзіўся 22.01.1962 ва Усць-Каменагорску (Казахстан). Майстар спорту СССР міжнароднага класа. Выступаў за каманды «Дынама» (Мінск) (1979—1990), «Подхале» (Новы Тарг, Польшча) (1990—1991). З 1991 па 1996 год гуляў у фарм-клубах каманд Нацыянальнай хакейнай лігі. Бронзавы прызёр чэмпіянату Еўропы сярод юніёраў (1980), бронзавы прызёр чэмпіянату свету сярод моладзевых зборных (1981), чэмпіён Польшчы (1991), лепшы хакеіст Беларусі-1990.
З 2003 года і па цяперашні час з’яўляецца галоўным трэнерам мінскага «Юнацтва». Пад яго кіраўніцтвам каманда чатыры разы заваёўвала тытул чэмпіёна Беларусі, у студзені 2007-га «Юнацтва» ўпершыню ў гісторыі беларускага хакея стала ўладальнікам Кантынентальнага кубка.

Усе гэтыя 4,5 года Міхаіл Захараў, які сабаку з’еў у закулісных гульнях, цярпліва чакаў, час ад часу адпускаючы з’едлівыя заўвагі як у бок Уладзіміра Навумава, так і ў адносінах да галоўных трэнераў зборнай — паўночнаамерыканцаў Глена Хэнлана і Курта Фрэйзера. І дачакаўся-такі! Захараў хуценька зарыентаваўся ў сітуацыі і знайшоў адказ на пытанне аб тым, як заняць месца, якое яму быццам наўмысна вызваліў кіраўнік федэрацыі.

Малаверагодна, што 25 лістапада выканкам ФХРБ пакажа свой нораў і не зацвердзіць Захарава на пасадзе галоўнага трэнера — сабе даражэй, калі ўлічваць, якую ўвагу ўдзяляе хакею Аляксандр Лукашэнка. А вось хто будзе асістэнтамі Захарава — пытанне яшчэ тое! На прэс-канферэнцыі, што адбылася 19 лістапада ў НАКу, Захараў агучыў, што ў Ванкувер у якасці яго памочнікаў паедуць галоўныя трэнеры ніжнякамскага «Нафтахіміка» і мінскага «Дынама» Уладзімір Крыкуноў і Аляксандр Андрыеўскі. Аднак у пятніцу, 20-га, абодва ветліва адмовіліся, спаслаўшыся на вялікі аб’ём работы ў сваіх клубах.

ЦУГЦВАНГ

У гэтыя без перабольшання крызісныя дні беларуская зборная знаходзіцца не толькi ў жудасным цэйтноце, але i ў стане гэткага хакейнага цугцвангу (для тых, хто не ведае: цугцванг — становішча ў шахматах, калі любы наступны ход вядзе да пагаршэння становішча на дошцы). Таму выйсце адно: калі лёс падараваў Міхаілу Захараву шанц узяць рэванш за Рыгу, то няхай ён без перашкоджанняў з боку (бакоў) працуе — любы недарэчны рух можа толькі нашкодзіць выступленню зборнай у Ванкуверы.

 

Сяргей СТРЫЖАНЬ

Каментароў: (0) Раздрукаваць Уверх
НОВЫ КАМЕНТАР
Малюнак CAPTCHA

ЯШЧЭ АРТЫКУЛЫ ГЭТАЙ РУБРЫКІ

КАМЕНТАРЫ

НАЙБОЛЬШ ЧЫТАНАЕ

Погляд

свежы нумар

Adobe PDF Reader

Для чытання газеты ў фармаце
pdf Вам спатрэбіцца “PDF reader”

АРХIў САЙТА

АПЫТАННЕ

Колькі, на ваш погляд, павінна быць дзяцей у сям'і?

Усяго прагаласавалі: 14

0%: Аднаго дастаткова..
 
35%: Два.
 
57%: Больш за два.
 
7%: Дзеці ўвогуле не абавязковы для сям'і.
 
СПАСЫЛКI