Эканомiка

Ці з'явяцца зноў у нашай краіне валютчыкі?

2009-11-25

Каментароў: (0) A / A Змяніць шрыфт
Нацбанк Беларусі раіць камерцыйным банкам у сваім пісьме узмацніць кантроль за аперацыямі індывідуальных прадпрымальнікаў падчас здымання імі наяўных грошай з рахунку і набыцця наяўнай валюты.
АФІЦЫЙНА

Нацбанк Беларусі раіць камерцыйным банкам у сваім пісьме узмацніць кантроль за аперацыямі індывідуальных прадпрымальнікаў падчас здымання імі наяўных грошай з рахунку і набыцця наяўнай валюты:
«Просім звярнуць асаблівую ўвагу на сістэматычныя фінансавыя аперацыі індывідуальных прадпрымальнікаў па здыманні выручкі ў наяўнай форме, яе пералічэнні на карт-рахункі ці выкарыстанні для набыцця наяўнай замежнай валюты, калі сумы фінансавых аперацый не адпавядаюць характару дзейнасці кліента».
НББ патрабуе ад банкаў «пры ўзнікненні падазрэнняў на тое, што фінансавая аперацыя здзяйсняецца ў мэтах легалізацыі прыбыткаў, атрыманых незаконным шляхам, альбо фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці, інфармаваць пра гэтыя аперацыі орган фінансавага маніторынгу» («Інтэрфакс»).

Віктар Гарбачоў, лідар зарэгістраванага ў Кіеве руху “За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва”:
"МАГЧЫМА, У НАС БУДЗЕ НЕКАЛЬКІ КУРСАЎ ВАЛЮТ"

— Прапанова Нацбанка вяртае нас да тых часоў, калі існавалі валютчыкі. Неўзабаве яны зноў могуць з’явіцца на рынках. Такім чынам, з’явіцца другі, а то і трэці курс валют. А прадпрымальнікі, калі іх дзейнасць паставяць пад жорсткі кантроль, будуць гатовы купляць долар па больш высокім курсе.

Павел Данэйка, эканаміст:
"НІЧОГА ЖАХЛІВАГА Ў ГЭТЫМ ПІСЬМЕ НЯМА"

— Такім чынам улада намагаецца скараціць унутраны абарот наяўнай валюты. Паколькі мы дэвальвацыю не робім, то Нацбанк прымае меры, якія скароцяць абарот валюты ўнутры краіны. Таму і забараняюць валютнае крэдытаванне ўнутры краіны і збіваюць попыт на валюту. Я нічога жахлівага тут не бачу. Эканоміка — гэта заўсёды альтэрнатыва: альбо дэвальвацыя, альбо вось такія непрыемнасці. Пры дэвальвацыі былі б іншыя непрыемнасці. Мне цяжка зразумець, наколькі гэтая рэкамендацыя балючая для іпэшнікаў. Але, мяркуючы па тэксце піьсма, нічога страшнага ў ёй няма. Задача — скараціць імпарт і ўнутраны абарот валюты. Спрагназаваць наступствы пакуль цяжка.

Валерыя Абакунчык, менеджар:
"ЧЫМ ХУТЧЭЙ ЛЯСНЕЦЦА ГЭТЫ МАРАЗМ, ТЫМ ЛЕПШ"

— А што за паніка? Валютчыкі з’явяцца? Цудоўна! Вельмі зручна будзе мяняць валюту. А калі без жартаў, то гэтая рэкамендацыя — адзін з элементаў агульнабеларускага маразму. Пакуль нашы прадпрымальнікі гандлююць за СКВ і ездзяць “бусікамі” на “Чаркізоны”, яны падтрымліваюць гэтую маразматычную машыну. Яны даўно арганічна ўпісаліся ў гэтае балота. А вось калі яны захочуць нармальнага жыцця, тады мо нешта і зменіцца. Але для гэтага трэба, каб уся эканамічная сістэма ляснула. Разам з карабейнікамі.

