Грамадства
Прыёмная кампанія-2012: асцярожна, дзверы ў вышэйшую адукацыю зачыняюцца!
Люстра дзён • 2011-11-17
Каментароў: (0) A / A Змяніць шрыфтУсіх, хто плануе налета паступаць у беларускія ВНУ, акрамя выпрабаванняў ЦТ чакае яшчэ адна неспадзяванка: правілы паступлення, хутчэй за ўсё, будуць істотна зменены.
Хто прайграе
Адпаведны праект, падрыхтаваны Міністэрствам адукацыі, цяпер знаходзіцца на ўзгадненні ў Адміністрацыі прэзідэнта. “Тут і цяпер” высветліла, каму з абітурыентаў загадзя не пашанцавала са “шчаслівымі білецікамі”.
…вяскоўцам.
Асобны конкурс для гарадскіх і сельскіх абітурыентаў будзе цалкам скасаваны. Цяпер усе мусяць паступаць на аднолькавых умовах, незалежна ад прапіскі.
“Дарэчы, што тычыцца абурэнняў “гараджан” (маўляў, іх выціскаюць з інстытутаў “калгаснікі”), то я яшчэ паспрачалася б наконт таго, каму гэты пункт прынясе больш карысці, — разважае выкладчыца англійскай мовы Інэса Чуб, якая ўжо 7 гадоў працуе рэпетытарам са школьнікамі старшых класаў. — Па маіх назіраннях, часцей менавіта вяскоўцы праяўляюць большую адказнасць і дысцыпліну на занятках”.
…ільготнікам.
Распрацоўшчыкі праекта прапаноўваюць залічваць без уступных іспытаў толькі пераможцаў і прызёраў рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд , конкурсаў і спаборніцтваў. А вось пасля залічэння для некаторых катэгорый студэнтаў будуць дзейнічаць ільготы — вызваленне ад платы за вучобу, прадастаўленне месца ў інтэрнаце або атрыманне льготнага крэдыту.
…завочнікам.
Прымаць на завочныя аддзяленні зноў будуць толькі тых, хто працуе (праўда, не вельмі зразумела, ці абавязкова ўладкоўвацца па будучай спецыяльнасці, альбо падыдзе любы запіс у працоўнай кніжцы).
Цяпер, паводле статыстыкі, палова ўсіх першакурснікаў — завочнікі, а пасля ўвядзення новых правіл, як разлічваюць чыноўнікі Мінадукацыі, колькасць студэнтаў завочных аддзяленняў зменшыцца ў некалькі разоў — у перспектыве да 30—40 тысяч чалавек. Не ў апошнюю чаргу гэтаму пасадзейнічае і армія: з нядаўняга часу завочнікі адтэрміноўкі на час вучобы не маюць.
…педагогам.
У тых, хто паступае на педагагічныя спецыяльнасці на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, будуць патрабаваць рэкамендацыі педсаветаў устаноў адукацыі. З аднаго боку, такая мера павінна абараніць дзіцячыя сады, школы, вучылішчы і тыя ж ВНУ ад пэўнай колькасці выпадковых людзей у прафесіі. З іншага ж, і без таго небагатая колькасць маладых высокаадукаваных настаўнікаў рызыкуе стаць яшчэ меншай: камусьці не дадуць характарыстыку, зводзячы рахункі, хтосьці і сам не пажадае яе выпрошваць…
Хто выйграе
Зрэшты, ёсць і тыя, каму новыя правілы дадуць пэўныя прэферэнцыі.
Расіяне, а таксама грамадзяне Казахстана, Кыргызстана, Таджыкістана, і беларусы, якія пастаянна пражываюць за мяжой.
Ім даецца магчымасць не здаваць іспыты, а паступаць па выніках субяседавання.
“Мэтавікі”.
Пералік спецыяльнасцей, па якіх вядзецца мэтавая падрыхтоўка, мяркуецца дапоўніць спецыяльнасцямі землеўладкавання і зямельнага кадастра. Таксама з 30 да 60% ад кантрольных лічбаў павялічыцца мэтавы прыём на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці.
“ПТВшнікі”.
Працэдуру прыёму ў ССНУ на аснове агульнай базавай адукацыі мяркуецца спрасціць: залічваць жадаючых па конкурсе сярэдняга бала школьнага атэстата.
Іншагароднія.
Падаць дакументы ў ВНУ зможа не толькі сам абітурыент, але і яго давераныя асобы (што мусіць быць заверана натарыусам).