Яраслаў Раманчук, эканаміст:
"ЖЫЦЦЁ Ў КРЭДЫТ ЗАКОНЧЫЦЦА ВЕЛЬМІ КЕПСКА"

— Урад баіцца, што здарыцца абвал курса. У 2009 годзе мы атрымаем валюты амаль на сорак адсоткаў менш, чым у мінулым годзе. А калі ўлічыць, што ў лістападзе-снежні Нацыянальны банк плануе павялічыць колькасць беларускіх грошай у папяровых рублях, то гэтая засцярога тычыцца камерцыйных банкаў, каб яны трымалі валютны курс адміністрацыйнымі метадамі. Для простага чалавека гэта значыць, што набыць валюту ў 2010 годзе будзе больш складана. Вось прадпрымальнікі і мяркуюць, што ў сітуацыі, калі для іх не будзе доступу да валюты, безумоўна, узнікне постаць валютчыка, якая азнамянуе сабой часы новай дэвальвацыі і, мажліва, безліч курсаў. Гэта ўсё рэальна і залежыць ад таго, колькі мы атрымаем знешніх пазык. Можа, Еўрасаюз падкіне нам 300 мільёнаў долараў, можа, яшчэ дадуць грошай нейкія крэдыторы. Аднак такое жыццё ў крэдыт скончыцца вельмі кепска. Мы ідзём па слядах Украіны, якая праела больш за 17 мільярдаў долараў. І сёння мы бачым, што сітуацыя там не палепшылася. Ёсць небяспека, што індывідуальныя прадпрымальнікі першымі адчуюць жах падобнай сітуацыі.

Вера, індывідуальны прадпрымальнік:
"ІПЭШНІКАЎ ГЭТАЕ ПІСЬМО НЕ ХВАЛЮЕ"

— У Беларусі рынак валюты быў шэрым, а пасля 2006 года стаў чорным. Грошы, якія праходзяць праз касу, ідуць на аплату падаткаў, арэнды, а таксама на зарплату самому іпэшніку. І ўсё. Асноўная маса працуе па-за касай. Афіцыйна з індывідуальных прадпрымальнікаў ужо ніхто не працуе. І Нацбанк можа рабіць што хоча. Таму асноўную масу іпэшнікаў гэтая навіна не хвалюе. Я ведаю прадпрымальнікаў, якія па тры-чатыры гады не забіралі са свайго рахунку заробак. Калі ты хочаш перавесці сродкі ў наяўныя грошы, ты робіш гэта праз “памыйніцу” — фірму-аднадзёнку, якая займаецца такімі аперацыямі. Яна бярэ працэнтаў 10 ад сумы, а пасля закрываецца, і канцоў не знойдзеш. Таму для нас гэта не вельмі цікава.

Станіслаў Багданкевіч, эканаміст:
"ГАЛОЎНЫ МІНУС — САМ ЗАМАХ НА СВАБОДУ ДЗЕЙНАСЦІ ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ"

— Я думаю, што гэта перабольшанне. Кантроль жа ўзнік не сёння, і не ў сувязі з гэтай рэкамендацыяй. Проста Нацбанк нагадаў, што ёсць указ прэзідэнта па пытанні кантролю і банкі павінны інфармаваць органы пра вялікія сумы пераводу грошай. Тут нічога новага. Гэта было ўжо даўно і не прыводзіла да нечага асаблівага. Канечне, гэта замах на свабоду дзейнасці бізнесу, асабліва малога і сярэдняга, які і так у нас у загоне. І ў гэтым вялікі мінус усіх падобных лістоў і рэкамендацый. Прадпрымальнік павінен выкарыстоўваць свае грошы у межах закона і ў рублях, і ў доларах, і ў юанях. Чаго ўмешвацца? Малы і сярэдні бізнес — гэта лакаматыў эканомікі.
Каментароў: (0) Раздрукаваць Уверх
НОВЫ КАМЕНТАР
Малюнак CAPTCHA

ЯШЧЭ АРТЫКУЛЫ ГЭТАЙ РУБРЫКІ

КАМЕНТАРЫ

НАЙБОЛЬШ ЧЫТАНАЕ

Погляд

свежы нумар

Adobe PDF Reader

Для чытання газеты ў фармаце
pdf Вам спатрэбіцца “PDF reader”

АРХIў САЙТА

АПЫТАННЕ

Колькі, на ваш погляд, павінна быць дзяцей у сям'і?

Усяго прагаласавалі: 14

0%: Аднаго дастаткова..
 
35%: Два.
 
57%: Больш за два.
 
7%: Дзеці ўвогуле не абавязковы для сям'і.
 
СПАСЫЛКI