Акрамя таго, у задачах уступнай кампаніі зменяцца некаторыя важныя лічбы. Напрыклад, пры паступленні на прыродазнаўча-навуковыя і тэхнічныя спецыяльнасці колькасць набраных балаў па профільных прадметах будзе памнажацца на каэфіцыент 2. Са слоў старшыні Дзяржкамісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў у ВНУ і ССНУ ў 2011 годзе Анатоля Рубінава, атрымліваецца, што “па суме балаў школьнага атэстата і трох іспытаў ЦТ цяпер можна набраць 600 балаў, а не 400, як было раней”. З’явіцца і мінімальны бал ЦТ, без якога ў абітурыента ў ВНУ нават не прымуць дакументы.
А інакш пачкамі ў Акадэмію міліцыі
Здаецца, прапанаваныя новаўвядзенні — гэта перамога здаровага сэнсу і здаровай канкурэнцыі над мешанінай з ільгот, блату і няўцямнай сістэмы ацэньвання ведаў. Але падчас рэалізацыі такіх праектаў часта з’яўляюцца розныя падводныя камяні, не заўважаныя распрацоўшчыкамі. Ды і многія практыкі сістэмы адукацыі, у адрозненне ад кабінетных тэарэтыкаў, ад новых правіл не ў захапленні.
— Асаблівай здаровасці ў гэтых прапановах я, шчыра кажучы, не бачу, — адзначае былы прарэктар БДУ Анатоль Паўлаў. — Хіба толькі за адмену ўсякіх ільгот я “за” абедзвюма рукамі. Мусіць быць толькі адна льгота — узровень ведаў. Што тычыцца дзяцей-сірот і тых, хто застаўся без апекі бацькоў, то для іх дзяржава абавязана стварыць не льготы, а ўсе ўмовы для атрымання годнага ўзроўню ведаў, каб такія дзеці маглі канкурыраваць з усімі астатнімі. А далей — прабач, дарагі, сам вучыся і прабівайся.
Што ж да змен у падліку балаў, то я ніяк не зразумею сістэму тэстаў, не з’яўляюся прыхільнікам ні нашага ЦТ, ні АДЭ ў Расіі, паколькі ні да чаго добрага гэта не прывядзе. Не сакрэт жа, што многія, так бы мовіць, тыцкаюць пальцам у неба, ставяць “птушкі” наўгад і набіраюць пры тым неблагія балы. Узровень складанасці тэстаў, як і ўзровень школьных ведаў, зніжаюцца з кожным годам. На некаторыя прыродазнаўчыя факультэты апошнім часам конкурс складае 1,1—1,2 чалавекі на месца. Дык бярыце вы ўсіх жадаючых, а потым выкарыстоўвайце французскую сістэму — кадзіраваны пісьмовы экзамен на кожнай сесіі, і тады адзнакі будуць залежаць не ад таго, ці ўгадаў студэнт, дзе паставіць “птушку” ў заданнях, і не ад гучнасці яго прозвішча, а выключна ад таленту, здольнасцей і жадання самога чалавека вучыцца. Існуючыя ж правілы набору ў ВНУ не вырашаюць задачу адабраць найлепшых з лепшых, толькі штогод праводзяцца нейкія эксперыменты на дзецях.
Для таго, каб адукацыя — вышэйшая і сярэдняя — была якаснай, патрэбна яе маштабная рэформа, перакананы эксперт. А яшчэ — зусім іншая сістэма фінансавання, якая б вярнула прафесіі педагога прэстыж і сацыяльную прывабнасць. Інакш абітурыенты так і будуць пачкамі ісці ў Акадэмію міліцыі, бо міліцыянеры маюць поўны сацыяльны пакет і гарантыі, а высокаадукаваныя кадры ў розных сферах з’язджаюць працаваць за мяжу…
Вікторыя ПРАКАПОВІЧ
ЯШЧЭ АРТЫКУЛЫ ГЭТАЙ РУБРЫКІ
- Чаму мужчыны сядзяць без працы?
- Апытанне тыдня: Ці будзе за шчасце нараджаць дзяцей у Беларусі?
- Послание президента: "копипаст" и дьяволиада (блог-обзор)
- Ад віцебскай актывісткі-прадпрымальніцы патрабуюць справаздачы па прыбытках за 10 гадоў
- Як разумеецца народны подзвіг
- В.Фралоў: “Лінія Сталіна” – гэта нейкі фетыш”



НОВЫ КАМЕНТАР